Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзевяноста шосты»: Пазьняк пераяжджае на кансьпіратыўную кватэру


Зянон Пазьняк, сярэдзіна 1990-х
Зянон Пазьняк, сярэдзіна 1990-х

У сэрыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста шосты», якая храналягічна завяршае аўтарскі цыкль на тэму найноўшай гісторыі Беларусі.

1996 год умясьціў у сябе масавыя выступы супраць інтэграцыйных дамоў Лукашэнкі і Ельцына, брутальнае пабіцьцё мірных маніфэстантаў, галадоўку за кратамі Сіўчыка і Хадыкі, пераасэнсаваньне Вашынгтонам стаўленьня да Беларусі праз наданьне Зянону Пазьняку і аўтару кнігі палітычнага прытулку; нарэшце, спробу абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку і рэфэрэндум, які зьмяніў Канстытуцыю.

Пра ўсё гэта — у кнізе «Дзевяноста шосты». Прапануем вашай увазе фрагмэнты, якія будуць публікавацца па суботах і серадах.


Вяртацца дамоў было небясьпечна — пад’езд быў блякаваны. Ставіць пад рызыку сяброў, у якіх начаваў, я не меў права. Пачалі шукаць магчымасьць схавацца за горадам, але дзе ты знойдзеш такое лецішча, у якім можна пражыць некалькі тыдняў у халодным сакавіку. Ды і сувязь з Менскам трымаць складана — жонку спэцслужбы маглі элемэнтарна высачыць. Мабільных тэлефонаў, нагадаю, у нас не было, Інтэрнэту — таксама. Хаця, як я цяпер відавочна, зьяўленьне ўсяго гэтага потым толькі значна аблягчыла спэцслужбам атрыманьне максымальна поўнай інфармацыі пра апанэнтаў рэжыму, у тым ліку — і пра месца іх знаходжаньня, з дакладнасьцю ледзь не да мэтру.

Заставаўся варыянт выезду (канешне, часовага) зь Беларусі.

Але — куды? Пераходы ў Польшчу, а таксама ў Латвію і Літву жорстка кантралююцца памежнікамі. Адкрыта мяжа з Расеяй — але я не сумняваўся, што пры першым жа званку зь Менску расейцы выдадуць мяне зь вялікім задавальненьнем, як выдалі дзясяткі дысыдэнтаў з Паўночнай Карэі, Азэрбайджану ды з Узбэкістану.

Заставалася Украіна, мяжа зь якой хаця і кантралюецца, але ня так не моцна. Для зьмяншэньня рызыкі можна паехаць у Кіеў праз Расею — наўрад ці менскія спэцслужбы дадумаліся даслаць на расейска-украінскія памежныя пункты дэпэшы з загадам затрымаць і вярнуць, хаця ўсё было магчыма. Прынамсі, нічога іншага не заставалася, як прарывацца па гэтым маршруце. Істотна было і тое, што паміж кіраўніцтвам БНФ і лідэрамі «Руха» былі трывалыя сяброўскія сувязі, і я мог спадзявацца на дапамогу.

Выкарыстоўваю параду Чарнавола


У чэрвені 1995 года мы з Пазьняком былі на міжнароднай канфэрэнцыі ў Кракаве, і там у нас адбылася гутарка зь лідэрам Народнага Руху Ўкраіны Вячаславам Чарнаволам.

Чарнавол быў сымбалем супрацьстаяньня савецкаму рэжыму яшчэ з 60-х гадоў. У рассакрэчаных украінцамі архівах КДБ існуе «специальное сообщение» дзяржбясьпекі пра тое, што 4 верасьня 1965 году ў кіеўскім кінатэатры «Україна» «...перед началом сеанса состоялась встреча зрителей с творческой группой „Тіні забутих предків“. После выступления режиссёра-постановщика ПАРАДЖАНОВА (у дакумэнтах КДБ прозьвішчы звычайна друкаваліся прапіснымі літарамі — С.Н. ) сцену поднялся литературный критик ДЮБА Иван Михайлович, который обратился к зрителям с речью...». Дзюба заявіў пра масавыя арышту ўкраінскай інтэлігенцыі, а «Черновол обратился к публике с паризывом подняться с мест в знак протеста против „политических репрессий“. Некоторая часть публики последовала этому призыву».

Рапарт КДБ, 1965 год
Рапарт КДБ, 1965 год

За гэты выступ Чарнавол быў звольнены з газэты, дзе працаваў, а ў далейшым некалькі разоў быў асуджаны, зьяўляюся членам Украінскай Гэльсынскай групы. Ён — адзін з заснавальнікаў Народнага Руху Ўкраіны, быў абраны Гетманам украінскага казацтва, народным дэпутатам Украіны, на першых прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні 1991 заняў другое месца, набраўшы амаль сем з паловай мільёнаў галасоў (больш як 23%), саступіўшы Леаніду Краўчуку.

Вячаслаў Чарнавол, пачатак 1990-х
Вячаслаў Чарнавол, пачатак 1990-х

Цяжка было ўявіць, што гэты энэргічны, імклівы, вясёлы чалавек — адзін з найбольш глыбокіх мысьляроў і публіцыстаў сучаснай Украіны. Было ўражаньне, што яму цяжка сядзець на месцы (канфэрэнцыя дзе-нідзе была нуднаватай, як і кожнае такога кшталту мерапрыемства), часам ён пускаў жартаўлівыя рэплікі.

Але калі трэба было ехаць з гатэлю ў цэнтар Кракаву (здаецца, на нейкі фуршэт), ён прапанаваў нам з Пазьняком прайсьціся пехатою, каб пагутарыць утрох.

Мы ішлі па нейкім доўгім мосьце, пра нешта размаўлялі. У нейкі момант Чарнавол спыніў тэму і сказаў, што сытуацыя ў Беларусі можа быць вельмі небясьпечнай для жыцьця лідэраў БНФ (не свабоды — менавіта жыцьця), і сказаў, што ў выпадку, калі мы палічым гэта неабходным — нам заўсёды дадуць прытулак у Кіеве. І што там, ва Ўкраіне, створаць умовы для сталай палітычнай працы.

Але перш чым прыняць канчатковае рашэньне, я папрасіў жонку — нікога з Фронту побач не было — паехаць да Пазьняка і абмеркаваць зь ім сытуацыю.

Пазьняк: «Паўтараць памылкі Цьвікевіча, Тарашкевіча, Ластоўскага ды іншых адраджэнцаў я не зьбіраўся»


Вось як Галя прыгадвае той дзень 26 сакавіка.

«Я выйшла з дому, дзе ў сяброў хаваўся Сяргей, з аўтамату пазваніла Пазьняку ў Грушаўку, дзя яны з Галяй жылі, і папрасіла сутрэцца, бо ёсьць размова. Пазьняк зьбіраўся на канфэрэнцыю па Чрнобылю. Узяла таксі, і калі пад’яжджала да Грушаўкі, убачыла, што паўсюль — людзі ў вайсковай форме са зброяй, з сабакамі. Таксіст зьдзівіўся, сказаў, што, пэўна, шукаюць некага, хто зьбег з турмы. Я сказала, што, напэўна, шукаюць таго, да каго мы едзем, але гэта чалавек не злачынца. Я папрасіла таксіста спыніцца за рогам дома, не хацела, каб ён ведаў, дзе жыве Пазьняк. А самаго Пазьняка ўжо ўбачыла ў пад’езьдзе, калі ён спускаўся па лесьвіцы. Расказала, што адбываецца вакол. Я прапанавала адпусьціць Юзіка, ягонага шофэра, машыну якога міліцыя ведала, і з’ехаць на таксі. Калі селі ў аўтамабіль, таксіст пазнаў Пазьняка, сказаў, што ён добра ведае гэты раён, і пастараецца выбрацца. Ён выяжджаў нейкімі дварамі, але сапраўды выбраўся».

Галіна Навумчык за друкаваньнем перадвыбарчых улётак Зянона Пазьняка, канец 1995. Фота Сяргея Навумчыка
Галіна Навумчык за друкаваньнем перадвыбарчых улётак Зянона Пазьняка, канец 1995. Фота Сяргея Навумчыка

А вось як успамінае той дзень Зянон Пазьняк:

«Раніцай 26 сакавіка я ўжо выклікаў па тэлефоне машыну і чакаў, каб ехаць на канфэрэнцыю па Чарнобылю, як неўзабаве пазваніла журналістка Галіна Прыгара (жонка Сяргея Навумчыка) і папрасіла яе пачакаць. Прыехаўшы, яна паведаміла, што на канфэрэнцыі мяне чакае міліцыя, каб арыштаваць, а ўвесь наш квартал таксама акружаны міліцыяй і ўзброеным АМАПам. Спыняюць усе машыны, акрамя, як ёй падалося, таксі і правяраюць дакумэнты. Яна сказала, што іхны дом таксама блякаваны машынамі КГБ і што хочуць схапіць Сяргея (Лукашэнка меў да яго асаблівую непрыхільнасьць.)

Усё гэта выглядала праўдападобна, бо вельмі нагадвала кагэбоўскі «новы стыль». Ніякіх пракурорскіх працэдураў, ніякіх позваў, як было раней. Схапіць — і ўсё. Я ведаў (быў папярэджаны) пра тры вэрсіі «нэўтралізацыі» маёй асобы: «аўтамабільнай аварыі, забойства ў натоўпе з абвінавачваньнем унутранай апазыцыі ў Фронце супраць мяне (якую акурат пачалі ляпіць) і, нарэшце, — варыянт „турэмнага ўзьдзеяньня“. Незразумелы быў зьмест гэтай вэрсіі, але ў выніку яе ажыцьцяўленьня я, па задуме, павінен быў „нэўтралізавацца“ сам, і ўжо на свабодзе. (Цяпер, калі „нэўтралізаваўся“ Генадзь Карпенка, зразумела, што арсэналам яны валодаюць, як некалі — не малым).

Выглядала на тое, што пачалі спрабаваць трэці варыянт. Сусьветны рэзананс ад нашай маніфэстацыі супраць саюзу з Расеяй быў велізарны. У Маскве не чакалі такога павароту падзеяў. Стала зразумела, што ціха праглынуць Беларусь, ды яшчэ выставіць нашу няволю як добраахвотнае жаданьне беларусаў, — ужо ня ўдасца. Лукашэнка і маскоўскія палітыкі не змаглі схаваць сваёй зьбянтэжанасьці і злосьці.

Стоячы ў пад’езьдзе, я задумаўся, што рабіць. Навумчыкава якраз кажа, што Сяргей вырашыў ад’ехаць на Ўкраіну і што, на яе пагляд, мне таксама лепш было б адлучыцца зь Беларусі, што ёсьць магчымасьць дапамагчы мне выехаць у Кіеў, дзе мне заўсёды паспрыяе мой сябра, кіраўнік Народнага Руху Ўкраіны Вячаслаў Чарнавіл.

Я добра разумеў сытуацыю ў Беларусі і тое, куды яна паварочваецца, і тое, што рыхтавалася для мяне. Трэба было прымаць рашэньне, да якога я быў не гатовы. Але, як кажуць, на вайне, як на вайне. Паўтараць памылкі Цьвікевіча, Тарашкевіча, Ластоўскага ды іншых адраджэнцаў я не зьбіраўся. І добра перадумаў гэта яшчэ ў курапацкай расстрэльнай яме, стоячы над трупамі.

Акурат прыехала выкліканая мной машына. Я сказаў калегу-фронтаўцу, што паеду іншай машынай і каб ён ад’ехаў праз паўгадзіны пасьля майго ад’езду. Я падняўся ў дом, узяў замежны пашпарт і дакумэнты.

Мы выехалі з Галінай Навумчыкавай задворкамі на таксі.

Праз шкло я бачыў на ўездах у квартал амапаўцаў з аўтаматамі і рэгуліроўшчыкаў (хаця што тут рэгуляваць)».

«Жанчына, вы ненармальная ці правакатарша?»

Ізноў успамін Галі:

«Потым мы даведаліся, што машыну Юзіка спыніў патруль і літаральна ўсю ператрэс. А мы на таксі прыехалі ў офіс нашага агенцтва „Павет“ на Юбілейнай плошчы, гэта была аднапакаёвая кватэра. Я расказала Пазьняку пра Сяргея, ён адразу падтрымаў ідэю ягонага выезду, і сказаў, што паедзе на кватэру да сябра, бо дадому вяртацца небясьпечна. Даў мне нумар тэлефону свайго даўнішняга сябра, які ніяк ня быў засьвечаны ў Фронце, увогуле ў нейкай палітычнай актыўнасьці, і патлумачыў, што я павінна рабіць.

А павінна я была патэлефанаваць гэтаму сябру з аўтамату, і сказаць, што званю ад чалавека (гэта быў адзін з малавядомых псэўданімаў Пазьняка, скажам, Мацей Бурачок), што прыехала цётка ў Менск, яна стаіць пад дзьвярыма, і што для яе трэба даць ключы ад кватэры. Маўляў, гэта вельмі даўняя дамоўленасьць, ён зразумее, што да чаго.

Я пайшла званіць. Чалавек быў на месцы. Але мае словы не зразумеў. Я паўтарыла. Ён ізноў: „Які такі Бурачок? Якая цётка? Што вы мне дурыце мазгі?!“. Я яшчэ раз, у іншай форме сказала. „Жанчына, што вы выдумваеце? Вы ненармальная ці правакатарша?“. Адчуваючы, што мужчына можа пакласьці трубку, я ўжо сказала прамым тэкстам: „Я вам званю ад Пазьняка!“ — „Усё! Зразумеў! Прыяжджайце!“. Я паехала да яго на працу па адрасе, які ён назваў.

Узяла ключы, прыехала ў офіс, і мы з Пазьняком паехалі на кватэру гэтага сябра, у „хрушчоўку“ у адным з цэнтральных мікрараёнаў Менску. Там Пазьняк і быў да ад’езду ва Ўкраіну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG