Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусы выходзяць з унутранай моўнай эміграцыі», — загадчык катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту


Радослаў Калета
Радослаў Калета

Сёлета катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту адзначае 65-гадовы юбілей. З нагоды гэтай даты загадчык катэдры, беларусіст і навуковец Радослаў Калета ў інтэрвію Свабодзе расказаў, як і навошта беларускую мову дасьледуюць і палякі, і беларусы.

«Палітычная сытуацыя матывуе зацікаўленасьць беларускай мовай»

— Ці стаў гэты юбілей адметным? Можа, вы заўважылі, што цягам апошняга году зьмянілася стаўленьне да беларускай мовы?

— Бачым, што цяпер у нас навучаецца больш студэнтаў зь Беларусі. На працягу апошніх гадоў тэндэнцыі былі розныя. Спачатку гэта былі прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасьці, якія пражываюць на тэрыторыі Падляскага ваяводзтва, потым палякі. А цяпер ужо таксама беларусы-мігранты, якія прыехалі ў Польшчу ці былі вымушаныя выехаць з сваёй краіны праз палітычныя ўмовы.

Думаю, што зацікаўленьне мовай было заўсёды, можа, ня масавае, але яно было. Безумоўна, палітычная сытуацыя яго зматывавала, мы гэта назіраем. Але яшчэ больш у нас было б студэнтаў, калі б у Беларусі падтрымлівалася беларуская мова як мова дзяржаўная. То тэндэнцыі былі б яшчэ больш пэрспэктыўныя.

— Шмат было выказваньняў, што беларуская мова можа зьнікнуць. Ці, на вашую думку, цяпер у нейкім сэнсе пачалося яе адраджэньне?

Па-першае, я думаю, што беларуская мова не памрэ. Ёсьць літаратура. Мова жыве ў інтэрнэце. Яна вельмі добра выкарыстоўваецца ў Беларусі ў Каталіцкай царкве, якая амаль выключна карыстаецца беларускай мовай.

— Але ў выпадку камунікацыі паміж людзьмі сытуацыя выглядае па-іншаму...

— Гэта, безумоўна, вялікая праблема. Мы ўсе ведаем, што большасьць беларусаў у штодзённым жыцьці выкарыстоўвае расейскую мову. Гэта зьдзіўляе вельмі моцна палякаў і іншых. Яны былі ў шоку, калі вывучалі беларускую мову тут, а потым ехалі ў Беларусь і не маглі на ёй нармальна кантактаваць, бо ўсе адказы атрымлівалі па-расейску. Я сам памятаю некалькі такіх сытуацый, пра якія можна было б і кнігу напісаць.

Аднойчы я быў Менску разам з навукоўцам зь Японіі, які вельмі добра валодае беларускай мовай. І калі ён хацеў паразмаўляць па-беларуску з кіроўцам маршруткі, то той прынцыпова адмаўляўся і адказваў на ўсе пытаньні выключна па-расейску. Можна з гэтага сьмяяцца, а можна плакаць, што нешта такое наагул мае месца.

Сьвяточны торт на юбілей катэдры
Сьвяточны торт на юбілей катэдры

— Як вы думаеце, чаму такія сытуацыі маглі адбывацца? Якая галоўная прычына таго, што беларусы не хацелі гаварыць на роднай мове?

— Гэта вельмі вялікае пытаньне. Мяне асабіста цікавіць псыхалягічны фактар, нейкі «моўны сорам». Я гэта называю паняцьцем «моўная ўнутраная эміграцыя». Ёсьць такі бар’ер, калі чалавек альбо баіцца гаварыць па-беларуску таму, што думае, што зробіць памылкі, альбо ён мае нейкія стэрэатыпы. І гэта мяне цікавіць: чаму напрыклад, чалавек 20 гадоў размаўляў па-расейску, а ў нейкі момант асабіста для сябе прыняў рашэньне, што з гэтага дня я пачынаю гаварыць па-беларуску. Гэта вельмі індывідуальная справа ў кожнага. І яна звычайна зьвязана з асабістым досьведам. Што цікава, пасьля леташніх выбараў многія пачалі вяртацца з гэтай «унутранай моўнай эміграцыі». І што менавіта на гэта паўплывала? Ці толькі палітыка? Ці гэта нейкае захапленьне беларускасьцю?..

«Палякі, якія прыходзяць на першы курс, нават ня ведаюць, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы»

— Ці можна зрабіць выснову, што пасьля падзей апошняга году беларусы адчулі сябе сапраўды часткай вялікай нацыі з сваёй гісторыяй, мовай і традыцыямі?

— Я думаю, што беларусы адкрылі праўду. Я асабіста лічу, што гэта вялікая хлусьня — гаварыць пра тое, што не было ніколі беларускай мовы ці няма цяпер, альбо няма адметнасьці ў беларусаў. І ў гэта паверыла вялікая частка беларусаў, і цяпер яны гэта проста зразумелі, што іх гісторыя і краіна мае свае карані. Я як беларусіст ніколі ня мог пагадзіцца зь меркаваньнямі, што беларуская мова — гэта ня мова, а дыялект, што немагчыма па-беларуску пісаць навуковыя працы ці гаварыць.

— І шмат такіх поглядаў вы сустракалі?

— Шмат. Толькі думаю, што большасьць палякаў так пра беларускую мову ня думаюць. Палякі, якія прыходзяць да нас на першы курс, нават ня ведаюць, што ёсьць 2 дзяржаўныя мовы ў Беларусі і што, вывучыўшы беларускую мову, трэба будзе і так размаўляць там па-расейску. І наш абавязак сказаць ім пра гэта. І для нас як для выкладчыкаў гэта заўсёды пытаньне, калі ім пра гэта паведаміць, як патлумачыць, што ў Польшчы размаўляюць па-польску, у Нямеччыне па-нямецку, у Францыі па-француску, а ў Беларусі то ўжо цяжка сказаць... Для нас гэта складаная сытуацыя, бо мы павінны неяк матываваць студэнтаў.

Цяпер у Польшчы вельмі шмат беларусаў і яны альбо беларускамоўныя, альбо хочуць перайсьці на гэтую мову ў штодзённым жыцьці. І гэта дае магчымасьць нашым польскім студэнтам паразмаўляць па-беларуску не ў Беларусі, а ў Варшаве.

«Мы запрашаем тых, хто можа расказаць пра беларускую культуру, і не правяраем іхных палітычных поглядаў»

— Што для вас асабіста значыць гэты юбілей?

— Для мяне гэта перш за ўсё вялікая гісторыя, моцная падтрымка беларусістыкі і суседняй краіны.

— Як цяпер выглядаюць стасункі з вашымі беларускімі калегамі?

— Нашы кантакты не зьмяніліся, падтрымліваем сувязь з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа, Нацыянальнай акадэміяй навук, з Горадзенскім унівэрсытэтам, Гомельскім. Ёсьць праекты, якія мы разам арганізуем. Сёньня запрашаем нашых беларускіх партнэраў на онлайн-канфэрэнцыі.

Зразумела, немагчыма ўжо арганізаваць абмен студэнтаў праз пандэмію і з палітычных прычын. Але на мінулым тыдні нашыя студэнты паехалі на Падляшша на практыку. Павінны былі паехаць у Беларусь, але пачалося пагаршэньне палітычнай сытуацыі.

— У сувязі з гэтым ці былі нейкія загады на афіцыйным узроўні зь беларускага ці польскага боку аб прыпыненьні супрацоўніцтва?

— Не было. У нас ёсьць дамовы, апошні раз мы падпісалі іх перад выбарамі.

Я хацеў бы падкрэсьліць, што мы запрашаем асобаў, якія маглі б нам расказаць пра беларускую культуру, і не правяраем іхных палітычных поглядаў. Да нас раней прыяжджалі і прадстаўнікі пасольства Беларусі, і Культурнага цэнтру Беларусі, нават некаторых дзяржаўных выдавецтваў.

Калі ёсьць магчымасьць, то запрашаем і дзеячаў культуры, якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы і ня могуць разьвіваць сваю дзейнасьць у Беларусі.

Наша мэта і задача — падтрымліваць разьвіцьцё навукі і культуры і польска-беларускіх стасункаў на гэтым узроўні. Мы не займаемся палітыкай. Я б вельмі не хацеў, каб былі нейкія загады, каго запрашаць, а каго не. Такога ў Польшчы не бывае і, спадзяюся, што ніколі ня будзе.

Варшаўскі ўнівэрсытэт і рэктар нас як катэдру вельмі падтрымлівае. Мы маем своеасаблівую місію, каб паказаць Беларусь, яе скарбы ня так, як яе паказваюць СМІ — ці то польскія, ці беларускія.

«Пакуль мы бачым, што ёсьць дзьве Беларусі»

— Ці катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту падтрымлівае кантакты з установамі вышэйшай адукацыі Заходняй Эўропы?

— Спадзяёмся, што будзе супрацоўніцтва з унівэрсытэтамі ў Літве, Нямеччыне, хаця гэта ня так лёгка арганізаваць. У нас ужо ёсьць падпісаная дамова з унівэрсытэтам у Празе. У рамках праграмы «Эразмус» (праграма дае магчымасьць навучацца, праходзіць стаж або выкладаць у іншай краіне, якая ўдзельнічае ў праграме. — РС) туды пакуль могуць езьдзіць стажавацца толькі нашыя выкладчыкі. Спадзяёмся, што неўзабаве паедуць і студэнты. Я стараюся ў кантактах з заходнімі калегамі быць амбасадарам, паказваць, што варта адкрываць такія напрамкі, як беларусістыка. Гэта складаны працэс, у яго павінны ўключыцца ня толькі навукоўцы і ўнівэрсытэты, але таксама і палітыкі зь Міністэрства адукацыі.

— Як вы думаеце, ці шмат часу ён зойме?

— Цяжка сказаць. Я ведаю што ў Славакіі былі курсы беларускай мовы, ёсьць выкладчыкі зь Беларусі, але трэба набраць мінімум 10 студэнтаў, каб былі заняткі. Няма такога напрамку, як беларусістыка. Гэта ўсе робіцца ў рамках славістыкі, расейскай філялёгіі як нейкі дадатковы прадмет.

Тое, што мы маем ва ўнівэрсытэце незалежную беларусістыку на ўзроўні катэдры — гэта вялікі посьпех і падстава даводзіць, што мы можам працаваць, разьвівацца і далей матываваць іншых. Мы гатовы супрацоўнічаць і дапамагаць рыхтаваць праграмы, езьдзіць чытаць лекцыі, каб толькі падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Я думаю, што шмат залежыць і ад саміх беларусаў, ад таго, што будзе ў Беларусі, якая будзе моўная палітыка, адукацыйная. Ці будзе гэтая прастора для беларускасьці. Мне цікава, якія будуць наступныя крокі і выбар звычайных людзей.

— Значыць, пэрспэктывы на гэты момант невядомыя?

— Пакуль што мы бачым, што ёсьць дзьве Беларусі — Беларусь і новая Беларусь. Маем нейкія новыя фармулёўкі, вялікі падзел краіны. І ў выніку потым аказваецца, што і культура таксама дзеліцца на новую і старую. А гэта вельмі небясьпечна. Зразумела, з чаго гэта вынікае, але палітызаваць усе сфэры жыцьця — гэта няправільна. Гэта ўжо было ў гісторыі, і мы ведаем, чым усё скончылася.

Таму я б не хацеў, каб дзейнасьць нашай катэдры таксама назвалі нейкім тэрмінам — правільная ці няправільная. Я шкадую, напрыклад, што беларуская мова так палітызаваная, што вельмі рэдка ў дыскусіях пра беларускую мову ідзе гаворка менавіта пра мову, а ня сродак нейкіх палітычных поглядаў.

Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту — адзіная па-за межамі Беларусі навуковая беларусазнаўчая адзінка, заснаваная ў 1956 годзе ў Варшаўскім унівэрсытэце. Ініцыятаркай яе стварэньня, арганізатаркай і шматгадовай (да 1971 году) загадчыцай была прафэсар, доктар габілітаваны Антаніна Абрэмбска-Яблоньска — вядомая славістка, аўтарка шматлікіх прац у галіне славянскага мовазнаўства. У 1971–1975 гадах яе справу працягвала вядомая беларусістка і паляністка, прафэсар і доктар габілітаваны Эльжбета Смулкова, дасьледчыца польска-беларуска-літоўскага моўнага памежжа, а таксама першая амбасадарка Польскай Рэспублікі ў Беларусі. У стварэньні і фармаваньні катэдры дапамогу аказаў Белдзяржунівэрсытэт. Ён, між іншым, перадаў катэдры вялікую колькасьць кніг па беларускай філялёгіі, а таксама пры патрэбе дэлегаваў сваіх супрацоўнікаў для аказаньня падтрымкі ў дыдактыцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG