Гэта зьвязана з пратэстамі паблізу штаб-кватэры міжнародных назіральнікаў у Данецку, які кантралююць сэпаратысты, паведаміла ў нядзелю агенцтва Reuters са спасылкай на кіраўніка маніторынгавай місіі Яшара Халіта Чэвіка.
Днём раней каля 200 пратэстоўцаў патрабавалі вызваліць аднаго з камандзіраў сэпаратыстаў, захопленага на мінулым тыдні ўкраінскімі вайскоўцамі. Да гэтага экспэрты АБСЭ ўжо назіралі пратэсты, арганізаваныя прарасейскімі сэпаратыстамі, але гэтым разам удзельнікі акцыі паспрабавалі, мяркуючы па ўсім, заблякаваць уваход у гатэль, дзе месьцяцца назіральнікі, адзначае Reuters.
«Паколькі гаворка ідзе аб пытаньнях, зьвязаных зь бясьпекай, і зыходзячы з нашых правілаў і меркаваньняў бясьпекі мы прыпыняем апэрацыі», — заявіў агенцтву Яшар Халіт Чэвік, дадаўшы, што да гэтага часу назіральнікі не адчувалі якой-небудзь пагрозы ад пратэстоўцаў.
Сэпаратысты сьцьвярджаюць, што ў сераду 13 кастрычніка ўкраінскія вайскоўцы затрымалі паблізу лініі канфлікту ў Данбасе Андрэя Касяка. Сэпаратысты называюць яго афіцэрам прадстаўніцтва самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» у Сумесным цэнтры па кантролі і каардынацыі рэжыму спыненьня агню.
Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла, што Андрэй Касяк — грамадзянін Расеі, які ўваходзіў у групу расейскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у сакрэтных разьведвальных апэрацыях у Данбасе.
Масква абвяргае абвінавачваньні Кіева ў распальваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны і адпраўцы туды сваіх вайсковых падразьдзяленьняў.