Беларускі праграміст Сяргей, які перадаў інфармацыю пра масавыя катаваньні ў расейскіх турмах у шырокі доступ, прыляцеў у Парыж, дзе папрасіў прытулку. Пра гэта паведаміў рэсурс кіраўнік праекту Gulagu.net Уладзімір Асечкін.
Акурат на гэтым праекце былі апублікаваныя запісы з катаваньнямі. Паводле Асечкіна, Сяргей знаходзіўся ў Саратаўскай турме і таксама падвяргаўся жорсткаму абыходжаньню. Яго вымусілі супрацоўнічаць з турэмнай службай, на працягу гэтага часу ён кіраваў кампутарнай сеткай турмы і забясьпечваў доступ да відэафайлаў з усёй расейскай пэнітэнцыярнай сыстэмы.
Праваабарончы праект Gulagu.net раней паведаміў, што атрымаў 40 гігабайт відэазапісаў катаваньняў і згвалтаваньняў зьняволеных у расейскіх турмах. Некаторыя відэазапісы ўжо апублікаваныя.
5 кастрычніка, пасьля публікацыі трох запісаў зьдзекаў зь вязьняў у Саратаўскім сухотным шпіталі, Генэральная пракуратура Расеі пачала праверку, распачата крымінальная справа. Аўтары праваабарончага праекту паведамляюць, што плянуюць паступова публікаваць атрыманую імі інфармацыю.