Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея ўказала». Пасьля арышту журналіста «Камсамолкі» Лаўроў абмеркаваў працу расейскіх СМІ ў Беларусі з Макеем


Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў, міністры замежных спраў Беларусі і Расеі
Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў, міністры замежных спраў Беларусі і Расеі

14 кастрычніка ў Менску сустрэліся кіраўнікі замежнапалітычных ведамстваў краін СНД.

Пасьля нарады міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у размове з журналістамі сказаў, што сярод іншага абмяркоўваў з Уладзімерам Макеем працу расейскіх СМІ ў Беларусі.

«Расея ўказала на неабходнасьць забясьпечыць максымальна камфортную працу расейскіх СМІ ў Беларусі», — коратка выказаўся ён пра вынікі перамоваў.

29 верасня Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт «Комсомольской правды» ў Беларусі, а 1 кастрычніка сілавікі затрымалі журналіста Генадзя Мажэйку. Нагодай стаў артыкул пра праграміста Андрэя Зельцара, забітага падчас штурму ягонай кватэры, калі ў перастрэлцы таксама загінуў супрацоўнік КДБ Дзьмітры Федасюк.

Журналісту выставілі абвінавачаньне паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці) і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).

5 кастрычніка кіраўніцтва выданьня ў Маскве прыняло рашэньне пра закрыцьцё беларускай рэдакцыі.

Макей зноў абурыўся палітыкай Захаду

Пра гэта міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей заявіў журналістам па выніках пасяджэньня Савету міністраў замежных спраў СНД.

«Мы пасьлядоўна адзначаем важнасьць згуртаванасьці і ўзаемадзеяньня ў рамках СНД для эфэктыўнага адказу на агульныя для нашых краін выклікі і пагрозы. У гэтым кантэксьце выказалі сур’ёзную заклапочанасьць у сувязі з практыкай неабмежаванага і незаконнага аднабаковага санкцыйнага прэсінгу супраць краін СНД», — адзначыў Уладзімер Макей.

Краіны СНД павінны ўзмацніць інтэграцыю ў рамках Садружнасьці ва ўмовах складанага міжнароднага становішча, працягнуў кіраўнік МЗС Беларусі.

«Адказам на сусьветныя ўзрушэньні можа і павінна стаць умацаваньне нашай рэгіянальнай інтэграцыі. Дзяржавы Садружнасьці валодаюць дастатковым, я б сказаў, калясальным патэнцыялам», — перакананы Ўладзімер Макей.

Генадзь Мажэйка. Таямнічае затрыманьне журналіста

  • У канцы верасьня на сайце «Комсомольской правды в Беларуси» зьявілася нататка, дзе адна з аднаклясьніц забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцара добра выказалася пра яго. Аўтарам нататкі быў журналіст Генадзь Мажэйка.
  • Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар на Акрэсьціна ў Менску, у яго дома правялі ператрус.
  • Пры гэтым дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку. Беларускія сілавікі сьцьвярджаюць, што зрабілі гэта ў Менску, але ёсьць таксама інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» выкралі з Масквы.
  • Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Ўладзімір Сунгоркін сказаў, што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
  • 4 кастрычніка прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Пуціна Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Крэмль апавясьціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць блякаваньня СМІ на беларускай тэрыторыі, але беларускі бок ня чуе пазыцыі Масквы.
  • 5 кастрычніка прадстаўнік «Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў паведаміў, што Генадзь Мажэйка застаўся ў ізалятары пасьля 72 гадзін утрыманьня за кратамі, што азначае тое, што да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту. Пры гэтым абвінавачаньняў яму ня выставілі.
  • 11 кастрычніка Мажэйку выставілі абвінавачаньні ў распальваньні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў жодзінскае СІЗА не пускаюць адваката, спасылаючыся на карантын, а таксама не прымаюць перадачы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG