Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскі штаб па кантролі сытуацыі з COVID-19: Памірае кожны дзявяты пацыент, старэйшы за 60 гадоў


15 клінічны шпіталь у Маскве
15 клінічны шпіталь у Маскве

Кожны дзявяты пацыент, старэйшы за 60 гадоў, з COVID-19 памірае. Сярод хворых старэйшага ўзросту, якія своечасова не зьвяртаюцца да доктара, памірае кожны трэці. Пра гэта паведамляе маскоўскі апэратыўны штаб па кантролі сытуацыі з каранавірусам.

Імавернасьць цяжкай формы каранавіруснай інфэкцыі новага тыпу ў пажылых людзей у 5,5 раза вышэйшая, у 75-гадовых — ужо ў сем разоў, а ў людзей, старэйшых за 80 гадоў, у дзевяць разоў вышэйшая, гаворыцца ў паведамленьні.

Пры гэтым шпіталізацыя патрабуецца палове захварэлых на COVID-19 людзей, старэйшых за 60 гадоў. Хвароба працякае шпарка, на працягу трох дзён стан можа рэзка пагоршыцца. Праз гэта 60 адсоткаў ложкаў у стацыянарах, дзе лечаць пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй, займаюць пацыенты, старэйшыя за 60 гадоў. Яны ж складаюць амаль 80 адсоткаў усіх пацыентаў на ШВЛ.

Па дадзеных маскоўскага апэратыўнага штабу, 86 працэнтаў ад агульнай колькасьці памерлых ад COVID-19 складаюць людзі, старэйшыя за 60 гадоў.

Пры гэтым толькі траціна пажылых масквічоў зрабілі прышчэпку, падкрэсьлілі ў штабе — і заклікалі іх не адмаўляцца ад вакцынацыі як адзінага спосабу зьнізіць рызыку цяжкага цячэньня хваробы і сьмяротнага выніку.

Маскоўскія ўлады запусьцілі праграму заахвочваньня пажылых масквічоў, якія зрабілі прышчэпку ад COVID-19. Цяпер пры поўнай вакцынацыі або рэвакцынацыі да 31 сьнежня яны могуць атрымаць падарункавы набор «З клопатам пра здароўе», у які ўваходзяць, сярод іншага, таномэтар і пульсаксымэтар, альбо 10 тысяч расейскіх рублёў.

  • 13 кастрычніка ў Расеі, уключаючы анэксаваны Крым, зафіксаваны максымум сьмерцяў ад COVID-19 з пачатку пандэміі. За апошнія суткі, па дадзеных апэратыўнага штабу, памерлі 984 пацыенты з пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыяй. Напярэдадні ў краіне, па афіцыйных дадзеных, памерлі 968 чалавек. Агульная колькасьць сьмерцяў у Расеі з прычыны заражэньня вірусам перавысіла 219 тысяч.
  • Аднак незалежныя экспэрты лічаць, што афіцыйная сьмяротнасьць ад хваробы заніжаецца прыблізна ўтрая, а рэальная можа перавышаць 645 тысяч чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG