Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пандэмія COVID-19: захварэлі 10 гульцоў і супрацоўнікі клюбу найвышэйшай футбольнай лігі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Каманда ўжо папрасіла перанесьці яе наступны матч з прычыны ўспышкі захворваньня ўнутры калектыву.

Каля 10 футбалістаў каманды найвышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі апынуліся на карантыне праз каранавірус, піша football.by.

У складаным становішчы, страціўшы палову агульнага складу каманды, — менскі «Энэргетык-БДУ». Таксама заразіліся супрацоўнікі клюбу і абслуговы пэрсанал Рэспубліканскага цэнтру алімпійскага рэзэрву ў футболе БДУ.

«Энэргетык-БДУ» зьвярнуўся ў Беларускую фэдэрацыю футболу з просьбай перанесьці матч 26-га туру чэмпіянату краіны зь берасьцейскім «Дынама», заплянаваны на 17 кастрычніка. Адказ з фэдэрацыі пакуль не прыйшоў.

На сеціўных рэсурсах клюбу пра карантын у футбалістаў і работнікаў пры гэтым нічога не напісана. 11 кастрычніка там апублікавалі фотарэпартаж пра падрыхтоўку асноўнага складу да матчу з дынамаўцамі.

Само ж берасьцейскае «Дынама» стала першым клюбам Беларусі, які бясплатна дапусьціць на трыбуны заўзятараў, якія ўжо вакцынаваліся. Пра гэта сказаў кіраўнік Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, інфармуе «Трыбуна».

На мінулым тыдні галоўны трэнэр зборнай Беларусі Георгі Кандрацьеў праз каранавірус прапусьціў матч у Таліне з камандай Эстоніі, але 11 кастрычніка ўжо лётаў у расейскую Казань на намінальна хатні матч беларусаў з чэхамі, паколькі наступны тэст на COVID-19 паказаў адмоўны вынік.

Абодва матчы беларусы прагулялі зь лікам 0:2, страціўшы ўсе шанцы трапіць на чэмпіянат сьвету 2022 году. Паядынкі прапусьцілі і 9 гульцоў, выкліканых у зборную ад пачатку. Афіцыйна паведамлялася, што ўсе яны атрымалі траўмы, аднак у спартовых колах адразу ж зьявіліся паведамленьні, што як мінімум частка з адкліканых са зборнай гульцоў захварэлі на каранавірус.

Беларуская фэдэрацыя футболу ўвесну 2020 году пэўны час была адзінай у сьвеце, якая не адмяніла праз пандэмію COVID-19 ніводнай сустрэчы, а на трыбуны доўгі час дапускалі гледачоў бяз масак.

Старшыня фэдэрацыі Ўладзімер Базанаў упэўнены, што гэта падняла прэстыж беларускага футболу, паколькі трансьляцыі глядзелі далёка за мяжой, на розных кантынэнтах. Футбольны камэнтатар Мікалай Хадасевіч назваў гэтыя заявы саманадзейнымі, на яго думку, увесь сьвет убачыў слабасьць беларускага футболу і хутка страціў да яго інтарэс.

На мінулым тыдні Беларускі фонд спартовай салідарнасьці заявіў аб падрыхтаванай справаздачы для футбольных міжнародных арганізацый, у якой выкладзены факты палітычнага ціску і перасьледу гульцоў за іх погляды, факты палітычнай агітацыі з боку кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу і іншых парушэньняў статуту міжнародных арганізацый, у якія ўваходзіць беларуская фэдэрацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG