У Беларусі думаюць над рашэньнем увесьці «адказнасьць фізычных асобаў за парушэньне захадаў у папярэджаньні пашырэньня каранавірусу». Гэта можа закрануць тых, хто не трымае сацыяльную дыстанцыю, ігнаруе нашэньне сродкаў індывідуальнай засьцярогі органаў дыханьня, а таксама рэкамэндацыі ва ўжываньні антысэптыкаў і іншае. Пра гэта расказала галоўная дзяржаўная санітарная доктарка Магілёўскай вобласьці Сьвятлана Нячай.
За парушэньне санітарных нормаў 5 кіроўцаў транспартных сродкаў на Магілёўшчыне ўжо пазбавілі картак на права ваджэньня на іх маршрутах, 18 кіроўцам выдалі прадпісаньні і папярэджаньні.
Каля 60 службовых асобаў Магілёўшчыны прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за невыкананьне правілаў на аб’ектах гандлю, грамадзкага харчаваньня, бытавога абслугоўваньня.
У Менску таксама зьбіраюцца правяраць нашэньне масак і вытрымліваньне іншых захадаў у прадухіленьні распаўсюду хваробы. Як піша тэлеграм-канал Менскага гарвыканкаму, выкананьне масачнага рэжыму і сацыяльнай дыстанцыі мусяць забясьпечыць кіраўнікі прадпрыемстваў.
Праверкі будуць ладзіцца ў тым ліку з удзелам міліцыі, спачатку рэйды будуць папераджальнымі, аднак затым магчымая і адказнасьць.