Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы прэм'ер Японіі заявіў аб сувэрэнітэце Токіё над паўднёвымі Курыламі


Прэм'ер-міністар Японіі Фумія Кісіда
Прэм'ер-міністар Японіі Фумія Кісіда

Новы прэм’ер-міністар Японіі Фумія Кісіда лічыць, што на паўднёвую частку Курыльскіх астравоў, якія дэ-факта належаць Расеі, распаўсюджваецца сувэрэнітэт Токіё. Пра гэта Кісіда заявіў у аўторак падчас дэбатаў у ніжняй палаце парлямэнту, паведамляе ТАСС.

Па словах японскага прэмʼера, урад плянуе весьці перамовы з Масквой аб заключэньні мірнай дамовы і вызначэньні прыналежнасьці паўднёвых Курылаў, якія ў Японіі называюць паўночнымі тэрыторыямі. «На паўночныя тэрыторыі распаўсюджваецца сувэрэнітэт нашай краіны. Мы мусім вырашыць гэтае пытаньне, не пакідаючы яго наступным пакаленьням», — сказаў Кісіда.

8 кастрычніка, выступаючы ў парлямэнце, Кісіда заявіў, што мірны дагавор з Расеяй ня будзе заключаны без урэгуляваньня тэрытарыяльнай праблемы. Фумія Кісіда быў выбраны на пасаду прэмʼер-міністра 4 кастрычніка, раней ён займаў пасаду міністра замежных спраў Японіі.

Курыльскія астравы ўваходзяць у склад Сахалінскай вобласьці Расеі. Японія мяркуе, што паўднёвыя астравы Курыльскай грады — Ітуруп, Кунашыр, Шыкатан і Хабамаі — павінны належаць ёй паводле трактату аб гандлі і межах 1855 году.

СССР далучыў Паўднёва-Курыльскія астравы па выніках Другой сусьветнай вайны. У 1956 году Савецкі Саюз падпісаў зь Японіяй мірную дэклярацыю, паабяцаўшы вярнуць астравы Шыкатан і Хабамаі пасьля заключэньня мірнай дамовы. У наступныя гады ўлады Японіі настойвалі на вяртаньні ўсіх астравоў, таму дагавор так і не падпісалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG