Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія СМІ: агенты Расеі выкралі дадзеныя аб вакцыне AstraZeneca


Вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі
Вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі

Брытанскі ўрад «вельмі сур’ёзна» ставіцца да любых паведамленьняў аб кібэратацы і выкраданьні інтэлектуальнай уласнасьці. Так прадстаўнік прэмʼер-міністра Вялікабрытаніі адказаў на пытаньне аб тым, ці адпавядае рэчаіснасьці паведамленьне газэты The Sun аб тым, што агенты расейскіх спэцслужбаў выкралі формулу вытворчасьці вакцыны ад каранавіруснай інфэкцыі, распрацаванай кампаніяй AstraZeneca.

Прадстаўнік брытанскага прэмʼера падкрэсьліў, што ня будзе па сутнасьці камэнтаваць матэрыялы, зьвязаныя з працай спэцслужбаў. Абвінавачваньняў у адрас Расеі ён ня высунуў.

Таблёід The Sun, а ўсьлед за ім шэраг іншых брытанскіх СМІ, напярэдадні ўвечары паведаміў, што, па яго дадзеных, спэцслужбы інфармавалі чальцоў брытанскага кабінэта пра тое, што ў мінулым годзе нейкі расейскі агент асабіста выкраў дадзеныя аб вакцыне ў кампаніі AstraZeneca, у тым ліку і дадзеныя аб яе вытворчасьці, якія, як сьцьвярджае газэта, былі выкарыстаныя для стварэньня расейскай вакцыны «Cпутник V».

Абедзьве вакцыны — брытанская і расейская — зьяўляюцца адэнавіруснымі, гэта значыць іх прынцып дзеяньня падобны. Пры гэтым паміж імі ёсьць і адрозьненьні — у прыватнасьці, у адрозьненьне ад расейскай вакцыны, вакцына AstraZeneca была распрацаваная на аснове адэнавірусу шымпанзэ. «Cпутник V» была зарэгістраваная ў Расеі ў жніўні мінулага года, а AstraZeneca атрымала рэгістрацыю ў Брытаніі ў сьнежні. Сама распрацоўка гэтых вакцын, аднак, пачалася яшчэ вясной 2020 года, неўзабаве пасьля пачатку пандэміі.

У мінулым годзе паведамлялася аб кібэратаках, якія, на думку заходніх спэцслужбаў, учынялі расейскія хакеры з мэтай атрымаць інфармацыю пра вакцыну.

У Расейскім фондзе прамых інвэстыцый пракамэнтавалі, што паведамленьні пра крадзеныя дадзеныя для вырабу «Cпутник V» — «нахабная хлусьня, заснаваная на ананімных крыніцах».

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў на пытаньне аб тым, ці маглі расейскія шпіёны скрасьці дадзеныя аб вакцыне, назваў The Sun «ненавуковым выданьнем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG