Спустошыць ключавыя прадпрыемствы, дадушыць эканоміку краіны і вывесьці людзей на вуліцы. Так патлумачыў Аляксандар Лукашэнка сваё разуменьне мэты заходніх санкцый, уведзеных супраць ягонага рэжыму за парушэньні правоў чалавека, фальсыфікацыю выбараў і гвалт:
«Калі гаварыць адкрытым тэкстам, праз закрыцьцё заводаў і масавае беспрацоўе загнаць людзей у галечу ці ў лепшым выпадку вывесьці на вуліцы. Мы гэтага дапусьціць ня можам. Трэба зрабіць усё, каб простыя сем’і і працоўныя калектывы ні ў якім разе не пацярпелі ад зьбеглых здраднікаў і іх заходніх спонсараў-куратараў. Бегаюць па Эўропе і Амэрыцы і вымольваюць санкцыі супраць Беларусі», — адзначае ягоная прэс-служба.
Лукашэнка заявіў, што Беларусь ужо прызвычаілася да санкцыйнага ціску, аднак ён думае, што абмежаваньні папраўдзе больш адбіваюцца на эканоміцы той краіны, якая іх уводзіць.
«Мы ўжо прывыклі да рознага роду санкцый, ня першы раз зь імі сутыкаемся. Аднак чарговыя спробы абмежаваць і запалохаць нас абарочваюцца супраць бізнэсу і эканомікі той краіны, якая іх уводзіць», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што цяперашняя сытуацыя — гэта выклік, пэўны выхад з зоны камфорту.
Тым часам Эўразьвяз заканчвае падрыхтоўку чарговага, пятага пакету санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі за правакацыю міграцыйнага крызісу і ўдушэньне грамадзянскай супольнасьці.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».