Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма лекараў і месцаў у шпіталях, няма даверу да вакцыны. Улады Беларусі паўтара года ня могуць перамагчы каранавірус


Лекар хуткай дапамогі, Менск, верасень 2021
Лекар хуткай дапамогі, Менск, верасень 2021

Паводле афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы здароўя Беларусі, за паўтара года пандэміі каранавірусу ў краіне памерла толькі крыху больш за 4200 чалавек.

Але самі беларусы, піша «Настоящее время», да статыстыкі ведамства ставяцца зь недаверам. Яны добра памятаюць, як у пачатку эпідэміі адміністрацыя Лукашэнкі спачатку наогул не прызнавала наяўнасьць COVID-19 у краіне, потым праваліла забесьпячэньне мэдыкаў ахоўнымі касьцюмамі і маскамі (гэтую функцыю ўзялі на сябе валянтэры) і, нарэшце, адмаўлялася рэгулярна публікаваць інфармацыю пра колькасьць заражаных і памерлых.

Сёньня, праз паўтара года, улады Беларусі называюць сытуацыю з ковідам у краіне «кантраляванай» і заклікаюць насельніцтва да бясплатнай вакцынацыі. Але самі беларусы расказваюць пра доўгія чэргі у паліклініках, месцамі катастрафічны недахоп лекараў і перапоўненыя шпіталі. Усё больш людзей лічаць, што барацьбу з эпідэміяй улады правалілі.

Сёньня чэргі ў беларускія паліклінікі зьбіраюцца яшчэ за некалькі гадзін да адкрыцьця. Часам пацыентам з сымптомамі каранавірусу не хапае месцаў у калідорах паліклінік і людзі нават з тэмпэратурай вымушаныя чакаць сваёй чаргі на вуліцы. Жыхар Берасьця Вадзім Барысевіч, які нядаўна перахварэў на ковід, расказвае пра стомленасьць лекараў, якія яму дапамагалі:

«Такая атмасфэра... адчуваецца, што яны працуюць на мяжы, відаць, што яны стамляюцца, — апавядае Вадзім. — Таму што гэты „даўрачэбны“ кабінэт працуе з 8 раніцы да 7 вечара ўвесь дзень, а людзі ідуць нон-стоп. Яны ідуць, ідуць, ідуць...»

Мэдыкі чэргі ў паліклініках тлумачаць недахопам пэрсаналу. Лекары масава звальняюцца і зьяжджаюць зь Беларусі пасьля першай хвалі ковіду, калі ўлады не прызнавалі пандэміі і забаранялі ім расказваць аб праблемах, зь якімі яны сутыкаліся. Нямала мэдыкаў таксама сталі ахвярамі рэпрэсій пасьля прэзыдэнцкіх выбараў з прычыны ўдзелу ў пратэстах супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Не хапае лекараў, не хапае сярэдняга мэдпэрсаналу ў шпіталях, якія разгортваюцца пад каранавірусных пацыентаў, — расказвае лекар-рэаніматоляг зь Віцебску Расьціслаў Савіцкі. — Даходзіць да таго, што лекараў з паліклінік перакідваюць на працу ў стацыянары, бо не хапае менавіта працоўных рук. З гэтай прычыны ствараецца дэфіцыт лекараў у паліклініках, што, у прынцыпе, таксама ніяк станоўча не адбіваецца на сытуацыі ў краіне ў цэлым».

Мянчанка Кацярына кажа, што ёй таксама давялося звольніцца з мэдычнага цэнтру. Яна брала ўдзел у адной з акцый пратэсту і падняла зь зямлі бел-чырвона-белы сьцяг. Дзяўчыну затрымалі і адправілі на 10 сутак у ізалятар. Кацярына зьехала зь Беларусі ва Ўкраіну і цяпер працуе ў мэдычным цэнтры ў Кіеве. Вяртацца дадому, як і тысячы іншых актывістаў, якія выехалі, яна не зьбіраецца.

«Шпіталі ў Беларусі перапоўненыя, мэдычных работнікаў стала менш: гэта я ведаю з размоваў былых калег, — кажа Кацярына. — Вельмі складана там становіцца працаваць. Заробкі робяцца меншыя. Усё б нічога, але калі ты працуеш на дзяржаву, ты аддаеш падаходны падатак на добрую дзяржаву. А на што аддаём мы? На турмы, у якіх няма умоў? На армію, якая павінна абараняць свой народ, але яна не абараніла нас?»

Захварэлыя на COVID-19 у Беларусі пацьвярджаюць, што сутыкаюцца ня толькі з чэргамі ў паліклініках, але і з бракам свабодных месцаў у шпіталях. Мянчанка Бася Пучынская расказала, што для таго, каб пакласьці хворага на ковід бацьку на ШВЛ, зь Менскага раёну яго давялося везьці за 140 кілямэтраў у горад Мядзел.

«Апарат яму ў выніку не спатрэбіўся, на шчасьце, але ён увесь час ляжыць з кіслароднай маскай, — кажа Бася Пучынская. — І, наколькі я ведаю, там сытуацыя таксама ня вельмі. Там у шпіталі людзі ляжаць абсалютна з розных месцаў Беларусі. Дзе знайшлі месца, туды і прывезьлі».

Нават калі верыць афіцыйным дадзеным Міністэрства аховы здароўя Беларусі, цяпер у краіне назіраецца рэкордная колькасьць тых, хто захварэў з моманту пачатку пандэміі: COVID-19 фіксуецца ў амаль 2 тысяч чалавек за суткі. Але чыноўнікі сытуацыю з каранавірусам называюць «кантраляванай» і заклікаюць беларусаў вакцынавацца.

«Вакцын у нас цяпер больш чым дастаткова. І ніякіх перабояў нават не прадугледжваецца», — запэўнівае міністар аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч.

Але беларусы не сьпяшаюцца прышчапляцца нават бясплатнай вакцынай. І лекары кажуць, што на гэта ёсьць прычыны.

«Часцей за ўсё прапануецца вакцына, якая разьліваецца ў нас, у Беларусі. Гэта той жа самы „Спутник“, але ён вырабляецца ў нас у краіне. І да гэтай вакцыны даверу няма нават сярод лекараў і сярод, у тым ліку, высокапастаўленых чыноўнікаў, — тлумачыць Расьціслаў Савіцкі, лекар-рэаніматоляг зь Віцебску. — Таму што яны часьцей за ўсё робяць прышчэпкі сабе арыгінальным „Спутником“, расейскай вытворчасьці, альбо кітайскай вакцынай. І гэта выклікае пытаньне: а чаму тады ўсім астатнім прапануюць толькі такі варыянт?».

Альтэрнатывай для беларусаў можа стаць якасная эўрапейская вакцына, кажа Франак Вячорка, дарадца палітыка Сьвятланы Ціханоўскай. Але, паводле яго, усё ўпіраецца ў нежаданьне беларускіх уладаў нават абмяркоўваць падобныя пастаўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG