Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікая колькасьць людзей супраць сыстэмы». Палітоляг Вусаў тлумачыць, чаму ўлады ўзмацняюць рэпрэсіі


Палітычны аналітык Павал Вусаў
Палітычны аналітык Павал Вусаў

Пасьля мінулых прэзыдэнцкіх выбараў Сьледчы камітэт завёў звыш 5 тысяч крымінальных спраў, зьвязаных з пратэстамі.

Чаму ўлады ў Беларусі зноў узмацняюць рэпрэсіі? Адбываюцца масавыя затрыманьні, заводзяцца новыя справы, палітвязьням дадаюць артыкулы і ствараюць больш жорсткія ўмовы адбыцьця пакараньня.

Беларускі палітоляг Павал Вусаў тлумачыць гэта некалькімі прычынамі.

«Паслабленьне тэрору азначае аднаўленьне барацьбы»

«Сыстэма ўжо ўвайшла ў сьпіраль рэпрэсій і тэрору, гэты працэс набраў хуткасьць і фактычна нічым не абмежаваны. З гэтага працэсу вельмі цяжка выйсьці і яго спыніць. Улады разумеюць, што палітычны крызіс ня вырашаны і прастора незадаволенасьці ахоплівае значную колькасьць людзей. У гэтых умовах спыненьне ці паслабленьне тэрору азначае аднаўленьне ўнутранай барацьбы, уздым грамадзтва. Бо адзінае, што цяпер стрымлівае ад пратэстаў, ад пашырэньня палітычнай актыўнасьці ўнутры краіны — выключна рэпрэсіі. Але чым шырэйшая хваля тэрору, тым больш зьяўляюцца антысыстэмныя настроі і радыкалізацыя».

Палітычны крызіс і рэпрэсіі цягнуцца больш за год, і ў гэтых умовах мяняецца мэнтальнасьць беларусаў, яны перастаюць быць палітычна талерантнымі, лічыць Павал Вусаў. Паводле яго, у краіне шмат у чым ідзе фармаваньне рэальнай рэвалюцыйнай сьвядомасьці.

«Вялікая колькасьць людзей выступаюць супраць сыстэмы. Радыкалізацыя сьвядомасьці грамадзян, рост напружанасьці змушае ўладу да далейшай раскруткі сьпіралі рэпрэсій і тэрору. А гэта, у сваю чаргу, яшчэ больш стварае нэгатыўныя, радыкальныя настроі ў дачыненьні да ўлады і гатоўнасьць да жорсткага супраціву. Гэта драматычная падзея з Андрэем Зельцарам, супраціў кадэбэшнікам паказваюць, што ў некаторых людзей трансфармуецца сьвядомасьць. І гэта ўладу вельмі непакоіць».

«Выбух можа адбыцца ў любы момант»

Паводле Паўла Вусава, другі аспэкт, зьвязаны з рэпрэсіямі, хаваецца ў пагаршэньні сацыяльна-эканамічнай сытуацыі, сярод іншага, у выніку ўвядзеньня санкцый.

«Калі будуць спалучацца агульная палітычная, сацыяльная незадаволенасьць і цяжкая эканамічная сытуацыя, то безумоўна выбух можа быць у любы момант. Асабліва затрымкі з заробкамі і рост цэнаў рызыкуюць прывесьці да абсалютна непрадказальных працэсаў».

Трэці аспэкт зьвязаны з абвяшчэньнем падрыхтоўкі да агульнанацыянальнага страйку.

«Улады, навучаныя досьведам 2020 году, пачынаюць нэрвова, абсалютна з надзвычайнымі мерамі і сродкамі рэагаваць на любыя ініцыятывы апазыцыі, тым больш калі гэта заклік да страйку і тым больш калі гэты заклік адбываецца ва ўмовах такой маштабнай незадаволенасьці».

«Праз рэфэрэндум Лукашэнка хоча абнавіць легітымнасьць»

Паводле Паўла Вусава, яшчэ адна палітычная прычына ўзмацненьня рэпрэсій зьвязана з ініцыятывай рэфэрэндуму, мясцовых і парлямэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў 2022 годзе.

«Даволі стрэсавая сытуацыя для ўладаў. Гэта вельмі маштабная палітычная, электаральная кампанія. Рэжым стараецца прадухіліць любыя нечаканасьці (байкот, няўдзел, сабатаж), а для гэтага адзіны мэтад — запалохваньне, тэрор, які, на думку ўладаў, прымусіць грамадзтва падпарадкавацца».

Паводле Вусава, рэфэрэндум будзе тычыцца сур’ёзных структурных зьменаў ва ўсёй палітычнай сыстэме.

«Датычыць, напрыклад, таго, што Лукашэнка ўжо бяз выбараў будзе пажыцьцёвым прэзыдэнтам. Праз рэфэрэндум ён намагаецца абнавіць легітымнасьць, то бок рэфэрэндум павінен адбыцца пры маўклівай пасіўнай згодзе большасьці. Галоўнае, каб гэты рэфэрэндум адбыўся без эксцэсаў, у прыгнечаным грамадзтве».

«Усе цудоўна разумеюць, што крызіс ня скончыўся»

Колькасьць палітвязьняў у Беларусі на 30 верасьня дасягнула 715. Пакуль жа ўлады пайшлі на амністыю толькі 13 чалавек. Чаму так марудна адбываецца вызваленьне? Паводле Паўла Вусава, улады баяцца празьмернай, нават фармальнай лібэралізацыі.

«На думку ўладаў, масавае вызваленьне палітвязьняў можа стварыць уражаньне, што сыстэма пачынае слабець, ня ў стане працягваць тэрор і гатовая ісьці на нейкія саступкі. Гэта можа выклікаць абсалютна іншую рэакцыю ў грамадзтве, яшчэ больш актывізаваць супраціў. Усе разумеюць, што крызіс ня скончыўся. Актыўная частка грамадзтва будзе ўспрымаць выпусканьне вязьняў як сваю перамогу», — кажа палітоляг.

Другі момант можа быць зьвязаны з рэакцыяй сыстэмы, людзей, якія там працуюць.

«Тут можа быць псыхалягічны дысананс у людзей сыстэмы, гэтай рэпрэсіўнай машыны, якія заплямілі сябе крывёю і бяспраўем. Пагроза разбалянсаваньня сыстэмы таксама стрымлівае гэты працэс вызваленьня»— падсумаваў Павал Вусаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG