Пра пагадненьне паведаміў спэцыяльны прадстаўнік ЭЗ Міраслаў Лайчак. Яго вітаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЭЗ Жузэп Бурэль.
Падставай для цяперашняга абвастрэньня стала забарона косаўскіх уладаў на ўезд у рэспубліку аўтамабіляў з сэрбскімі нумарамі. Пры ўезьдзе ў Косава сэрбскія нумары з машын пачалі прымусова здымаць і замяняць мясцовымі часовымі нумарамі. Сэрбскія ўлады менавіта так паступаюць у адносінах да аўтамабіляў з рэгістрацыяй у Косаве.
У адказ на дзеяньні косаўскіх уладаў сэрбы, якія жывуць на поўначы Косава, пачалі блякаду двух памежных пераходаў, а ўлады Косава накіравалі на мяжу спэцназ. Сэрбія, у сваю чаргу, адправіла на мяжу вайсковую тэхніку.
Дасягнутае пагадненьне прадугледжвае разьмяшчэньне на памежных пастах вайскоўцаў сіл NATO, вывад косаўскага спэцназу і дэмантаж збудаваных сэрбамі барыкад. Як Сэрбія, так і Косава перастануць здымаць нумары з машын, якія перасякаюць мяжу, у якасьці часовай меры на іх будуць наляпляць стыкеры. Канчаткова гэтую спрэчку плянуецца вырашыць на працягу шасьці месяцаў.
- Сэрбія страціла кантроль над Косавам па выніках паветранай кампаніі краін NATO ў 1999 годзе. У 2008 годзе ўлады Косава абвясьцілі незалежнасьць, якая была прызнаная больш як 100 дзяржавамі, аднак не прызнаная самой Сэрбіяй, а таксама Расеяй, Кітаем і некалькімі краінамі ЭЗ.