Сытуацыю пасьля галасаваньня 26 верасьня аналізуе Deutsche Welle:
Выбары ў Бундэстаг не далі адназначнага адказу на пытаньне, хто зьменіць Ангелу Мэркель на пасадзе канцлера Нямеччыны. Пасьля чатырох тэрмінаў на чале ўраду яна больш не балятавалася. Заяўку на гэтую пасаду па выніках галасаваньня ўвечары 26 верасьня падалі як кандыдат Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны (СДПН) Оляф Шольц, міністар фінансаў і віцэ-канцлер у цяперашнім урадзе, так і Армін Ляшэт, старшыня Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу (ХДЗ). Гэтую кансэрватыўную партыю доўгі час узначальвала сама Мэркель.
У цяперашні час кансэрватары і сацыял-дэмакраты зьяўляюцца партнэрамі ва ўрадзе. Урад працягне выконваць свае абавязкі да фармаваньня новага кабінэту міністраў, а Ангела Мэркель канчаткова пакіне свой пост толькі пасьля таго, як новы склад парлямэнта выбера наступнага кіраўніка ўраду.
Вынікі партый, якія кіравалі дагэтуль
Фармальнымі пераможцамі выбараў сталі сацыял-дэмакраты, якія набралі, паводле афіцыйных папярэдніх вынікаў, 25,7% галасоў — прыблізна на 5 працэнтных пунктаў больш, чым на папярэдніх выбарах у 2017 годзе.
Для многіх такі посьпех сацыял-дэмакратаў стаў сюрпрызам, улічваючы той факт, што яшчэ вясной рэйтынг партыі складаў каля 15%. Лічыцца, што ў лідэры выбарчай гонкі сацыял-дэмакратаў выцягнуў Оляф Шольц.
Разам з тым разрыў паміж першым і другім месцамі склаў менш за два працэнтныя пункты, што і дало падставы кандыдату кансэрватыўнага блёку ХДЗ/ХСЗ Арміну Ляшэту таксама прэтэндаваць на ролю лідэра будучай кіроўнай кааліцыі. Аднак вынік 24,1% зьяўляецца найгоршым за ўсю гісторыю партыйнага блёку, які на 13 з 19 выбараў у Бундэстаг атрымліваў больш за 40% і ні разу — менш за 30%.
Як выступілі на выбарах апазыцыйныя партыі
На трэцім месцы з вынікам у 14,8% — «Саюз 90»/«Зялёныя». Гэта істотна больш, чым у 2017 годзе (8,9%), але нашмат менш, чым разьлічвала гэтая партыя, якая ўпершыню ў гісторыі таксама вылучыла ўласнага кандыдата ў канцлеры — сваю сустаршыню Анналену Бэрбак. У траўні ў «Зялёных» быў самы высокі партыйны рэйтынг, які дасягаў 28%.
Лібэральная Свабодная дэмакратычная партыя трохі палепшыла свой вынік у параўнаньні з 2017 годам (10,7%) да 11,5%.
Вынік правапапулісцкай «Альтэрнатывы для Нямеччыны» (АДН) аказаўся горшы, чым чатыры гады таму: 10,3% замест 12,6%. Яшчэ больш сур’ёзныя страты панесла Левая партыя. Посткамуністы атрымалі толькі 4,9% галасоў (у 2017 годзе — 9,2%) і не пераадолелі пяціпрацэнтны барʼер. Аднак яны змогуць сфармаваць сваю фракцыю ў Бундэстагу, паколькі тры кандыдаты левых атрымалі прамыя мандаты.
Яўка на выбарах склала каля 76% і засталася практычна на тым жа ўзроўні, што і ў 2017 годзе.
Два варыянты будучай кіроўнай кааліцыі
Вынікі выбараў у прынцыпе дазваляюць аднавіць урадавую кааліцыю апошніх 8 гадоў, але са зьменай роляў: галоўная — у сацыял-дэмакратаў, а кансэрватары — малодшы партнэр. Але такі варыянт пакуль выключаюць і Оляф Шольц, і Армін Ляшэт.
Улічваючы, што з правымі папулістамі з АДГ весьці перамовы аб іх удзеле ва ўрадзе ніхто ня будзе, а пазыцыі посткамуністаў зь Левай партыі моцна аслаблі, рэалістычнымі застаюцца толькі два траістыя саюзы — «Зялёныя» і лібэралы з сацыял-дэмакратамі і канцлерам Оляфам Шольцам, або яны ж з кансэрватарамі і кіраўніком ураду Армінам Ляшэтам.
Які з двух гэтых варыянтаў урэшце стане рэальнасьцю, высьветліцца ў ходзе перамоваў, якія ў наступныя тыдні будуць весьці прадстаўнікі гэтых чатырох палітычных сілаў.
Што гэтыя выбары могуць азначаць для Беларусі
Нямецкі гісторык Аляксандар Фрыдман сказаў у інтэрвію Свабодзе, што пры новым урадзе замежная палітыка Нямеччыны істотна зьменіцца — яна будзе менш прагматычнай, каштоўнасьці будуць адыгрываць большую ролю. Паводле Фрыдмана, маладыя палітыкі, якія прыйдуць ва ўрад, будуць менш лічыцца з пазыцыяй Расеі ў дачыненьнях Нямеччыны зь Менскам.
«У наступным нямецкім урадзе, хутчэй за ўсё, міністэрства замежных справаў Нямеччыны будзе ў руках партыі „Зялёныя“. І гэта ўжо зусім іншае стаўленьне да беларускага і ўкраінскага пытаньня. Гэтай партыяй кіруюць больш маладыя людзі. Анналене Бэрбак, якая прэтэндуе на пасаду канцлера, але хутчэй за ўсё, атрымае пасаду міністра замежных справаў, трошкі за 40. Яны не глядзяць на Беларусь і Ўкраіну як на натуральную зону інтарэсаў Расеі», — сказаў Фрыдман.