Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты зь невялікай перавагай перамаглі на выбарах у нямецкі Бундэстаг


Кандыдат на канцлера ад СДПГ Оляф Шольц і сустаршыня партыі Заскія Эскен пасьля агучваньня першых вынікаў выбараў
Кандыдат на канцлера ад СДПГ Оляф Шольц і сустаршыня партыі Заскія Эскен пасьля агучваньня першых вынікаў выбараў

Паводле афіцыйных папярэдніх вынікаў, перамога на парлямэнцкіх выбарах дасталася СДПГ. Аднак гэта яшчэ не азначае, што менавіта яе прадстаўнік стане канцлерам — перавага над правацэнтрыстамі даволі нязначная.

Сацыял-дэмакраты набіраюць 25,7% галасоў. Блёк правацэнтрыстаў ХДС/ХСС атрымлівае 24,1% галасоў. Гэтак вынікае з афіцыйных папярэдніх вынікаў, агучаных у ноч на 27 верасьня на сайце старшыні фэдэральнай выбарчай камісіі.

Партыя «Саюз-90/Зялёныя» атрымала 14,8% галасоў, Свабодная дэмакратычная партыя (СвДП) — 11,5%, а правапапулісцкая «Альтэрнатыва для Нямеччыны» — 10,3%.

Партыю «Левыя» падтрымалі 4,9% выбарнікаў. Такім чынам, яна не пераадолела бар’еру для праходжаньня ў Бундэстаг, аднак гэтая палітычная сіла зможа сфармаваць фракцыю ў парлямэнце, раз тры яе прадстаўнікі атрымалі прамыя мандаты ў Бэрліне і Ляйпцыгу.

Абодва галоўныя прэтэндэнты на пасаду канцлера — Оляф Шольц (СДПГ) і Армін Ляшэт (ХДС/ХСС) ужо заявілі пра гатоўнасьць сфармаваць новы ўрад.

Кандыдатка ў канцлеры ад партыі «Саюз-90/Зялёныя» Анналена Бэрбак прызнала памылкі, якія не дазволілі партыі стаць вядучай палітычнай сілай, аднак яна лічыць, што «Зялёныя» «атрымалі ад выбарнікаў мандат на абнаўленьне краіны».

Выніковая яўка на выбарах у Нямеччыне склала 76%, пра гэта сьведчаць прагнозы апытаньня Infratest dimap, паведамляе Deutsche Welle.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG