Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пацьвердзілі, што блогерка, якая зьнікла ў падарожжы з жаніхом, была забітая. Мужчына ў вышуку


Браян Лондры і Габі Пэтыта
Браян Лондры і Габі Пэтыта

У ЗША знайшлі мёртвай Габі Пэтыта — маладую жанчыну, якая не вярнулася з падарожжа з жаніхом. Той прыехаў дадому адзін, адмовіўся адказваць на пытаньні, а потым таксама зьнік.

Як паведамляе BBC, судова-мэдычная экспэртыза пацьвердзіла, што цела, знойдзенае ў нацыянальным парку Гранд-Тытон у штаце Ваёмінг, належыць 22-гадовай Пэтыта. Паводле папярэдняга заключэньня, гэта было забойства. Коратка пераказваем, што вядома пра гэтую справу.

Хто такая Пэтыта?

Габі Пэтыта — блогерка з ЗША, якая адправілася ў падарожжа са сваім жаніхом, 23-гадовым Браянам Лондры. Падарожжа мелася доўжыцца 4 месяцы, аднак 1 верасьня, прыблізна празь месяц, той вярнуўся дадому адзін і не адказваў на пытаньні. Праз 10 дзён яе родныя падалі заяву пра зьнікненьне Габі Пэтыта.

Пазьней Лондры таксама зьнік. Паводле паліцыі, яго шукаюць, але пакуль супраць яго ня вылучылі ніякіх абвінавачаньняў.

Старонкі Лондры і Пэтыта ў сацыяльных сетках паказваюць, што яны заручыліся ў ліпені 2020 году. Яны пачалі адносіны яшчэ ў школе.

Свае падарожжы праз нацыянальныя паркі на захадзе ЗША яны выкладалі на Instagram і YouTube. Таму зьнікненьне Пэтыта прыцягнула агромністую ўвагу.

19 верасьня ўлады знайшлі ў нацыянальным парку Гранд-Тытон у штаце Ваёмінг парэшткі, якія цяпер канчаткова ідэнтыфікавалі як цела Габі Пэтыта. Але дагэтуль не паведамляецца, дзе менавіта і як знайшлі цела.

Дзе цяпер Лондры?

Сям’я Браяна Лондры паведаміла пра ягонае зьнікненьне на мінулыя выходныя. Паліцыя і ФБР з дапамогай службовых сабак і дронаў вядуць пошукі ў парку Карлтан плошчай каля 10 тысяч гектараў у штаце Флорыда.

У панядзелак фэдэральныя агенты амаль 8 гадзін рабілі ператрус у доме ягоных бацькоў у горадзе Норт-Порт у штаце Флорыда. Лондры і Пэтыта жылі там ад 2019 году.

Да свайго зьнікненьня Лондры пазьбягаў кантактаў з паліцыяй.

Што адбывалася ў падарожжы?

Пара пачала сваё падарожжа ў ліпені. 12 жніўня паліцыя ў горадзе Моаб у штаце Юта выехала на паведамленьне пра магчымы інцыдэнт з удзелам пары. Запіс з паліцэйскай камэры паказвае, што Пэтыта плакала і скардзілася на свой псыхалягічны стан. Яна казала, што яны з Лондры часта сварацца апошнім часам.

Паводле паліцэйскага пратаколу Лондры казаў, што Пэтыта ўдарыла яго падчас сваркі. Абое адмовіліся пісаць афіцыйныя скаргі, і паліцыянты запатрабавалі, каб яны заначавалі асобна. Пэтыта засталася ў падарожным фургоне, а Лондры правёў ноч у гатэлі, куды яго адвезла паліцыя.

19 жніўня на YouTube-канале, які быў зарэгістраваны на электронны адрас Пэтыта, было апублікаванае відэа на якім пара ўсьміхаецца, цалуецца і бегае па пляжы. Аднак у канцы жніўня паведамленьні ў сацыяльных сетках пра іх падарожжа спыніліся.

Габі Пэтыта апошні раз размаўляла са сваёй маці па відэасувязі 24 жніўня, аднак маці атрымоўвала тэкставыя паведамленьні і пазьней. У ордэры на ператрус адзначалася, што паведамленьні сьведчылі пра ўсё большую напружанасьць у стасунках пары.

Апошняе паведамленьне ад яе прыйшло 30 жніўня, але маці сумняваецца, што яго пісала сама дачка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG