Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я павінен пераадолець гэту паскуду і справіцца!». Лідэр прадпрымальнікаў апавядае пра свой каранавірус


Анатоль Шумчанка ў шпіталі 20 верасьня
Анатоль Шумчанка ў шпіталі 20 верасьня

Міністэрства аховы здароўя афіцыйна прызнала чацьвёртую хвалю COVID-19 у Беларусі. Траціна шпітальнага фонду краіны перапрафілявалі пад хворых на «карону». Удвая больш пацыентаў, чым пры папярэдніх хвалях, маюць патрэбу ў кіслароднай падтрымцы, адзначаюць мэдыкі. Аднак вакцынаваныя пацыенты хваробу пераносяць значна лягчэй.

«Падступны COVID — інтэлектуальны, можа падладжвацца пад гарачкапаніжальныя»

13 верасьня на COVID-19 захварэла ўся сям’я лідэра прадпрымальнікаў Анатоля Шумчанкі. Сам ён у даволі цяжкім стане знаходзіцца ў кардыялягічным аддзяленьні 1-й клінічнай лякарні, якую ў канцы мінулага тыдня цалкам перапрафілявалі пад хворых на каранавірусную інфэкцыю.

Анатоль пачаў тэмпэратурыць прыкладна дзён 10 таму і ўсю «гісторыю хваробы» коратка занатоўвае ў фэйсбуку.

«Кампутарная тамаграфія — толькі па прызначэньні доктара. Доктар ня зьвязваўся. Лячэньня ніякага няма — асьпірын, вітаміны С і Д і цынк, шмат вады», — напісаў ён у фэйсбуку 13 верасьня.

14 верасьня хуткая дапамога адвезла Анатоля ў 1-ю гарадзкую клінічную лякарню. Тэмпэратура ў яго паднялася да 39 градусаў, кампутарная тамаграфія паказала 25% паразы лёгкіх, паставілі дыягназ «пнэўманія». Анатоль напісаў, што побач у палаце ляжыць сусед, прышчэплены «Спутником»: «Задышка, яму цяжка хадзіць, пашкоджаньне лёгкіх». На думку спадара Шумчанкі, вакцыны ня могуць угнацца за мутацыяй новых штамаў.

«Усё, што могуць зрабіць лекары — кропельніцы раствору, каб разбавіць ковідную кроў, паставіць укол гепарыну ў жывот супраць трамбозу, зьбіць тэмпературу; калі магчыма, даць кісларод і падняць сатурацыю. Усё астатняе залежыць ад вашага арганізму.

Падступны ковід — інтэлектуальны і да таго ж можа падладжвацца пад гарачкапаніжальныя: калі першы раз саб’е тэмпэратуру, а потым ужо лекі не працуюць.

Сёньня ў мяне традыцыйныя „трайчатка“ і парацэтамол у кропельніцах не спрацавалі і да вечара тэмпэратура ўзьнялася да 39,1. Давялося калоць гармоны. Пакуль спрацавала, але пытаньне, наколькі і як далей. Трайчатка таксама выдатна зьбівала да пары да часу», — напісаў Анатоль 15 верасьня.

Дагэтуль яму ставяць шмат кропельніц. Прадпрымальнік жартуе, што вены ў яго засталіся толькі на кісьці. Высокая тэмпэратура пакуль трымаецца, аналізы дрэнныя. 20 верасьня раніцай сатурацыя ўпала да 88 (сатурацыя, ніжэйшая за 92, лічыцца крытычнай).

Што да працы мэдыкаў, Анатоль піша: «Пэрсанал пачцівы і ветлівы. Працуюць, не шкадуючы сябе».

Трымаецца ён бадзёра («Я павінен пераадолець гэту паскуду і справіцца»), а таксама дзякуе ўсім за падтрымку.

Траціну шпітальнага фонду перапрафілявалі пад COVID-19

Паводе міністра Дзьмітрыя Піневіча, 100 тысяч ложкаў перапрафілявалі пад каранавірусных хворых — амаль траціну агульнага фонду ў краіне.

З 20 верасьня Рэспубліканскі клінічны шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны імя Машэрава перапрафіляваны пад лячэньне каранавіруснай інфэкцыі. Сюды звозяць хворых з усёй Менскай вобласьці. Ложкавы фонд аддзяленьняў шпіталя разьлічаны на 600 пацыентаў, аднак ковідны можа прыняць 460 хворых.

«Сёньня ўначы прывозілі хворых — зь Дзяржынску, Бярэзані, Мар’інай Горкі, Чэрвеня. У нас быў адзін корпус чысты, дык у адным аддзяленьні хтосьці захварэў — і панеслася. Ляжаць і пацыенты, і супрацоўнікі», — паведаміў чытач Свабоды, які працуе ў гэтым шпіталі.

На мінулым тыдні ў Менску перапрафілявалі 1-ю гарадзкую клінічную лякарню (гэта 650 ложкаў), раней — 10-ю лякарню.

Перапрафілююць шпіталі і ў рэгіёнах. Магілёўскую абласную лякарню мэдычнай рэабілітацыі, разьлічаную на 183 ложкі, цалкам перапрафілявалі, адно аддзяленьне Магілёўскага абласнога шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны перапрафілявалі пад рэабілітацыю пасьля каранавіруснай пнэўманіі, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўленьня здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандар Старавойтаў, перадае БелТА.

Чытачы Свабоды наракаюць на вялікія чэргі ў паліклініках.

«Адстаяўшы больш за тры гадзіны ў чарзе, зрабіў ПЦР-тэст на COVID-19. Адкрылі лісток непрацаздольнасьці. Празь дзень даведаўся, што тэст адмоўны. Сёньня пайшоў у паліклініку на прыём да лекара. Каля аднаго толькі кабінэта было звыш 20 хворых. У выніку я і іншыя проста закрылі лісток непрацаздольнасьці загадзя, каб яшчэ больш не захварэць у гэтых чэргах. Людзей вельмі шмат», — піша чытач Свабоды.

Хлопец са Жлобіна піша:

«У майго таты на кампутарнай тамаграфіі 10.09 выявілі пашкоджаньне лёгкіх на 25-30%, прыём прызначылі толькі на 14.09. У мяне проста няма слоў... Яму прызначылі толькі бромгексін і парацэтамол ад павышэньня тэмпэратуры. А ў яго, наадварот, тэмпэратура не падымаецца вышэй 35,7. Ні ціску не памералі, ні лёгкіх не паслухалі, на скаргі, што пячэ ў сьпіне, адказваюць, што яшчэ доўга будзе пячы, а ў бацькі дыябэт у дадатак».

У камэрцыйных мэдцэнтрах і ў дзяржаўных паліклініках і РНПЦ, якія прапаноўваюць платныя паслугі, кампутарная тамаграфія каштуе прыкладна 150 рублёў. Але нават за грошы зрабіць яе няпроста. Патрэбна накіраваньне доктара.

«А доктар вам ня дасьць накіраваньне на КТ, калі вы не пачалі задыхацца і калі тэмпэратура не даходзіць да 40 градусаў. Вам проста параяць піць паболей цёплай вадзічкі з цытрынай і вітамінам С і паменш нэрвавацца», — піша чытач Свабоды. І дадае, што ня ўсё можна купіць нават за грошы.

Вакцынаваныя пераносяць каранавірус значна лягчэй

Чацьвертае ковіднае аддзяленьне адкрылася і ў Слуцкім цэнтральным раённым шпіталі. Колькасьць захварэлых за мінулы тыдзень павялічылася на 18%. Галоўны доктар Слуцкай ЦРБ Алег Лесьнікоў паведаміў, што па стане на 16 верасьня поўны курс вакцынацыі прайшло 12,4% насельніцтва раёна. З тых, хто трапляе ў шпіталь, на 20 непрышчэпленых прыпадае адзін прышчэплены, піша слуцкі «Інфа-кур’ер».

Галоўны доктар Баранавіцкай гарадзкой лякарні Аляксандар Ткачоў паведаміў раёнцы «Наш край», што калі ў пачатку пандэміі ў Беларусі (увесну 2020 году) пацыентаў, якія маюць патрэбу ў кіслароднай падтрымцы, было каля 20%, то цяпер іх колькасьць вырасла да 30-40%.

Паводле Ткачова, цяжкіх выпадкаў не было сярод людзей, што зрабілі прышчэпку:

«Магу адказна заявіць, што сярод цяжкіх пацыентаў з каранавіруснай інфэкцыяй у нас у шпіталі пакуль не было ніводнага чалавека, які быў бы вакцынаваным».

Аднак людзі, якія зрабілі поўны цыкль прышчэпак, таксама могуць захварэць на ковід, але пераносяць хваробу ў лёгкай форме.

«Я вакцынаваўся „Спутником V“ яшчэ ў красавіку, калі толькі-толькі пачалася масавая прышчэпачная кампанія. Прычым вакцына была чыста расейскай, поўнага цыклю, вырабленая і разьлітая ў Расеі. У жніўні былі зь сябрамі ў вялікай кампаніі. Праз 3 дні сур’ёзна захварэла наша сяброўка, якая не была прышчэпленая. Я зрабіў тэст у камэрцыйным мэдцэнтры, у даведцы напісана „SARS-CoV-2 знойдзены“. Здаў тэст і на антыцелы — антытэлы таксама былі. Пайшоў на самаізаляцыю. Быў невялікі катар, лёгкі кашаль, тэмпэратура пару дзён трымалася паміж 37,3-37,5. Калі гэта каранавірус, то перанёс я яго зусім лёгка», — расказаў малады чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG