У Дняпры (Украіна) раніцай выбухнуў аўтамабіль Nissan Primera, загінулі два чалавекі. Справу папярэдне кваліфікавалі паводле артыкула «тэрарыстычны акт», паведамляецца на сайце абласной паліцыі.
У машыне знаходзіліся кіраўніца аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Дзяржаўнай службы па надзвычайных сытуацыях у Днепрапятроўскай вобласьці Дар’я Грэчышчава і вэтэран антытэрарыстычнай апэрацыі (АТА) Аляксей Каўлак, які быў сапёрам у зоне баявых дзеяньняў. Як паведамляе «Настоящее время», абое загінулі.
Прадстаўніца абласной паліцыі Ганна Старчэўская паведаміла, што фрагмэнтаў выбухоўкі пакуль не знайшлі. «На месцы падзей паліцэйскія выявілі, што выбух адбыўся ў аўтамабілі ці побач зь ім, у аўтамабілі знаходзіліся два чалавекі, — сказала яна. — Цяпер ужо ёсьць папярэдняя прававая кваліфікацыя — гэта тэрарыстычны акт».
Па словах Старчэўскай, дакумэнты загінулых знайшлі, папярэдне іх асобы ўстанавілі, але трэба правесьці экспэртызы.
Выбух адбыўся на праспэкце Хмяльніцкага, дзе быў перакрыты рух. Ад выбуховай хвалі ў доме побач вылецелі шыбы.