10 верасьня ў Менску адбыўся XXV зьезд Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. У ім узялі ўдзел 120 дэлегатаў з усёй краіны, інфармуе афіцыйны сайт арганізацыі.
Акрамя арганізацыйных пытаньняў, праблематыкі валянтэрства, мэдычнай, сацыяльнай дапамог і іншых пытаньняў, пастаўленых на парадак дня, Зьезд абраў новых генэральнага сакратара і старшыню прэзыдыюму.
Старшынём прэзыдыюму абралі намесьніка міністра аховы здароўя Дзьмітрыя Чараднічэнку.
Генэральны сакратар, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Мычко на зьезьдзе падвяла вынікі дзейнасьці БТЧК у папярэднія 5 гадоў. Новым генэральным сакратаром дэлегаты абралі Дзьмітрыя Шаўцова.
Шаўцоў нарадзіўся ў 1973 годзе, працаваў у Жлобіне анэстэзіёлягам-рэаніматолягам, намесьнікам галоўнага лекара, затым пераехаў у Менск, дзе праз год пасьля пераезду стаў галоўным лекарам 34-й цэнтральнай раённай паліклінікі Савецкага раёну. Двойчы быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Апошнім часам працаваў галоўным лекарам 1-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
Яшчэ ў 2019 годзе Шаўцоў як дэпутат рэзка выступаў супраць усталяваньня ў Менску і іншых гарадах Беларусі шапікаў па продажы тытунёвых вырабаў «Табакерка».
«Наша краіна спартовая, пра гэта ведае ўвесь сьвет. Таму насаджэньне адмысловых шапікаў для курцоў, безумоўна, нашкодзіць такому іміджу», — казаў Шаўцоў.
Аднак неўзабаве шапікі пачалі масава зьяўляцца на вуліцах беларускіх гарадоў, і гэты факт не сустрэў супраціву з боку дэпутатаў, якія супраць іх выказваліся. Сетка шапікаў «Табакерка» належала набліжанаму да Лукашэнкі бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, які ў 2021 годзе трапіў пад пэрсанальныя санкцыі ЗША.
На выбарах прэзыдэнта ў 2020 годзе Дзьмітры Шаўцоў старшыняваў у Менскай гарадзкой выбарчай камісіі, якая, у прыватнасьці, аднагалосна зацьвердзіла лічбы ЦВК па колькасьці подпісаў у сталіцы за кандыдатаў, хоць выбарчыя штабы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы заяўлялі пра шматлікія парушэньні і незаконнае адхіленьне вялікай колькасьці подпісаў, у выніку чаго абодвух кандыдатаў не зарэгістравалі на выбары.
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) — самая буйная гуманітарная арганізацыя на тэрыторыі Беларусі, частка Міжнароднага Руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца.
Пасьля катаваньняў на Акрэсьціна і ў іншых месцах масавага ўтрыманьня грамадзян у жніўні і ў наступныя месяцы 2020 году арганізацыя, паводле шматлікіх сьведчаньняў, ніяк не дапамагала пацярпелым, а перад гэтым актыўна ўдзельнічала ў фальсыфікацыі выбараў: на 362 участках, дзе працавалі прадстаўнікі БТЧК, плятформа «Голас» даказала факты фальсыфікацый — колькасьць фота бюлетэняў з галасамі за Сьвятлану Ціханоўскую перавысіла колькасьць залічаных за яе галасоў у пратаколах, падпісаных сябрамі камісій.
Пісьменьнік Саша Філіпенка ўвесну 2021 году прапанаваў кіраўніку Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа Пэтэру Маўрэру наведаць беларускія турмы, каб пабачыць нечалавечыя ўмовы ў іх. Аднак Маўрэр тады спаслаўся на адсутнасьць у МКЧК адпаведнага мандату.
Таксама беларус зьвярнуў увагу міжнароднага камітэту на факты ўдзелу беларускай арганізацыі ў фальсыфікацыі выбараў і прасіў праверыць, куды ідуць грошы, якія зьбіраюць зь людзей на функцыянаваньне Чырвонага Крыжа ў Беларусі. Вынікі расьсьледаваньня, якое нібыта абяцаў МКЧК, невядомыя.