У адпаведнай заяве гаворыцца, што ТНР зьяўляюцца «агрэсіўнай формай замежнага ўмяшаньня, пры якой дзяржавы або іх пасярэднікі спрабуюць запалохаць, перасьледаваць, нанесьці шкоду або прымусіць да дзеяньняў асобных людзей або супольнасьці па-за межамі сваіх рубяжоў».
Транснацыянальныя рэпрэсіі, адзначана ў дакумэнце, «падрываюць нацыянальную бясьпеку, дзяржаўны сувэрэнітэт, бясьпеку і правы чалавека ахвяр, а таксама прынцыпы міжнароднага права». ТНР, як зьвяртаюць увагу лідэры G7, «часта закранаюць дысыдэнтаў, журналістаў, праваабаронцаў, рэлігійныя меншасьці і тых, хто ідэнтыфікуецца як частка дыяспар».
Падпісанты заявы асуджаюць «усе акты транснацыянальных рэпрэсій», сярод якіх «пагрозы або акты фізычнага гвалту, такія як перасьлед, напад, выкраданьне або забойства; злоўжываньне супрацай зь іншымі замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі органамі і міжурадавымі арганізацыямі з мэтай затрыманьня, прымусовага вяртаньня..., напрыклад, выкарыстоўваючы экстэрытарыяльнае заканадаўства і контртэрарыстычныя і сьледчыя інструмэнты; прымусовае вяртаньне шляхам адабраньня пашпартоў, ануляваньня дакумэнтаў або адмовы ў консульскіх паслугах».
Лідэры G7 таксама асуджаюць лічбавыя ТНР — «распаўсюд асабістай інфармацыі і сэксуалізаваныя паклёпніцкія кампаніі, асабліва накіраваныя на жанчын, з мэтай прымусу, маўчаньня, запалохваньня, дыскрэдытацыі ці помсты; прамыя або ўскосныя пагрозы на адрас членаў сям’і».
«Мы таксама занепакоеныя пагрозамі з боку замежных дзяржаў і іх пасярэднікаў нашым грамадзянам па-за межамі нашых рубяжоў, такімі як адвольныя затрыманьні, — гаворыцца ў заяве. — Мы прызнаем важную ролю ўсіх партнэраў, уключаючы грамадзянскую супольнасьць, акадэмічныя колы і прыватны сэктар, у процідзеяньні гэтай пагрозе. Мы вітаем рэкамэндацыі да дзеяньняў, якія вынікаюць са Шматбаковага дыялёгу G7 па транснацыянальных рэпрэсіях, праведзенага ў Атаве ў лютым 2025 году, па распрацоўцы канкрэтных стратэгій абароны тых, хто зьяўляецца мішэньню».
Лідэры G7 абавязваюцца «садзейнічаць агульнаму разуменьню ТНР, падвышаць дасьведчанасьць і прасоўваць падсправаздачнасьць, каб павялічыць цану для тых, хто робіць акты ТНР». У гэтым пляне яны маюць намер садзейнічаць «глябальнаму разуменьню пагрозы і яе разбуральнага ўзьдзеяньня, у тым ліку на правы чалавека і дэмакратыю».
Палітыкі таксама маюць намер «распрацаваць рамачную праграму ўстойлівасьці і рэагаваньня на ТНР», якая будзе ўключаць «меры ўзмацненьня супрацы G7 у супрацьдзеяньні ТНР», «зборнік лепшых практык у галіне апэратыўнай, дыпляматычнай, палітычнай, заканадаўчай і грамадзкай працы», «абмен інфармацыяй пра апошнія тэхнікі, тэндэнцыі і вэктары ТНР».
Плянуецца таксама «запусьціць Акадэмію лічбавага выяўленьня ТНР праз Мэханізм хуткага рэагаваньня G7 для фармаваньня калектыўнай здольнасьці выяўляць ТНР у інтэрнэце»; «падтрымліваць тых, хто можа быць мішэньню ТНР, а таксама членаў грамадзянскай супольнасьці, якія актыўна працуюць супраць гэтай пагрозы, у тым ліку праз такія ініцыятывы, як Канадзка-Брытанскі фонд кібэрбясьпекі «Агульная карысьць».
«Мы падвоім нашы намаганьні па гарантаваньні бясьпекі нашых супольнасьцяў, абароне правоў чалавека, у тым ліку свабоды выказваньня меркаваньняў у інтэрнэце і афлайн, і абароне нашага сувэрэнітэту», — гаворыцца ў заяве.
Праблема транснацыянальных рэпрэсій актуальная для беларусаў, што былі вымушаныя пакінуць сваю краіну праз рызыку палітычнага перасьледу.
Для перасьледу грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўвёў у практыку працэдуру спэцыяльнай вытворчасьці. Яна дае магчымасьць праводзіць завочныя суды па крымінальных справах, выносіць прысуды, адбіраць маёмасьць грамадзян, што пакінулі радзіму.
Шырока прымяняецца ў дачыненьні да ідэйных праціўнікаў уладаў. Спэцвытворчасьць нярэдка распачынаюць за дзеяньні, якія рэжым Лукашэнкі лічыць незаконнымі, зробленыя па-за межамі Беларусі.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум