Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэгулятар ЭЗ пакуль ня можа назваць дату рэгістрацыі расейскай вакцыны «Спутник V»


Эўрапейскае агенцтва па лекавых сродках ня можа назваць дату ўхвалы ў ЭЗ расейскай вакцыны ад каранавірусу «Спутник V» і кітайскага прэпарата Sinovac.

Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Амстэрдаме паведаміў прадстаўнік рэгулятара. Перамовы з вытворцамі вакцынаў агенцтва лічыць прадуктыўнымі.

Акрамя «Спутника V» і Sinovac, рэгулятар праводзіць экспэртызу нямецкай вакцыны CureVac, амэрыканскай NovaVax і францускай Vidprevtyn.

Цяпер у ЭЗ выкарыстоўваюць прышчэпкі Pfizer / BioNTech, Moderna, AstraZeneca і Johnson & Johnson. Pfizer / BioNTech і Moderna ўхваленыя для вакцынацыі дзяцей ад 12 гадоў.

Расейскі фонд прамых інвэстыцыяў, які прасоўвае «Спутник V» за мяжой, мяркуе, што ўзаемнае прызнаньне вакцынаў ад COVID-19 у розных краінах адбудзецца да канца году.

Вакцына «Спутник V» распрацаваная Цэнтрам імя Гамалеі. Прэпарат атрымаў рэгістрацыю ў жніўні 2020 году і стаў першай у сьвеце прышчэпкай ад COVID-19. Расея зарэгістравала прэпарат да заканчэньня клінічных выпрабаваньняў. Гэта стала падставай для крытыкі з боку шэрагу мэдыкаў.

На пачатку году аўтарытэтны мэдычны часопіс The Lancet апублікаваў папярэднія вынікі трэцяй фазы выпрабаваньняў прэпарата «Спутник V», якія ацанілі яго эфэктыўнасьць вышэй, чым у 91%. Пры гэтым шэраг адмыслоўцаў сьцьвярджаюць, што пра эфэктыўнасьць і бясьпеку расейскай вакцыны па-ранейшаму няма неабходных дадзеных.

«Спутник V» афіцыйна ўхвалены ў дзьвюх краінах ЭЗ — Вугоршчыне і Славаччыне. На пачатку жніўня ЭЗ дамовіўся аб прызнаньні сэртыфікату вакцынацыі Сан-Марына, мікрадзяржавы, якая не ўваходзіць у ЭЗ. Большасьць жыхароў гэтай краіны прышчэпленыя расейскай вакцынай.

У Славаччыне рашэньне аб ужываньні «Спутника V» выклікала палітычны крызіс. У выніку працэс вакцынацыі расейскай прышчэпкай быў спынены, Славаччына вярнула Расеі нескарыстаныя дозы прышчэпкі, скарысталі толькі 40 тысячаў дозаў.

У Вугоршчыне расейскай вакцынай было прышчэплена каля мільёна чалавек.

  • Між тым, паводле дадзеных Эўракамісіі, 70% дарослага насельніцтва краінаў ЭЗ ужо прышчэпленыя ад каранавірусу. Пераважная частка зь іх — не расейскай вакцынай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG