Пра гэта 8 верасьня заявіла першая намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан. Таксама ў ведамстве сказалі, што галоўная мэта — забясьпечыць гатоўнасьць сыстэмы.
Яна адзначыла, што апошнім часам назіраецца павелічэньне захворваньня на COVID-19:
«Гэта чакана: прыйшоў штам „дэльта“. За летні час сыстэма аховы здароўя падрыхтавалася да ўздыму захворваньня: нарасьцілі запасы лекавых сродкаў, сродкаў індывідуальнай засьцярогі, значна павялічылі колькасьць пунктаў падачы кіслароду. Мы далі адпачыць нашаму пэрсаналу: людзі максымальна змаглі пайсьці ў адпачынак падчас пэрыяду, калі адзначаўся нізкі ўзровень захворваньня».
Таксама Богдан назвала асноўную задачу Міністэрства аховы здароўя — забясьпечыць гатоўнасьць сыстэмы. Акрамя каранавірусу, падрыхтоўкі вымагае і магчымая эпідэмія грыпу, да якой традыцыйна рыхтуюцца штогод.
Раней беларускія ўлады неаднаразова атрымлівалі крытыку за яўнае заніжэньне сапраўдных лічбаў захварэлых на COVID-19. Паводле ацэнак экспэртаў у мэдыцыне, паказьнікі маглі заніжацца ажно ў 7 разоў.
Журналісцкае расьсьледаваньне онлайн-выданьня «Медиазона» паказала, што за 2020 год у адным Менску ад каранавірусу памерла больш людзей, чым афіцыйна па ўсёй Беларусі.