Празь перасьлед за грамадзянскую пазыцыю разам зь сям’ёй Кацярына Пытлева яшчэ летась зьехала зь Беларусі. Цяпер яна праграмная дырэктарка і вядоўца YouTube-каналу Malanka Media.
«Дзьверы зламалі ня толькі ўваходныя, але і чамусьці і ў спальню, хоць замкоў усярэдзіне не было. Парэзалі калёнкі, малатком разьбілі фігуркі вожыкаў, парвалі вясельныя фатаграфіі, распатрашылі вінілавую калекцыю і рассыпалі крупы і муку па ўсёй кватэры. Я ўжо не кажу пра скрынкі, у якія мы склалі ўсе рэчы, калі зьяжджалі. Такая вось помста рэжыму. No comments», — напісала Кацярына Пытлева на сваёй старонцы ў Facebook.
Журналістка звольнілася зь Беларускай тэлевізіі ў мінулым годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Такім чынам яна выказала нязгоду з палітыкай дзяржавы і кіраўніцтва кампаніі.
Пасьля выбарнай кампаніі Кацярына Пытлева страціла яшчэ адну працу — на радыё. Уладкавацца ў мэдыйнай прасторы Беларусі было вельмі складана, на мэдыйных асобаў чыніўся ціск.
Яе мужа затрымалі ў адну зь нядзеляў на маршы пратэсту і асудзілі на 10 сутак арышту. Толькі дзякуючы валянтэрам сям'я даведалася, дзе ён.
Па словах журналісткі, пасьля гэтага ціск працягнуўся, але іншым чынам. Пачалі расьсьледаваньне эканамічнай дзейнасьці, паляцелі ананімныя даносы за нібыта абразу дзяржаўнай сымболікі ў сацыяльных сетках. Калі прыйшла позва са Сьледчага камітэту, вырашылі зьяжджаць.