Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая вядоўца БТ Пытлева — пра Malanka Media, «карнікаў» у эфіры і перажытыя рэпрэсіі


Кацярына Пытлева
Кацярына Пытлева

Праграмная дырэктарка і вядоўца youtube-каналу Malanka Media Кацярына Пытлева, якая звольнілася з БТ на знак пратэсту напярэдадні выбараў, расказвае, як кардынальна зьмяніліся яе жыцьцё і праца за апошнія чатыры месяцы.

Глядзіце размову на відэа цалкам.

Тут фрагмэнты размовы.

Сьцісла

  • Нам бракуе незалежных СМІ. На тыя, што ёсьць, аказваюць сур’ёзны ціск. Менавіта таму зьявілася наша каманда. Місія — сумленныя навіны, аналітыка.
  • Я тры дні вартавала па 10-12 гадзінаў ля будынку суду. Як кажуць цяпер — на шчасьце, гэта былі толькі «суткі» для мужа.
  • На мяне ананімны данос нехта напісаў за нібыта абразу дзяржаўнай сымболікі ў сацыяльных сетках. Можа быць крымінальны перасьлед і зьняволеньне да году.
  • Я зьдзівілася, што Натальля выяжджае зразаць стужачкі, але ж і нелегітымны кіраўнік таксама выходзіў з аўтаматам разганяць мітынгоўцаў. Можа, такі прыклад заразьлівы.


Пра youtube-канал Malanka Media

Кацярына Пытлева
Кацярына Пытлева

Malanka Media задумвалася яшчэ ў чэрвені як адзін з праектаў онлайн-плятформы zubr. in, якая сачыла за выбарчым працэсам у краіне. Вынікі нам усе вядомыя. Тады на плятформе быў створаны канал, у рамках якога ішлі дыскусіі і жывыя эфіры, прысьвечаныя выбарам. Гэта выклікала цікавасьць у гледачоў, у выніку зьявілася ідэя стварыць асобны рэсурс, бліжэйшы да СМІ, які будзе ўключаць і навіны, аналітычныя праграмы і дакумэнтальныя фільмы. Нам бракуе незалежных СМІ. На тыя, што ёсьць, аказваюць сурʼёзны ціск. Менавіта таму зьявілася наша каманда. Місія — сумленныя навіны, аналітыка, усё тое, што запатрабавана цяпер у беларускага народу і ня толькі, бо за падзеямі ў Беларусі сочаць і за мяжой. Таму неабходная яшчэ адна крыніца праўдзівай інфармацыі, якою мы хочам стаць і ўжо сталі.

Пра заснавальніка мэдыярэсурсу


Мэдыярэсурс Malanka Media, у далейшым гэта будзе Zubr Media, заснаваў сын былога палітзьняволенага, экс-міністра замежнаэканамічных сувязяў Міхаіла Марыніча — Павал Марыніч. Ён робіць усё, каб мы разьвіваліся і маглі ў далейшым канкураваць з іншымі СМІ. Хаця пра канкурэнцыю цяпер не ідзецца, кожная праўдзівая крыніца інфармацыі — на вагу золата.

Пра каманду


Каманда зьбіралася адусюль. Сярод нас ёсьць пацярпелыя падчас падзеяў у жніўні, ёсьць дзяўчына, якая прайшла праз Акрэсьціна ў самыя жорсткія дні. Ёсьць прафэсійныя журналісты, якія працавалі ў іншых незалежных СМІ Беларусі. Ёсьць тыя, хто толькі пачынае займацца відэасфэрай, як наша рэдактарка з Бабруйску, якая раней працавала ў друкаваных СМІ. Я — адзіная з каманды, хто раней працаваў у дзяржаўных СМІ.

Наўпроставы лінк


Што з мультымэдыйнай плятформай, якую плянавалі стварыць былыя супрацоўнікі БТ і іншых дзяржаўных СМІ


Мы вельмі хацелі яе зрабіць, было шмат прапанавана дапамогі. На жаль, такія часы цяпер, ёсьць нядобрасумленныя людзі. Мы вельмі спадзяваліся на інвэстараў, якія паабяцалі дапамагчы ў рэалізацыі буйной плятформы. Мы не хацелі засяроджвацца толькі на youtube-канале, хацелі стварыць рэсурс, які дасьць працу тым журналістам, хто звольніўся ці быў звольнены празь перакананьні, ня толькі ў відэасфэры, але і ў сфэры друкаваных СМІ і радыё. Тыя журналісты, зь кім гэта задумвалася, працягваюць рабіць крокі ў гэтым кірунку. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца, проста гэты працэс зацягнуўся.

Ці будзе ў Malanka Media беларуская мова


Цяпер мы засяродзіліся на расейскай мове. У сьвеце вялікая цікавасьць да Беларусі і вялікі запыт на расейскамоўны кантэнт, і трэба, каб нас разумелі. Цяпер мы робім субтытры па-ангельску. Беларускамоўны кантэнт будзе, але крыху пазьней, мы яго ўключым у стратэгію разьвіцьця. Многія незалежныя мэдыя працуюць па-беларуску, і праз гэта ня ўсе навіны зразумелыя замежным гледачам, хто цікавіцца падзеямі ў Беларусі.


Ці варта вядоўцам у выпусках навінаў ужываць слова «карнікі»


Мы абмяркоўвалі гэты момант. Нехта называе такія выразы словамі нянавісьці, некаторыя, наадварот, падтрымліваюць — я маю на ўвазе нашых гледачоў і прадстаўнікоў СМІ, якія нас кансультуюць. Мы заручыліся падтрымкай сурʼёзных лідэраў у гэтай сфэры. Нам вельмі хочацца называць рэчы сваімі імёнамі. Беларусы, якія праз гэта прайшлі і з гэтым сутыкаюцца штодня, насамрэч згодныя і са словам «карнікі», і са словам «узурпатар», і многімі іншымі, якія гучаць у Malanka Media. Больш за тое, некаторым грэе душу, як нам пішуць нашы падпісчыкі, менавіта такая фармулёўка. Мы будзем імкнуцца, каб гэта не было абразьлівым, будзем крыху адыходзіць ад падобных словаў, але тым ня менш будзем казаць праўду.


Пра сямʼю і рэпрэсіі

Кацярына Пытлева
Кацярына Пытлева

Пасьля жніўня я страціла яшчэ адну працу — на радыё. Уладкавацца ў мэдыйнай прасторы Беларусі было вельмі складана. Маю на ўвазе прастору, дзе я прызвычаілася працаваць: дзяржаўныя мэдыя ці блізкія да іх. На мэдыйных асобаў чыніўся ціск. Я яго адчула. Майго мужа затрымалі ў адну зь нядзеляў, як і больш за 20 тысяч беларусаў. Яго засудзілі на 10 дзён арышту. Гэта быў вельмі няпросты пэрыяд, бо ў нас двое маленькіх дзетак. Толькі дзякуючы валянтэрам я даведалася, дзе знаходзіцца муж пасьля затрыманьня. Было катаваньне судамі, тры дні мы чакалі суду, ня ведалі, калі пасяджэньне, ці можна з адвакатам трапіць на працэс. Я тры дні вартавала па 10-12 гадзінаў ля будынку суду. Як кажуць цяпер — на шчасьце, гэта былі толькі «суткі». У мужа былі траўмы, але сурʼёзных не было. Муж сутыкнуўся з жахлівымі ўмовамі ў зьняволеньні, як і многія нашы грамадзяне.

Потым ціск працягнуўся, але іншым чынам. Пачалі расьсьледаваньне яго эканамічнай дзейнасьці, хаця мой муж не бізнэсовец, і ў нас зусім звычайная сямʼя. На мяне ананімны данос нехта напісаў за нібыта абразу дзяржаўнай сымболікі ў сацыяльных сетках. А тут можа быць крымінальны перасьлед і зьняволеньне да году. Нядаўна прыйшла позва са Сьледчага камітэту. Неяк так мы і жывем, як амаль уся Беларусь.

Пра Натальлю Эйсмант


Я знаёмая з Эйсмантамі ня больш, чым уся Беларусь. На працы мы не перасякаліся, толькі адзіны раз, калі мяне выклікалі «на дыван» за мой допіс у сацсетках, напярэдадні звальненьня. Таму меркаваць як пра людзей, як пра прафэсіяналаў — не магу. Што да зьліваў, то мяне найбольш уразіла, што яны адбыліся. Я ў гэтым бачу пазытыўны маячок для пратэстоўцаў, для тых, хто хоча пераменаў. Гэта значыць, што і ўнутры сыстэмы адбываюцца пазытыўныя для ўсіх нас зьмены. І гэта добра. Я была зьдзіўленая, як і многія, што Натальля (магчыма, гэта была Натальля) выяжджае зразаць стужачкі і разганяць мітынгоўцаў, але ж і нелегітымны кіраўнік дзяржавы таксама выходзіў з аўтаматам разганяць мітынгоўцаў. Можа быць, такі прыклад заразьлівы.


Хто заняў месцы ў тэлеэфіры БТ


Пэўны час я зусім не сачыла, што адбываецца там, цяпер рэдка гляджу тэлевізію, а потым мне стала цікава, што ж адбылося з той праграмай, якую я вяла. Зьявілася новая праграма ў нашай студыі. Кагосьці лепш, кагосьці горш ведаю зь вядоўцаў. Вельмі была зьдзіўленая, што некаторыя вядоўцы, якія страйкавалі з намі ля Белтэлерадыёкампаніі, цяпер працуюць у эфіры. Яны вярнуліся і зьяўляюцца тварамі эфіру Белтэлерадыёкампаніі. Тыя, з кім я кантактую, — гэта ня «твары», а людзі, якія займаюцца здымкамі, мантажом. Яны засталіся, бо лічаць, што ня маюць дачыненьня да той няпраўды пра падзеі ў Беларусі, якая трансьлюецца. Яны займаюцца забаўляльным кантэнтам. І ў кожнага ёсьць такая важкая матывацыя, як сямʼя, якую трэба карміць. Некаторыя шматдзетныя. Гэта можна зразумець, але ставіцца да гэта можна па-рознаму.

Пра калегаў з БТ, якія звольніліся


Многія імкнуцца трымацца мэдыяпрасторы. Некаторыя пайшлі працаваць у незалежныя СМІ (гэта ня тычыцца вядоўцаў). Часта ў вядоўцаў былі і іншыя віды дзейнасьці, і яны зрабілі стаўку на гэта цяпер. Былі створаныя youtube-каналы, аўтарскія шоў, і гэта вельмі здорава. Некаторыя пайшлі выкладаць, бо досьвед у вядоўцаў вялікі — сцэнічнае маўленьне, акторскае майстэрства, публічныя выступы. Некаторым удалося працягнуць працу, але ў іншых краінах (прыклад Дзімы Кахно, які пераехаў і стаў тварам вялікага праекту). Ведаю тых, хто некалькі месяцаў сядзіць бяз працы. Ёсьць людзі, якія перакваліфікаваліся дзякуючы створаным ініцыятывам, той жа ІТ-ініцыятыве «Честных людей». Людзі навучаюцца і пераходзяць працаваць у зусім іншую сфэру. Ведаю чалавека, які пайшоў працаваць у таксі. Усе чакаюць перамен, каб вярнуцца да любімай працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG