Пад артыкулам «Мутацыя веры» з падзагалоўкам «Крыжы бываюць розныя» рэдакцыя зьмясьціла карыкатуру на каталіцкіх сьвятароў, у якіх замест крыжоў свастыка, а ў аднаго яшчэ і бел-чырвона-белы сьцяжок.
Самі яны ў гэты час нібыта сьпяваюць гімн «Магутны Божа», дзе пад клічнікамі выведзенага мастаком словазлучэньня таксама выяўленыя нацысцкія знакі. «Мінская праўда» піша пры гэтым: «Што хвалюе ў Беларусі каталіцкіх дзеячаў і іх польскіх куратараў?»
Пры гэтым іншы матэрыял на тытульнай старонцы мае назву, якая адсылае ў часы нацысцкай Нямеччыны: «У чым меў рацыю Гебэльс?» (начальнік упраўленьня прапаганды Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі пры рэжыме Гітлера. — РС).
На скандальную публікацыю ў дзяржаўнай газэце адрэагаваў прадстаўнік Беларускага касьцёла ксёндз Юры Санько.
«Што гэта? Правакацыя? Хайп? Сумна, але такая наша рэчаіснасьць. У час, калі беларускі народ стомлены вырашэньнем грамадзка-палітычных пытаньняў, змучаны барацьбой з пандэміяй каранавірусу, у сьвятле новаўтворанага сьвята „народнага адзінства“ рэдакцыя газэты „Мінская праўда“ плюе ў твар некалькім мільёнам католікаў, якія жывуць у нашай краіне. А калі ўважліва паглядзець на разьмешчаную на першай старонцы карыкатуру, дзе зьневажаецца крыж, дык тым самым абражае ўсіх хрысьціян прапагандай нацысцкай сымболікі. Няма жаданьня ацэньваць набор літар, які падаецца як артыкул, лепш гэта зробяць гісторыкі. Дзяржаўная ўстанова, законы ведаюць», — адзначыў сьвятар.
Пры гэтым Юры Санько нагадаў, што кожны тыдзень беларускія каталікі моляцца ў тым ліку і за ворагаў касьцёла.