Дэталі агучыў міністар унутраных справаў Марыюш Каміньскі. Паводле яго, за ўчорашні дзень у Польшчу нелегальна спрабавалі трапіць 152 асобы. Ад чацьвярга, калі было ўведзена надзвычайнае становішча, адбылося 457 такіх спробаў.
Ужо некалькі тыдняў на польска-беларускай мяжы заблякаваныя ўцекачы з Блізкага Ўсходу. Некалькі дзясяткаў чалавек ня могуць трапіць у Польшчу, бо палякі іх ня ўпускаюць. Вярнуцца ў Беларусь ім не дазваляюць беларускія сілавікі.
Гэтае здарэньне стала адной з галоўных навінаў у Польшчы. На мяжу каля мясцовасьці Горны Ўснар прыяжджалі апазыцыйныя палітыкі і праваабаронцы, якія спрабавалі дапамагчы ўцекачам. Паводле прэм’ера Матэвуша Маравецкага, прадстаўнікі апазыцыі сталі акторамі сцэнару, які быў напісаны ў Менску і Маскве.
«Такой напружанай сытуацыі на мяжы ў нас не было 30 гадоў. Ад самага пачатку гэты крызіс зьяўляецца правакацыяй Лукашэнкі і спробай выклікаць хаос», – сказаў Маравецкі.
Аднак, як заявіў міністар унутраных справаў, уцекачы каля Горнага Ўснара знаходзяцца пад кантролем беларускіх сілавікоў. Ад іх яны атрымліваюць ежу, вопратку і спальныя мяшкі. У гэты намётавы лягер, паводле Каміньскага, прыбываюць новыя людзі. Польскія памежнікі ўжо зафіксавалі новыя твары.
«Большасьць людзей, якія пераступілі нашу мяжу, гэта грамадзяне Іраку, якія самалётамі даляцелі ў Менск. Пэўная група паходзіць з Афганістану. Але не зьвязвайце гэта з апошнімі падзеямі ў гэтай краіне. Гэта асобы, якія ўжо шмат гадоў жылі ў Расеі. Яны знаходзіліся там легальна, працавалі, але потым ім прапанавалі трапіць у Эўразьвяз. У сярэднім яны плоцяць 5,5 тысячы даляраў за чалавека. Большасьць зь іх зьдзіўленая, што яны ў Польшчы, а не Нямеччыне» , – сказаў міністар.
Паводле польскай Памежнай службы, у Беларусі цяпер знаходзіцца 10 тысяч мігрантаў, якіх запрасіў рэжым Лукашэнкі.
«Мігрантаў забіраюць зь Менску, прыяжджаюць аўтобусы, якія едуць на мяжу. Там іх сустракаюць людзі ў масках, у форме і са зброяй, якія вязуць іх на мяжу і паказваюць пераходы. Часам яны ставяць драбіны, пні дрэваў, каб мігранты маглі прайсьці цераз плот, але мы затрымліваем іх са 100% эфэктыўнасьці», – дадаў Каміньскі.
Паводле польскага ўраду, польскія службы выявілі за апошнія тыдні каля 40 рэйсаў з Багдаду ў Менск. Палякі падлічылі, у Менск за гэты час прыбыло каля 10 тысяч іракцаў.