Кіраўніца міжнароднага цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом» Вольга Карач знаходзіцца ў сьпісе «арганізацый і фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», заўважыла «Эўрарадыё».
З траўня Telegram і YouTube-каналы Вольгі Карач ужо прызнаныя экстрэмісцкімі.
Летась у траўні ГУБАЗіК прадставіў у суд дакумэнты, у якіх было напісана, што каналы грамадзкай дзяячкі заклікалі да дэстабілізацыі ў краіне і зьвяржэньня Лукашэнкі.
Справа «ОГСБ»
Акрамя Вольгі Карач, у сьпіс «фізычных асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» ўнесьлі фігурантаў справы «ОГСБ» («Атрад грамадзянскай самаабароны Беларусі»). Паводле Генапракуратуры, мэтай дзейнасьці «ОГСБ» было «абʼяднаньне радыкальна настроеных грамадзян», а стварыў яго ў верасьні 2020 году грамадзянін Нямеччыны Дзяніс Хофман. 18 жніўня Вярхоўны суд Беларусі прызнаў «ОГСБ» тэрарыстычнай арганізацыяй.
- Натальля Матвеева,
- Вадзім Гулевіч,
- Аляксей Глотаў,
- Кірыл Ашурак,
- Зьміцер Сасноўскі,
- Дзяніс Хофман (Хромаў).
Папярэдняе абнаўленьне сьпісу было сёлета ў лютым
Тады ў яго ўнесьлі фігурантаў спраў Мікалая Аўтуховіча і Ігара Аліневіча.
«Група Аўтуховіча»:
- Мікалай Аўтуховіч
- Павал Сава
- Артур Папок
- Ірына Гарачкіна
- Сяргей Разановіч
- Павал Разановіч
- Любоў Разановіч
- Ірына Мэльхер
- Антон Мэльхер
- Галіна Дзербыш
- Віктар Сьнегур
- Уладзімер Гундар
- Вольга Маёрава
28 кастрычніка мінулага году каля ўкраінскай мяжы затрымалі групу анархістаў — Ігара Аліневіча, Зьмітра Дубоўскага, Зьмітра Разановіча, Сяргея Раманава. У іх нібыта знайшлі дзьве адзінкі агнястрэльнай зброі з боепрыпасамі, баявую ручную гранату, траўматычны пісталет і патроны да яго, халодную зброю і балёнчыкі зь пярцовым газам, форму і заплечнікі вайсковага ўзору, палаткі, сапэрную рыдлёўку, сякеру, ліхтары, ноўтбукі і пляншэты, GPS-трэкеры, відэарэгістратары, фотакамэру і іншае. У КДБ лічаць, што «група Аліневіча» пасьпела зрабіць у Мазыры падпал аддзелу ДАІ і падпаліць машыны ля будынка пракуратуры ў Салігорску.
«Група Аліневіча»:
- Ігар Аліневіч
- Зьміцер Дубоўскі
- Сяргей Раманаў
- Дзьмітры Разановіч
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча», дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня, яны паведамілі, што за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і актывіст Мікалай Аўтуховіч. Спачатку крымінальная справа была заведзеная Сьледчым камітэтам паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, зьдзейсьненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 «Акт тэрарызму».
Таксама ў сьпісе ёсьць Сьцяпан Пуціла, заснавальнік папулярнага тэлеграм-каналу, прызнанага экстрэмісцкім рашэньнем суду, і Раман Пратасевіч, які быў яго галоўным рэдактарам. Пратасевіча і Пуцілу абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў і групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама ў распальваньні сацыяльнай варожасьці.