YouTube заявіў, што з пачатку пандэміі COVID-19 хостынг выдаліў больш за мільён відэаролікаў зь «небясьпечнай дэзынфармацыяй пра каранавірус». Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Паведамленьне відэаплятформы, якая належыць Google, зьявілася на фоне заяваў палітычных лідэраў, якія сьцьвярджаюць, што сацыяльныя сеткі ня здолелі спыніць распаўсюд хлусьлівай і шкоднай дэзынфармацыі пра вірус і на іншыя тэмы.
У сваім блогу YouTube заявіў, што кампанія абапіраецца на «кансэнсус экспэртаў з органаў аховы здароўя», уключаючы Цэнтры па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў і САЗ, адзначыўшы пры гэтым, што ў некаторых выпадках «дэзынфармацыя зьяўляецца ня гэтак відавочнай» на фоне зьяўленьня новых фактаў.
«Наша палітыка накіраваная на выдаленьне любых відэа, якія могуць наўпрост прывесьці ў рэальным сьвеце да шкоды, якая пераходзіць усе межы», — заявіў дырэктар кампаніі па прадуктах Ніл Мохан.