Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ня ведаю, што такое інтэрнэт». Гісторыя Пятра Кучуры, які адседзеў у турме 17 гадоў. ВІДЭА


Пятро Кучура
Пятро Кучура

Сваю віну абвінавачаны ў забойстве егера так і не прызнаў.

16 жніўня пасьля 17 гадоў турмы на волю выйшаў 66-гадовы Пятро Кучура, якога ў 2004 годзе абвінавацілі ў наўмысным забойстве егера. У турме было шмат пакутаў, выпрабаваньняў. Але Пятро прызнаецца, што за браму турмы праз 17 гадоў было выходзіць вельмі страшна — адвык ад цывілізацыі, ня ўмее карыстацца мабільнікам, ня ведае, што такое інтэрнэт.

«Я адседзеў 17 гадоў за забойства, якога не зьдзяйсьняў»

Паводле Пятра і ягонай жонкі Людмілы, ён адседзеў па сфабрыкаванай і сфальсыфікаванай справе. Пятра Кучуру абвінавацілі ў наўмысным забойстве ў Дзяржынскім раёне ў 2004 годзе дзяржаўнага інспэктара па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету Мікалая Гурына.

Кучура тады працаваў кіроўцам-дальнабойшчыкам, меў добры заробак, узорную сям’ю. А яшчэ ў яго было хобі — ён быў заўзяты паляўнічы.

«Я адседзеў 17 гадоў за забойства, якога не зьдзяйсьняў. Выпадкова апынуўся ня ў тым месцы і ня ў той час. Быў у гасьцях у сяброў на лецішчы каля вёскі Масьцішча Дзяржынскага раёну. Увечары адзін выйшаў прагуляцца. Падобна, высокапастаўленыя чыноўнікі зь егерамі прыехалі на паляваньне, і адзін зь іх, заражаючы ва ЎАЗіку на заднім сядзеньні аўтамат, выпадкова стрэліў у сьпіну інспэктару. Аднак пазьней сьледзтва сьцьвярджала, што стрэл быў у грудзі. Не было ніводнага доказу, што гэта зрабіў я, вынікі балістычнай экспэртызы падмененыя, на адным фота бушлат егера зь летнім каўняром, на іншым — зь зімовым. Розныя малюнкі камуфляжу, потым з матэрыялаў справы наагул зьніклі вынікі экспэртызы і сама куля. Зьнік і УАЗ, дзе павінны застацца сьляды крыві», — узгадвае Пятро Кучура.

І доўга пералічвае нестыкоўкі ў справе, асобныя дэталі, неахайна праведзеную балістычную экспэртызу.

Пятро Кучура
Пятро Кучура

Пятру сьледзтва прапанавала ўзяць забойства па неасьцярожнасьці на сябе — тады, маўляў, атрымае максымум 2 гады ўмоўна, а калі не — Кучуру «сьвеціць» сьмяротнае пакараньне альбо пажыцьцёвае зьняволеньне, бо егер быў пра выкананьні службовых абавязкаў. У выніку Пятру Кучуру ў сьнежні 2004 году прысудзілі 17 гадоў за наўмыснае забойства і дадалі адзін год за знойдзеныя два патроны да іншага карабіна. Год зьнялі па амністыі. У выніку да 17 гадоў не даседзеў 115 дзён, бо тэрмін, адседжаны да суду, пералічылі (дзень палічылі за паўтара).

Усе гэтыя 17 гадоў жонка Людміла змагалася за справядлівасьць, напісала дзясяткі скаргаў ва ўсе інстанцыі, дайшла да міністра ўнутраных спраў, да адміністрацыі прэзыдэнта. Пісаў скаргі і сам Пятро, за што і паплаціўся.

З 17 гадоў за кратамі больш за 2 гады правёў у ШЫЗА і ПКТ

Першыя 4 гады Пятро Кучура адбываў пакараньне ў менскай калёніі № 1, што на Кальварыйскай. У сьнежні 2008 году калёнію ў цэнтры сталіцы закрылі, а Кучуру перавялі ў Магілёўскую калёнію № 15. Кажа, што ён чалавек неканфліктны, законапаслухмяны, але ня церпіць несправядлівасьці. Таму пачаў пісаць скаргі, дасылаць іх у розныя інстанцыі, усё запісваць у агульныя сшыткі.

У сьнежні 2013 году Пятро апынуўся ў Магілёўскай крытай турме № 4.Туды яго зьмясьцілі на 3 гады, але праз 1 год і 10 месяцаў, у кастрычніку 2015 году, за ўзорныя паводзіны вярнулі ў калёнію № 15, дзе рэжым мякчэйшы.

З 17 гадоў зьняволеньня Кучура, па яго словах, больш за 2 гады правёў у ПКТ (памяшканьнях камэрнага тыпу) і ў штрафных ізалятарах (ШЫЗА).

«У 2013 годзе трапіў у ШЫЗА. Памяшканьне зусім малое. Унітаз цалкам засыпаны хлёркай, на падлозе таксама хлёрка — ня менш за вядро высыпалі. Думаю, трэба яе змыць, бо надта сьмярдзіць. Адкрываю ваду — зьнізу зрываецца шлянг, і парашок ператвараецца ў кашу, якая трапляе на падлогу. Дыхаць няма чым. Грукаю ў дзьверы — доўга ніхто не прыходзіць. А мне ўжо дыхаць няма чым, я хрыплю, унутры ўсё гарыць, твар чырвоны, вочы сьлязяцца. Крыкам крычу: „Няхай мяне лепш застрэляць, чым так пакутаваць!“ Дзяжурны, убачыўшы мой чырвоны твар і вочы, паведаміў начальніку рэжымнага аддзелу, мяне перавялі ў іншую камэру», — узгадвае катаваньні хлёркай Кучура.

Пятро Кучура з жонкай
Пятро Кучура з жонкай

Ён расказвае, што за шматлікія скаргі адміністрацыя пачала помсьціць. Спачатку выклікалі на размовы, потым складалі рапарт — маўляў, не павітаўся, не прадставіўся, груба адказваў — і зноў на 10 дзён у ШЫЗА.

«Я ўсё занатоўваў, пісаў скаргі, каб перагледзелі справу, я не вінаваты. Калі я прыйшоў да начальніка турмы на прыём, выказаў усё, ён ашалеў: „Ты ня будзеш тут камандаваць! Як толькі ты вызвалісься, цябе пасадзяць зноў. І сына пасадзім — ён нейкім бізнэсам займаецца. І жонка будзе мець праблемы“. На ўсе мае скаргі, якія вярталі ў калёнію для разбору, начальства адказвала: „У яго старэчы маразм“. Я працягваў падшываць копіі ўсіх папер у агульныя сшыткі, падрабязна запісваў, за што прызначылі чарговае спагнаньне — для гісторыі, каб нічога не забыцца», — расказвае Пятро.

«Праўду шукаеш? Я тут начальнік — хачу адпушчу, хачу не»

30 сьнежня 2013 году Пятра Кучуру перавялі ў Магілёўскую крытую турму № 4 — за шматлікія правіны і парушэньні. Але ў турме ён адседзеў толькі 1 год і 10 месяцаў замест 3 гадоў — за прыкладныя паводзіны вярнулі ў Магілёўскую калёнію № 15.

«Быў кастрычнік 2015 году. У калёніі мне паабяцалі датэрміновае вызваленьне, як толькі будзе камісія — чарговая. А сядзець заставалася 5 гадоў і 6 месяцаў. На паседжаньні камісіі кажуць, што тэрмін яшчэ вялікі, маўляў, ніводзін суд не прапусьціць, давайце яшчэ год пачакаем. Праз год — зноў камісія. Парушэньняў у мяне не было. Але начальнік калёніі ашалеў і крычыць: «Ён з нас столькі крыві папіў! Будзеш сядзець ад званка да званка!» Патэлефанаваў жонцы. Тая пайшла ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў да тагачаснага начальніка Сяргея Дарожкі. Празь месяц зноў камісія: «Праўду шукаеш? Я тут начальнік — хачу адпушчу, хачу не», — узгадвае шматлікія спробы датэрмінова вызваліцца Пятро.

Ён таксама расказвае, што маладому начальніку атраду паступіў загад зьверху пісаць рапарты на Кучуру за найменшую правіну.

«Зноў пачаўся ціск, шматлікія „шмоны“. Ня ведалі, да чаго прычапіцца. Аднойчы знайшоў маленькі кавалак наждачнай паперы — нібыта гэта забаронены прадмет. Ды гэтай наждачкі — у кожнай тумбачцы цэлыя прасьціны! Я прыйшоў да начальніка атраду шчыра паразмаўляць — што адбываецца? Той кажа, што начальнік калёніі загадаў пісаць рапарты», — працягвае Пятро. — Адзін раз у калёніі начальнік зьбіваў, ударыў разоў пяць: маўляў, «калі не перастанеш пісаць скаргі — я цябе вызвалю ў драўляным касьцюме».

Пятро Кучура з жонкай
Пятро Кучура з жонкай

«Нарэшце я дачакаўся, што Кучура ўскрыўся!»

У Магілёўскую турму № 4 Кучуру накіравалі і другі раз. Прычым, як сам кажа, зладзілі паказальны суд. І на разьвітаньне з калёніяй № 15 яму ўчынілі правакацыю, сьцьвярджае Пятро Кучура.

«Начальнік калёніі паклаў на стол 4 тамы справы — вось колькі на мяне папер панапісвалі, і кажа: „Прапануецца накіраваць Кучуру на 3 гады ў турму“. Камісія — 6 жанчын, усе галасуюць „за“. Прычым усе дакумэнты на турму былі падрыхтаваныя загадзя. Я абурыўся: „Што за цырк? Усё гатова, навошта было разыгрываць гэты спэктакль? Навошта тады камісія?“ Кажу: дайце хоць азнаёміцца з дакумэнтамі. Даюць тэчку — а там ляжыць лязо. Я ўзяў лязо, схаваў паміж пальцамі. Выйшаў.

Стаіць супрацоўнік рэжымнага аддзелу і кажа: „Чаго ты не ўскрываесься? Чаго чакаеш? Самы добры момант!“

У мяне нейкі туман у галаве, памутненьне: ніколі б такога не зрабіў! Аднак бяру лязо — і 9 разоў паласнуў па руцэ. Заламалі рукі, завялі ў кабінэт рэжымнікаў. Пасадзілі на падлогу. Прыбягае начальнік турмы, такі задаволены, радасны: „Нарэшце я дачакаўся, што Кучура „ўскрыўся“!“ Які ў мяне ўдалы дзень — падвойнае сьвята!» Потым яшчэ доўга зьдзекаваліся зь мяне: маўляў, падрапаўся, каб хацеў ускрыцца, мог бы гэта зрабіць уначы пад коўдрай!»

Пры пераводзе ў турму начальнік калёніі прыгразіў: «Ты ня думай, што там табе лёгка будзе! Я табе такую характарыстыку напішу — мала не падасца».

Кучура расказвае таксама, што за кратамі ў яго скралі сшыткі з запісамі. Усяго за час адседкі ў яго канфіскавалі 5 агульных сшыткаў з копіямі дакумэнтаў і турэмнымі нататкамі.

У турме адразу пасадзілі ў ШЫЗА — даседжваць суткі, што Пятро не даседзеў у калёніі.

«Мне пастаянна пагражалі артыкулам 411 — злоснае непадпарадкаваньне, паводле якога суд можа працягнуць тэрмін яшчэ на два гады. 28 лістапада 2019 году я напісаў жонцы ліст № 11, што мне пагражаюць. Прыбягае начальнік, нецэнзурна лаецца: «Калі хоць раз напішаш жонцы пра турму, я адыму тваё здароўе! Я нікога не баюся. Ты нікому нічога не дакажаш!», — расказвае пра знаходжаньне ў «крытцы» Пятро Кучура.

Пятро Кучура з волі змагаецца за правы іншых зьняволеных
Пятро Кучура з волі змагаецца за правы іншых зьняволеных

«Ніводнага чалавека турма не перавыхавала»

На пытаньне, што зь людзьмі робіць турма, ці перавыхоўвае злачынцаў папраўчая ўстанова, Пятро Кучура адказаў так:

«Я ў вочы ім казаў, што ніводнага чалавека турма не перавыхавала. Ня ваша задача — перавыхаваць, ваша задача — узлаваць асуджанага, настроіць яго супраць грамадзтва. У вас тут толькі беззаконьне».

16 жніўня 2021 году Пятра Кучуру нарэшце вызвалілі — з турэмнага ШЫЗА. Пад будынкам турмы яго чакала жонка Людміла. Яна прызнаецца, што ледзьве пазнала мужа — за апошнія пару гадоў, праведзеныя ў турме, ён вельмі моцна схуднеў. Яшчэ 3 гады таму ў калёніі № 15 быў даволі мажны — важыў 106 кіляграмаў. Сам Пятро наконт гэтага жартуе:

«А што вы хочаце? Я выпадкова даведаўся, на якую суму кормяць зьняволеных у турмах. Аднойчы мае таблеткі былі загорнутыя ў паперку, на якой былі нормы харчаваньня і кошты. Я як пачытаў — нас кормяць на 1 рубель 50 капеек 3 разы ў суткі! А дыета самая дарагая — 2 рублі порцыя! Адна вада. Але ніхто ня скардзіцца, бо заўтра будзеш у ШЫЗА», — кажа Пятро.

Даходзіла да сьмешнага. Калі ён пытаўся, чаму бульба ці каша заўсёды вадкія, а ў бульбяным супе бульбы наагул ня бачна, адказы атрымліваў дзіўныя.

«Мне кажуць: „Кухары пераварылі суп, бульба разварылася, распусьцілася. І наагул, гэта ня наша віна, мы не крадзем у вас — нормы такія прыняў Савет Рэспублікі, а прэзыдэнт зацьвердзіў. І наагул, шмат бульбы гнілой, яна ідзе ў адкіды“.

Неяк перад Новым годам пытаюся ў начальніка па тыле, чаму зноў бульба вадзяністая. Ён на поўным сур’ёзе адказвае: А што вы хочаце? Маладая бульба — яна заўсёды вадкая». Я кажу: "Дык сьнежань на двары!». У студзені задаю пытаньне, чаму бульба вадкая. «А таму, што бачкі стаялі на вуліцы, ішоў дождж, вады налілося. Ну і што, што бульба вадкая? У мяне таксама стул бывае вадкі», — сьмяецца Пятро, узгадваючы адказы на свае скаргі пра турэмны рацыён.

І скрушна дадае: «Хто быў у турме, той у цырку не сьмяецца».

Такім Пятро Кучура быў да таго, як патрапіў у турму
Такім Пятро Кучура быў да таго, як патрапіў у турму

«Мне страшна было выходзіць на волю»

Самае страшнае ў турме — поўная адсутнасьць інфармацыі. Зэкі не галасуюць, таму, калі былі прэзыдэнцкія выбары, яны нічога ня ведалі пра жнівеньскія падзеі. У лепшым выпадку жонка ці сын праз тэлефон два словы скажуць, расказвае былы вязень. Тэлевізара не было — хоць у правілах унутранага распарадку запісана, што ў калёніі тэлевізар можна глядзець. Цяпер Пятро Кучура зь цяжкасьцю прывыкае да цывілізацыі.

«Мне страшна было выходзіць на волю — я баяўся. Горад Менск мяне ўразіў — вельмі прыгожым стаў. Але я не змагу тут жыць, не змагу адаптавацца. Я зьеду куды-небудзь, лепш зямлянку выкапаю і буду там жыць», — жартуе ён.

У кватэры Кучураў
У кватэры Кучураў

Калі ў 2004 годзе Пятра пасадзілі, мабільнікі былі толькі кнопачныя, кампутарам тады ён не карыстаўся, хоць сын быў студэнтам і электронныя прылады ў сям’і ўжо былі.

«Сучасным мабільным тэлефонам я не магу карыстацца. Мне знайшлі нейкі стары кнопачны — я пастаянна не туды торкаю, не на тое націскаю. А як пабачу, што ўсе зараз у тэлефонах сядзяць, не разумею, што яны там робяць!

Я праўда ня ведаю, што такое інтэрнэт, як ім карыстацца, і ніколі ня буду карыстацца! Жонка зрабіла ў кватэры рамонт, паставіла новую электрычную пліту з электроннай панэльлю — я ня ведаю, як яе ўключыць», — кажа Пятро.

Людміла Кучура
Людміла Кучура

Яму прызначылі два гады нагляду пасьля турмы, трэба адзначацца ў міліцыі, не выяжджаць без дазволу з гораду. А тут жонка Людміла на пару дзён зьбіраецца зьезьдзіць пад Бабруйск на лецішча. Прызнаецца, што перад сваім ад’ездам усю раніцу вучыла мужа карыстацца мікрахвалёўкай і электраплітой, каб змог разагрэць ежу.

Людміла, якая ўсе 17 гадоў падтрымлівала мужа, змагалася за яго вызваленьне і нарэшце дачакалася яго з турмы, кажа: «Нічога, усяму вельмі хутка навучым!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG