Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З маці і бабулі абвінавачанага ў «масавых беспарадках», які зьнік да суду, спаганяюць $3,5 тысячы


Дом правасудзьдзя, Берасьце
Дом правасудзьдзя, Берасьце

Суд Ленінскага раёну Берасьця абавязаў спагнаць з маці і бабкі абвінавачанага ў справе аб «масавых беспарадках» Алега Юрава 300 базавых велічынь (8 700 беларускіх рублёў, ці $3,5 тысячы) за парушэньне ўмоваў паручыцельства (артыкул 121 КПК), паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Алег Юраў быў у чацьвёртай групе абвінавачаных у справе і знаходзіўся на волі пад асабістым паручыцельствам родных. Ён не прыйшоў у суд, пасьля чаго мужчыну аб’явілі ў вышук. Месца ягонага знаходжаньня на гэты момант невядомае.

За парушэньне ўмоваў паручыцельства судзьдзя абавязаў спагнаць з маці і бабулі Юрава па 150 базавых велічынь.

12 ліпеня чацьвёртай групе абвінавачаных у справе аб «масавых беспарадках» у Берасьці вынесьлі прысуды: ім далі ад 3 да 4 з паловай гадоў калёніі, а двум непаўналетнім — па 3 гады выхаваўчай калёніі. Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Па вэрсіі сьледзтва, 10 жніўня 2020 году падчас пратэстаў яны «парушылі грамадзкі парадак і ўчынілі пагромы. Пасьля чаго «нанесьлі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі». «У ход для гэтага ішлі дошкі, палкі, вулічныя сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі i іншую маёмасьць, якая належала АУС, фізычным і юрыдычным асобам», — гаворыцца ў матэрыялах суду.

Ніхто з абвінавачаных не прызнаў віны цалкам, большасьць лічаць сябе вінаватымі часткова. Пацярпелымі ў справе прызналі 29 чалавек, большасьць зь іх — міліцыянты.

Агульная сума нанесенай шкоды, паводле матэрыялаў справы, перавысіла 27 тысяч беларускіх рублёў ($10,3 тысячы). Нанесеная злачынствам шкода да суду не была кампэнсаваная — пракуратура прадʼявіла пазоў да абвінавачаных аб яго спагнаньні ў салідарным парадку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG