Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талібы створаць раду для кіраваньня Афганістанам


Лідэр палітычнага крыла «Талібану» Абдул Гані Барадар
Лідэр палітычнага крыла «Талібану» Абдул Гані Барадар

Рух «Талібан» сфармуе раду з 12 чалавек, якая будзе кіраваць Афганістанам.

Па зьвестках выданьня Foreign Policy, у раду ўвойдуць лідэр палітычнага крыла «Талібану» Абдул Гані Барадар, кіраўнік вайсковай камісіі, сын заснавальніка руху мулы Амара Мухамад Якуб, а таксама член тэрарыстычнай групоўкі «Сетка Хакані» Халіль Аль-Рахман Хакані. Таксама выданьне паведамляе, што талібы хацелі б уключыць у раду сына славутага афганскага палявога камандзіра Ахмад-Шаха Масуда, Ахмада Масуда, які ўзначаліў сілы супраціву талібам у правінцыі Панджшэр.

Паводле крыніц, «Талібан» не плянуе аднаўляць у Афганістане пасаду прэзыдэнта ці іншага аднаасобнага лідэра, але пры гэтым гатовы прапанаваць міністэрскія пасты некаторым чальцам папярэдняга ўраду. Так талібы плянуюць сфармаваць адміністрацыю, прымальную для міжнароднай супольнасьці, адзначылі суразмоўцы выданьня.

15 жніўня пасьля ўзяцьця Кабулу бяз бою «Талібан» заявіў аб усталяваньні кантролю над усёй тэрыторыяй Афганістану. Прэзыдэнт Ашраф Гані ўцёк з краіны.

Ахмад Масуд і былы віцэ-прэзыдэнт краіны Амрула Салех абвясьцілі пра фармаваньне супраціву ў правінцыі Панджшэр — адной з апошніх, якія застаюцца не пад кантролем талібаў. «Талібан» заявіў, што яго сілы атачылі падразьдзяленьні Фронту нацыянальнага супраціву Афганістану і рыхтуюцца да штурму. Раней Ахмад Масуд адхіліў ультыматум талібаў здаць Панджшэр, але заявіў, што гатовы да перамоваў і кампрамісу, каб пазьбегнуць супрацьстаяньня. Ён заклікаў сфармаваць шырокі ўрад нацыянальнага адзінства з удзелам прадстаўнікоў «Талібану».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG