Усіх дзяцей з COVID-19 выявілі, правялі тэставаньне і ўсіх кантактных, паведамляе тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Дакладную колькасьць заражаных міністэрства не паведамляе.
Паводле інфармацыі Мінздароўя, у большасьці хвароба праходзіць бессымптомна. Дзеці знаходзяцца пад наглядам спэцыялістаў, атрымліваюць лекаваньне і мэдычную дапамогу. У цэнтры праводзяць комплекс санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў, каб прадухіліць распаўсюджваньне ўсіх рэсьпіраторных інфэкцый, у тым ліку COVID-19.
«Стан усіх дзяцей здавальняючы, пакуль не патрабуецца шпіталізацыя. Дзеці знаходзяцца пад наглядам мэдыцынскіх работнікаў ня толькі раёну, вобласьці, але і нават рэспубліканскіх установаў аховы здароўя», — сказаў БЕЛТА галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандар Тарасенка.
У цэнтар прыбылі спэцыялісты Міністэрства аховы здароўя на чале з намесьнікам міністра Аляксандрам Тарасенкам, прадстаўнікі ўпраўленьня аховы здароўя, інфэкцыяністы і эпідэміёлягі Горадзенскай вобласьці, Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі. Праводзіцца эпідэміялягічнае расьсьледаваньне.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за суткі ў Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваныя 1175 пацыентаў з COVID-19, памерлі 10 пацыентаў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй. Усяго, паводле Мінздароўя, з пачатку пандэміі ў Беларусі былі афіцыйна зарэгістраваныя 457 422 чалавекі з станоўчым тэстам на каранавірус, ачунялі 451 598, памерлі 3572 пацыенты з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй.