Сьцьвярджаецца, што ў сьпісе 100 чалавек. Зь ім папярэдне азнаёміўся Аляксандар Лукашэнка, які падчас «Вялікай размовы» папярэдзіў Юрыя Васкрасенскага, што той «уласнай галавой адказвае за кожнага».
Да 1 верасьня нібыта рыхтуецца другі сьпіс, у якім на гэты момант ужо 30 вязьняў.
Раней Юры Васкрасенскі заяўляў, што ад імя «Круглага стала дэмакратычных сілаў» накіраваў у сьледчыя ізалятары і месцы зьняволеньня больш за 600 лістоў з просьбай напісаць «пакаяньні за зробленае».
Прашэньне можа падаць кожны зьняволены, аднак само памілаваньне «ажыцьцяўляецца прэзыдэнтам у індывідуальным парадку». Да таго заяву разглядае адмысловая камісія з прадстаўнікоў розных дзяржаўных ведамстваў.
Пры разглядзе заявы ўлічваюць асобу зьняволенага, яго стаўленьне да ўчыненага злачынства, а таксама поўную кампэнсацыю матэрыяльнай і маральнай шкоды пацярпеламу боку.
Памілаваньне набывае моц, як толькі падпісваецца прэзыдэнцкі ўказ. Падобныя дакумэнты нідзе не публікуюцца.
У Беларусі па стане на 10 жніўня палітвязьнямі прызнаныя 617 чалавек. Агулам заведзена за пратэсты каля 5000 крымінальных спраў.