Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна рассакрэціць матэрыялы пра баі ў «Ілавайскім катле» на Данбасе


Эпізод бою пад Ілавайскам на Данбасе, 26 жніўня 2014 г.
Эпізод бою пад Ілавайскам на Данбасе, 26 жніўня 2014 г.

Генэральная пракуратура Ўкраіны рассакрэціць матэрыялы крымінальнай справы пра баі пад Ілавайскам на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе. Тады буйная група ўкраінскіх войскаў апынулася ў акружэньні і пры спробе прарвацца панесла цяжкія страты.

Падчас сустрэчы з сваякамі загінулых і зьніклых бязь вестак у «Ілавайскім катле» генэральная пракурорка Ірына Венядзіктава заявіла, што «грамадзтва павінна ведаць праўду» пра тыя падзеі. Матэрыялы крымінальнай справы аб баях пад Ілавайскам апублікуюць у спэцыяльным разьдзеле на сайце офісу генэральнага пракурора.

У ходзе расьсьледаваньня дапыталі больш за 900 пацярпелых і сьведкаў, дасьледавалі больш за 1600 дакумэнтаў. Матэрыялы справы складаюць больш за 300 тамоў, зь якіх больш за 70 з грыфам абмежаванага доступу.

Як расказала Венядзіктава, расьсьледаваньне ідзе ў двух кірунках. Па-першае, пракуратура расьсьледуе «ўварваньне расейскіх войскаў» і забойства ўкраінскіх вайскоўцаў. Па-другое, ідзецца пра магчымую нядбайнасьць з боку ўкраінскага вайсковага кіраўніцтва.

Падазраванымі ў справе праходзяць намесьнік начальніка Генэральнага штабу УС Расеі і былы начальнік галоўнага ўпраўленьня Генэральнага штабу УС Расеі, які цяпер займае пасаду намесьніка міністра абароны Расеі. Таксама падазраванымі прызналі двух расейскіх генэралаў: іх вінавацяць у замаху на тэрытарыяльную цэласнасьць і недатыкальнасьць Украіны, а таксама ў парушэньні законаў і звычаяў вайны, сумешчаным з наўмысным забойствам.

У сярэдзіне жніўня 2014 году ўкраінскія войскі, якія складаліся пераважна з добраахвотнікаў, здолелі адбіць ад прарасейскіх сэпаратыстаў горад Ілавайск у Данецкай вобласьці. Аднак 24 жніўня апынуліся ў акружэньні і панесьлі цяжкія страты. Паводле афіцыйных зьвестак, у так званым «Ілавайскім катле» загінулі 366 украінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, сотні параненыя. Улады Ўкраіны заявілі, што ў баях удзельнічалі рэгулярныя падразьдзяленьні расейскай арміі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG