Беларуская алімпійская спрынтарка Крысьціна Ціманоўская прыбыла ў Аўстрыю ў сераду па дарозе ў Польшчу, дзе яе чакае прытулак.
Як паведаміла агенцтва Франс Прэс, у аэрапорце яе сустрэў дзяржаўны сакратар Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Аўстрыі Магнус Брунэр.
Пасьля сустрэчы Брунэр пацьвердзіў журналістам, што Ціманоўская будзе працягваць рух у Польшчу і што яе маршрут зь Японіі быў зьменены зь меркаваньняў бясьпекі.
Брунэр сказаў, што размаўляў са спартоўкай коратка і што яна выглядала «добра, улічваючы абставіны».
«Яна хвалюецца за сваю сям’ю. Яна стамілася і, натуральна, напружаная пасьля таго, што адбылося за апошнія некалькі дзён», — сказаў Брунэр, дадаўшы, што яна «нэрвуецца, як цяпер усё пойдзе».
Ціманоўскую з аэрапорту вёз VIP-фургон зь дзьвюма машынамі паліцэйскага суправаджэньня.
Тым часам у Беларусі Ціманоўскую звольнілі з Рэспубліканскага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі і адкамандзіравалі ў Міністэрства ўнутраных спраў.
Пра гэта паведамляе ў сваім тэлеграм-канале Беларускі фонд спартовай салідарнасьці.
У паведамленьні, якое атрымала спартоўка, пазначана, што калі яна ня зьявіцца ў МУС да 12 гадзіны заўтрашняга дня, то яе могуць звольніць і з МУС.