Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кікбаксэр і шматдзетны бацька. Хто такі Аляксей Кудзін, якога наноў пачынаюць судзіць у Маладэчне


Працэс пачынаецца ў раённым судзе Маладэчна 5 жніўня. Зь першага суду Аляксей Кудзін уцёк.

Спартоўца, байца-кікбаксэра Аляксея Кудзіна абвінавачваюць у супраціўленьні супрацоўніку органаў унутраных справаў, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Першы суд у яго справе меў пачацца 19 лістапада 2020 году, аднак перад самым пачаткам паседжаньня Кудзін, які чакаў суду на волі, зьнік. Неўзабаве ён разьмясьціў у сацсетках пост пра тое, што знаходзіцца за мяжой, а яшчэ празь нейкі час яго затрымалі ў Маскве на запыт беларускага боку. Пасьля шэрагу судоў і скаргаў Расея ўсё ж выдала Аляксея Кудзіна Беларусі.

Кікбаксэр, баец ММА і шматдзетны бацька

Ураджэнец Маладэчна Аляксей Кудзін займаецца адзінаборствамі з 15 гадоў. Ужо ў 21 год ён стаў чэмпіёнам сьвету ў муай-тай, а яшчэ праз год — у кікбоксінгу. За сваю кар’еру Аляксей Кудзін выйграваў тытул чэмпіёна сьвету ў розных відах адзінаборстваў сем разоў. Акрамя гэтага, удзельнічаў у рыхтаваньні супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Як расказваў сам Аляксей ужо пасьля падзеяў жніўня, некаторыя з тых супрацоўнікаў бралі ўдзел у яго пабіцьці і затрыманьні ўвечары 10 жніўня ў Маладэчне.

Разам з жонкай Тацянай Аляксей Кудзін выхоўвае пяцярых дзяцей. Родныя для яго двое зь іх — дочкі Стэфанія і Бажэна. Яшчэ траіх дзяцей сям’я Аляксея Кудзіна ўзяла да сябе пасьля сьмерці брата ягонай жонкі Тацяны — сілавіка з 22-гадовым стажам, які працаваў у Маладачанскім РУУС.

«Вырубіў пяцярых»

Інцыдэнт, у якім абвінавачваюць Аляксея Кудзіна, адбыўся побач з цэнтральнай плошчай Маладэчна ўвечары 10 жніўня 2020 году.

«Я зрабіў крок насустрач салдатам і таксама падняў рукі, паказаўшы, што ў мяне нічога няма, — расказваў Аляксей Кудзін пра падзеі таго вечара ў інтэрвію „Трыбуне“. — У тую ж сэкунду ззаду шарэнгі зьявіўся салдат і распыліў у мой бок струмень газу з балёнчыка. Я пасьпеў адхіліцца, павярнуўся бокам і хацеў адысьці, але адчуў удар дубінкі ў абшар галавы і шыі. Як пасьля мне сказалі тыя, хто стаяў ззаду і збоку ад мяне, біў прапаршчык Канстанцін Яндола. Я разьвярнуўся да яго тварам, вырваў шчыт у яго з рук і на аўтамаце нанёс яму добрую поўху тыльным бокам далоні ў абшар шалома. У той самы момант я адчуў яшчэ адзін удар па галаве дубінкай. Зараз ужо зь левага боку. Я ўбачыў, што гэты супрацоўнік у іншай амуніцыі. Ён быў увесь у чорным і даволі рослы. Калі ён замахнуўся зноў, я паднырнуў пад дубінку і ўдарыў яго».

Агулам ад дзеяньняў Кудзіна ў рознай ступені ў той вечар пацярпелі пяцёра супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Сам баец настойвае, што ніякім чынам не правакаваў праваахоўнікаў і не рабіў нічога супрацьзаконнага, быў вымушаны абараняцца ад дзеяньняў саміх міліцыянтаў. Паводле афіцыйнай вэрсіі, на праваахоўнікаў нападаў менавіта Аляксей.

Аляксей Кудзін, архіўнае фота з інстаграму кікбаксэра
Аляксей Кудзін, архіўнае фота з інстаграму кікбаксэра

Затрыманьне і вызваленьне

Затрымлівалі Аляксея Кудзіна байцы САХРу ў той жа вечар 10 жніўня, калі ён з дому паехаў у маладачанскі шпіталь для абсьледаваньня пашкоджаньняў, нанесеных яму праваахоўнікамі падчас сутычкі. Аўтамабіль Кудзіна заблякавалі, самога яго аглушылі сьвятлашумавой гранатай, а затым, зь яго словаў, стрэлілі тройчы ў грудзі з траўматычнай зброі, пасьля чаго адвезьлі ў пастарунак.

На наступны дзень пасьля затрыманьня Аляксея Кудзіна вывезьлі з Маладэчна ў сьледчую турму № 8 Жодзіна. Каля маладачанскага РУУС 11 жніўня ўжо зьбіраліся людзі, якія патрабавалі вызваліць байца.

Праз два тыдні Аляксея Кудзіна вызвалілі да суду. Як ён сам расказваў у інтэрвію, міліцыянты зрабілі гэта ўзамен на прызнаньне Аляксеем віны і запіс гэтага на відэа. Таксама Кудзін кампэнсаваў пацярпелым міліцыянтам каля 20 тысяч рублёў маральнай шкоды за пабіцьцё. Нягледзячы на гэта, справу Аляксея Кудзіна перадалі ў суд. Калі прыйшоў дзень першага паседжаньня, Кудзін зьнік.

З Масквы ў Беларусь Аляксея Кудзіна прывезьлі на самалёце 21 ліпеня, нягледзячы на пратэст Эўрапейскага суду ў правах чалавека, які забараніў перадаваць байца ўладам Беларусі.

Аляксей Кудзін, архіўнае фота з інстаграму кікбаксэра
Аляксей Кудзін, архіўнае фота з інстаграму кікбаксэра
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG