У Менску затрымалі мэтадоляга і філёзафа Ўладзімера Мацкевіча. Паводле папярэдняй інфармацыі, супрацоўнікі КДБ праводзяць у яго дома ператрус.
Уладзімер Мацкевіч — заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы кіраўнік рады Міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» (2011–2016), заснавальнік праграмы стварэньня сучаснага ўнівэрсытэту ў Беларусі «Лятучы ўнівэрсытэт», вядоўца тэлеперадачаў. Удзельнічаў у ініцыятыве «Сход».
4 жніўня сілавікі прыйшлі таксама да ягонага паплечніка, старшыні міжнароднага кансорцыюму «ЭўраБеларусь» Ўладзіслава Вялічкі. Пасьля ператрусу яго затрымалі, з дому забралі ўсю тэхніку.
Ягоная жонка Алена Вялічка паведаміла журналістам, што ў пастанове на ператрус значылася ажно 17 крымінальных артыкулаў:
- распальваньне варожасьці
- паклёп
- абраза службовай асобы
- крадзеж
- махлярства
- наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці
- масавыя беспарадкі
- наўмыснае блякаваньне транспарту
- захоўваньне наркотыкаў
- хуліганства
- удзел у дзеяньнях, што парушаюць грамадзкі парадак
- несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі
- заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы
- супраціў міліцыі
- гвалт ці пагроза гвалту ў адносінах да міліцыянта.
Улад Вялічка — адзін зь вядомых лідэраў беларускага «трэцяга сэктару», у якім працуе ад 1994 году. Сузаснавальнік шэрагу беларускіх грамадзкіх арганізацыяў і сетак, экспэрт у пытаньнях міжнароднага супрацоўніцтва.
Цягам некалькіх гадоў Улад Вялічка забясьпечваў актыўны ўдзел арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці ў ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства». У пэрыяды 2009–2011 і 2015–2017 гадоў быў беларускім нацыянальным каардынатарам і сябрам Кіраўнічага камітэту Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства (ФГС УП), а ў 2010–2011 і 2016–2017 гадах — сустаршынём Кіраўнічага камітэту ФГС УП.
На працягу 12 гадоў быў кіраўніком «ЭўраБеларусі»: у 2007–2014 гадах — старшынём, у 2014–2019 гадах — генэральным дырэктарам арганізацыі.
Ёсьць зьвесткі, што ператрус адбыўся і ў сацыёляга, сябра Каардынацыйнай рады Тацяны Вадаласкай, пасьля чаго яе таксама затрымалі. Паводле інфармацыі @by_culture, Тацяну Вадаласкую перавялі ў ІЧУ на Акрэсьціна, яна затрыманая на 10 сутак паводле крымінальнай справы.
Тацяна Вадалаская — старшы аналітык Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі. Экспэрт аналітычнай групы Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў. Кандыдат сацыялягічных навук.
Спэцыялізуецца ў галінах мэтадалёгіі гуманітарных і сацыяльных дасьледаваньняў, нацыянальнай і грамадзянскай ідэнтычнасьці, разьвіцьця лякальных супольнасьцяў, грамадзянскай супольнасьці і культурнай палітыкі. Куратарка Лятучага ўнівэрсытэту. Аўтарка «Беларускага штогодніку». Была стыпэндыяткай спэцыяльнага прэзыдэнцкага фонду падтрымкі таленавітай моладзі (2007).
У студзені сябра Каардынацыйнай рады Тацяну Вадаласкую некалькі гадзін дапытвалі ў Сьледчым камітэце, выпусьцілі пад падпіску аб невыдаваньні. Пазьней лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Мікалай Казлоў, якога таксама дапытвалі ў той жа дзень і які адмовіўся даць падпіску аб невыдаваньні, паведаміў журналістам, што на допыты іх выклікалі як сьведак у крымінальнай справе па факце стварэньня Каардынацыйнай Рады.
Зь сярэдзіны дня на сувязь не выходзіць таксама Аксана Шэлест. Яна, верагодна, таксама затрыманая, піша палітоляг Андрэй Ягораў.
Аксана Шэлест — мэтадоляг і сацыёляг, калега Ўладзімера Мацкевіча і Тацяны Вадаласкай, экспэрт Агенцтва гуманітарных тэхналёгій.
Таксама стала вядома пра затрыманьне ў Ваўкавыску аднаго з намесьнікаў старшыні партыі «Беларускі Народны Фронт» Юрася Меляшкевіча. Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку Вадзім Саранчукоў.
Юрась Меляшкевіч займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю ад 1999 году. З 2004 сябра Партыі БНФ, быў сакратаром партыйнай камісіі ў пытаньнях экалёгіі і наступстваў катастрофы на ЧАЭС і камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Сын Віктара Рыгоравіча Меляшкевіча, аднаго з вэтэранаў Беларускага Народнага Фронту ад часоў заснаваньня руху.
Балятаваўся ад Партыі БНФ на парлямэнцкіх выбарах па Малінаўцы ў Менску, а таксама на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Абраны на пасаду намесьніка старшыні Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» ў лістападзе 2020 году.
Сябра Рэспубліканскага праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух „За свабоду“» (быў намесьнікам старшыні арганізацыі), выконвае абавязкі намесьніка старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, сябра Вялікай Рады Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“».