Ларыса Урбан нарадзілася ў 1939 годзе ў Менску. Працавала ў Мюнхэне ад сярэдзіны 70-х да пераезду радыё ў Прагу ў 1995 годзе. Пачынала як тэхнічны работнік, пасьля працавала дыктаркай.
Пасьля 1991 году была адной зь першых супрацоўнікаў Радыё Свабода, якія наведалі Беларусь. Неадразарова прыяжджала ў справах арганізаванага ў Нямеччыне Чарнобыльскага фонду дапамогі пацярпелым ад катастрофы Чарнобыльскай АЭС.
Жывучы ў Нямеччыне, Ларыса Урбан старалася зьвяртаць увагу немцаў на Беларусь, каб беларускія праблемы былі чуваць на Захадзе.
Пахаваньне адбудзецца на мюнхенскіх могілках Riem 23 жніўня ў 12.45.
***
Успамінае дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:
«Ларыса Верас была голасам Свабоды — не ў мэтафарычным, а ў акустычным сэнсе. Гэта быў надзвычайны дар прыроды — ён сьпяваў, пераліваўся, кожнае слова гучала да апошняй фанэмы, было напоўнена эмоцыяй і радасьцю ці тым пачуцьцём, якое адпавядала яго сэнсу, але танальнасьць цеплыні і спагады закалыхвала і ўздымала як народная песьня, пад якую можна і сьмяяцца, і плакаць, і сумаваць, і танчыць. Гэта быў геніяльны голас. Свабоду варта было слухаць толькі за гэтыя аксамітныя мадуляці.
Калі на пачатку 1990-х авіякампанія Люфтганза пачала лётаць у Менск і вырашыла зрабіць усе рэйсаваыя абвесткі па-беларуску, Ларысу запрасілі на запіс. Адна мая калега і сёньня, праз тры дзесяцігодзьдзі, памятае шок, калі ўпершыню пачула ў кабіне Боінга неверагоднай прыгажосьці беларускі зварот, які раптам запоўніў салён: “Шаноўныя спадары і спадарыні, кампанія Люфтганза вітае вас на борце…”
Ларыса Урбан была намесьніцай дырэктара Беларускай службы да 1995 году — яна прыяжджала ў Менск, сябравала зь мясцовымі журналістамі, некаторыя сталі яе сяброўкамі на шмат гадоў, дапамагала адкрываць сваім гасьцям Нямеччыну, для мноства людзей стала ўвасабленьнем элегантнасьці, прыгажосьці, стылю, культуры — і сапраўднай беларускасьці.
Пасьля пераезду Радыё ў Прагу Ларыса засталася ў Мюнхене. Яна адправілася ў сусьветныя падарожжы, праводзіла час у Альпах, не прапускала, як і раней, опэрныя прэм’еры і выставы, сутракалася з былымі калегамі — яна выглядала шчасьлівай, і голас па-ранейшаму гучаў так, як гучыць голас шчасьлівага чалавека. Яна дзяліла свой дар са слухачамі — і яго станавілася толькі больш.
Вечная памяць».
Успамінамі дзеліцца наша былая калега Алена Панкратава:
«Ларыса... жах, як, калі, дзе? Ёй жа было ўсяго толькі 82», — сказаў, пачуўшы сумную навіну, наш агульны сябар, колішні мянчук і ўжо гадоў 30 як запатрабаваны перакладчык у Нямеччыне. Для яго, ведаўшага Ларысу і маладзейшага за яе гадоў на 20, 80+ гэта “ўсяго толькі”. Дый для нямецкіх жанчын такі ўзрост — гэта ня край. Дадамо яшчэ да гэтага яе энэргетыку, цікавасьць да жыцьця, якіх нам будзе не хапаць.
...Апошні раз мы размаўлялі зь ёй, здаецца гадоў пяць таму, у адной з сацыяльных сетак. Калі чалавек займае нейкае істотнае месца ў тваім жыцьці, ёсьць адчуваньне, што ты і не разьвітваесься зь ім, што трывалая сувязь паміж вамі ніяк спыняецца. Гледзячы на манітор кампутара, я нават зьдзівілася, што яна амаль не зьмянілася з таго часу, як я убачыла яе ўпершыню. Гэта было ў 1989-м у баварскіх Альпах, дзе я ў рамках геніяльнага праекту Генадзя Грушавога “Дзецям Чарнобылю” апынулася ў якасьці перакладчыцы, суправаджаючы дзяўчатак і хлопчыкаў з Гомельшчыны. Нехта зь мясцовых арганізатараў прадставіў мяне шармантнай, моднай, вельмі стыльнай жанчыне без узросту. Яшчэ вельмі ўразіў яе вельмі прыемнага тэмбру глыбокі нізкаваты голас. Як радыёслухачка непажаданых заходніх праграмаў я проста “шалела” ад такіх галасоў. Ні да, ні пасьля я больш ніколі не чула нічога падобнага на беларускай мове. У альпійскую вёску Ларыса прыехала зрабіць рэпартаж для беларускай Свабоды. (Ужо пазьней я ад некага даведалася, што яе сям’я, зрабіла немалы ўнёсак у фінансаваньне канікулаў беларускіх дзяцей у Баварыі. Удзельнічала яна і ў некаторых іншых чарнобыльскіх праектах).
Падчас таго інтэрвію зь дзецьмі, а таксама са мной, Ларыса рабіла акцэнт на канікулах, гаварыла паводле прынцыпу “не нашкодзіць”. Шчырыя ўражаньні дзяцей аб баварскіх канікулах складаліся пераважна з клічнікаў. Не абышлася бяз клічнікаў і я, трапіўшы разам зь дзецьмі ўпершыню на захад. У той час я працавала ў нямецкай службе Беларускага радыё. У будынку на Чырвонай, 4 усе перадачы беларускай РС запісваў “асобы аддзел”, потым матэрыялы раздрукоўваліся і накіроўваліся ў розныя сур’ёзныя сакрэтныя інстанцыі. Па вяртаньні дадому, мяне ж, вядома, выклікалі “на дыван” да кіраўніцтва, завяршальным акордам чаго стала асуджэньне ў працоўным калектыве.
З Дзяржтэлерадыё давялося звольніцца. Ларыса была адной зь першых хто дапамагаў мне на той час рознай падпрацоўкай. Калі апыналася на поўдні Нямеччыны, заўсёды атрымлівала запрашэньне завітаць да яе ў Мюнхен і спыніцца на пару дзён у яе гасьцінным доме на Johanniskirchstraße. Дзякуючы Ларысе, я пазьней пачала супрацоўнічаць з Радыё Свабода.
Падчас нашай апошняй размовы зь ёй было шмат усьмешак. Потым я з тыдзень была ў выдатным настроі. Шмат што ўзгадалася: сустрэчы, размовы, настрой таго часу, пра які ніхто тады ня думаў, што ён стане такім далёкім. Бывай, Ларыса... І дзякуй!».
Успамінае Валянціна Аксак:
«Ах ты, Божа мой!... Якая яркая жанчына была! Недзе ў 95-м ці 96-м прыехала ў Менск, бюро Радыё Свабода было яшчэ на Энгельса. Усё яе цікавіла — ад асартымэнту Камароўкі да вечарынаў у Доме літаратара. Я хадзіла зь ёй туды. Па дарозе сустракалі вядомых пісьменьнікаў, яна з ахвотай і шчырай цікаўнасьцю гаварыла зь імі. Шмат было зь ёй цікавых размоваў пра яе жыцьцё. Памятаецца, казала, што яе мама, даведаўшыся, што яна едзе ў Менск, прасіла перадаць беларускім журналістам, каб не тараторылі ў этэры, бо не разабраць нічога звыкламу да пявучай павольнай гутарковай плыні беларускаму вуху...»
Муж Ларысы Урбан — эміграцыйны дзяяч, гісторык Павал Урбан (1924–2011).