Маладзёжнае сацыяльна-культурнае грамадзкае аб’яднаньне «Русь молодая» таксама трапіла ў сьпіс арганізацый, якія ліквідуюцца рашэньнем управы юстыцыі Менскага гарвыканкаму, паведамляе «Эўрарадыё».
Старшыня арганізацыі «Русь молодая», якая ў сваіх праектах прапагандуе расейскую культуру і мову і садзейнічае іх разьвіцьцю,— прарасейскі палітык Сяргей Лушч. Раней ён спрабаваў стварыць прарасейскую партыю «Союз», але ў Міністэрстве юстыцыі яе не зарэгістравалі. Апроч Лушча, які зьбіраўся быць старшынём будучай партыі «Союз», у склад аргкамітэту тады ўвайшлі каля 40 прарасейскіх актывістаў.
Сяргей Лушч — часты госьць дзяржаўнай тэлевізіі, стваральнік «Румола», які актыўна прасоўвае ідэі інтэграцыі Беларусі і Расеі. Разам з актывістамі ён раздаваў жыхарам Менску георгіеўскія стужачкі, прымаў удзел у стварэньні руху «Бесьсьмяротны полк» у Менску.
У 2019 годзе спрабаваў стаць кандыдатам у дэпутаты, аднак не сабраў паловы ад неабходнай для вылучэньня тысячы подпісаў.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў. На гэты момант вядома пра 57 арганізацыяў, закрытых несудовым чынам, яшчэ 20 спрабуюць ліквідаваць у судах.
Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.