Аргкамітэт будучай партыі «Саюз» стварылі 18 кастрычніка. У яго, апроч старшыні Сяргея Лушча, увайшлі каля 40 прарасейскіх актывістаў. На ўстаноўчым зьезьдзе выступіў «дэсант з Масквы»: дзеячы ДНР часоў Захарчанкі (былы міністар сувязі ДНР Віктар Яцэнка) і прадстаўнік Севастопалю Аляксандар Казакоў. Пакуль партыя не зарэгістраваная.
Сяргей Лушч — часты госьць дзяржаўнай тэлевізіі, стваральнік «Румола», які актыўна прасоўвае ідэі інтэграцыі Беларусі і Расеі. Але ягоная біяграфія нашмат цікавейшая.
Стваральнік «славянскага патрыятычнага блёку» скінхэдаў
На пачатку 2000-х у Менску існавала мноства нефармальных асяродкаў. У сталіцы па тэрытарыяльным прынцыпе ўтвараліся блёкі скінхэдаў — аб’яднаньні моладзі з ультраправымі поглядамі. У адну з такіх брыгадаў у раёне Акадэміі навук уваходзіў будучы палітык Сяргей Лушч.
Як расказаў чалавек, знаёмы з тагачаснымі ўльтраправымі тусоўкамі, у блёку Лушча прасочваліся яўныя славянафільскія погляды: «магутная вялікая Русь з дамінуючай сілай — славянамі». Удзельнікі тусоўкі заўжды сьвяткавалі 9 траўня, выступалі супраць нацыянальных сымбаляў і апазыцыі.
Гэтыя зьвесткі пацьвярджаюцца дасьледаваньнем Isans. Вось што там пішуць пра Сяргея Лушча.
«Як вынікае зь біяграфіі Лушча на закрытым цяпер сайце агенцтва нэанацысцкага „Рускага ладу“ „Модус Агенди“, ён з 2000 году быў актыўным удзельнікам моладзевага патрыятычнага руху і адным з заснавальнікаў моладзевай арганізацыі „Славянскі патрыятычны блёк“ (2002–2004). Апошні, паводле дасьледчыкаў, паўстаў з удзельнікаў РНЕ і груповак скінхэдаў. Па розных дадзеных, „Славянскі патрыятычны блёк“, сузаснавальнікам якога быў Лушч, быў таксама наўпрост зьвязаны з нэанацысцкай паганскай сэктай „Схорон Еж Славен“», — пішуць аўтары дасьледаваньня.
Адзін з кіраўнікоў беларускай філіі «Схорон Еж Славен»
Таксама на пачатку 2000-х малады Сяргей Лушч падпадае пад уплыў расейскай нэапаганскай арганізацыі «Схорон Еж Славен». Ейны стваральнік Уладзімір Галякоў, які называе сябе Багуміл Другі Галяк ці Жрэц усіх славянаў, — ураджэнец Санкт-Пецярбургу.
Ідэі гэтага аб’яднаньня — кактэйль з паганства, славянафільства і дамінуючай ролі славянаў у Расеі, Украіне і Беларусі. Выказваньні Галякова нярэдка адзначаюцца антысэмітызмам і шавінізмам, дыскрымінацыяй і ксэнафобіяй.
Прыхільнікі аб’яднаньня нібыта вераць у паганскія традыцыі і праводзяць абрады. Зрэшты, пры бліжэйшым знаёмстве ідэі Галякова — гэта сумесь індуізму і фантазіі: «Бог адзіны, а паганскія багі — ягоныя аватары». Тагачасную дзейнасьць сэкты крытыкаваў і цяперашні паплечнік Лушча Аляксей Дзермант.
З абрадаў гэтага аб’яднаньня захаваліся фатаздымкі, дзе Сяргей Лушч стаіць поруч з Уладзімірам Галяковым.
У пэўны час зьяўляецца менская філія аб’яднаньня. Лушч атрымлівае «павышэньне» і завецца «волхв Вячаслаў». Ён нават праводзіць абрады ў Менску ў адмысловым адзеньні. У расьсьледаваньні «Нашай Нівы» ёсьць здымак, дзе людзі, якіх сабраў Лушч, «зігуюць» (уздымаюць рукі ў фашыстоўскім вітаньні).
У «Схорон Еж Славен» у 2009 годзе было ў Менску «сьвяцілішча», дзе зьбіраліся прыхільнікі арганізацыі. Тады ж навукоўцы з БДУ ахарактарызавалі арганізацыю як «патэнцыйна небясьпечную».
«У цэлым асаблівасьці арганізацыйнай структуры і ідэалягічнай дактрыны дазваляюць характарызаваць „Схорон Еж Славен“ ня проста як радыкалісцкую, а як патэнцыйна дэструктыўную арганізацыю з выразнай экстрэмісцкай арыентацыяй. Ідэалягічны нацыяналізм і ксэнафобія, распальваньне этнічнай і нацыянальнай варожасьці, культ усёдазволенасьці ў сукупнасьці з актыўнай арганізацыйнай дзейнасьцю, стварэньнем ваенізаваных структур...», — адзначалася ў публікацыі «Весьніка БДУ» за 2009 год.
Кіраўнік арганізацыі ў Расеі Галякоў удзельнічае ў «Рускіх маршах» і час ад часу нават крытыкуе дзейнасьць Уладзіміра Пуціна. Напрыклад, удзельнічаў у пратэстах супраць фальсыфікацыі выбараў у расейскую Дзярждуму ў 2011 годзе.
Апошнія фатаздымкі, дзе Лушч прысутнічае разам з Галяковым, датуюцца 2016 годам. Ці падтрымліваюць цяпер яны сувязь — невядома, але ў 2019 годзе Ўладзімір Галякоў наведваў Берасьцейскую крэпасьць.
Стваральнік «Румола»
У 2011 годзе ў Менску рэгіструецца грамадзкае аб’яднаньне «Русь маладая», скарочана «Румол». Старшыня — Сяргей Лушч. Арганізацыя прапагандуе расейскую культуру, удзельнічае ў раздаваньні георгіеўскіх стужак, далучаецца да арганізацыі акцыі «Бессьмяротны полк», якую некалькі разоў забаранялі беларускія ўлады. Лушч яшчэ ўдзельнічае ў абрадах «Схорон Еж Славен», што не перашкаджае яму наведваць цэрквы і ўсхваляць перамогу 9 траўня.
Лягатып арганізацыі «Румола» нагадвае лягатып арганізацыі «Схорон Еж Славен», але адрозьніваецца колерамі: у расейскай сэкты эмблема чорная, а ў «Румола» — чырвоная.
У сваім акаўнце «ЎКантакце» падчас актыўнай дзейнасьці «Румола» Сяргей Лушч піярыць расейскія фонды, кшталту фонду Гарчакова, і заклікае дасылаць заяўкі на ўдзел у мерапрыемствах. Таксама ён удзельнічае ў шматлікіх форумах і сустрэчах пад эгідай «Россотрудничества», дзе прадстаўляе моладзь Беларусі. Менавіта «Россотрудничество» займаецца падтрымкай прарасейскіх арганізацый у Беларусі.
Дзе працаваў ці працуе Лушч, невядома. Па некаторых зьвестках, калісьці ён быў праграмістам на заводзе і скончыў БДУІР ня зь першай спробы. У 2019-м спрабаваў стаць дэпутатам, але ня здолеў сабраць нават паловы зь неабходнай тысячы подпісаў.
Партыя «Саюз»
Падчас выбарчых і поствыбарчых падзеяў Сяргей Лушч вельмі акуратна пачынае крытыкаваць беларускія ўлады за празьмерны гвалт.
«Толькі палітычны дыялёг і рэформы могуць быць выхадам з крызісу, і ўлада гэта павінна ўсьведамляць», — пісаў Лушч 23 жніўня падчас масавай акцыі ў Менску.
Пазьней ён усё часьцей пачынае зьяўляцца на дзяржаўнай тэлевізіі ў кампаніі Алега Гайдукевіча, Аляксея Дзерманта, Аляксандра Шпакоўскага. А з восені піярыць ідэю стварэньня партыі «Саюз», якая мае прапагандаваць ідэю інтэграцыі.