Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марыя Жодзік абвінаваціла Беларускую фэдэрацыю лёгкай атлетыкі ў зрыве свайго выступленьня на Алімпіядзе


Марыя Жодзік
Марыя Жодзік

Прадстаўніца нацыянальнай зборнай у лёгкай атлетыцы, падпісантка ліста за сумленныя выбары заявіла, што яна ў шоку ад навіны пра зьняцьце з Алімпіяды ў Токіё.

24-гадовая скакуха ў вышыню Марыя Жодзік мелася выступіць на сваёй першай Алімпіядзе пасьля таго, як заваявала срэбны мэдаль чэмпіянату Беларусі. Але менш чым за тыдзень да паездкі Марыі паведамілі, што на Гульні яна не дапушчаная, бо ёй не хапае аднаго допінг-тэсту за сэзон, піша by.tribuna.com.

Спартоўка лічыць, што ў яе нядопуску да Алімпійскіх гульняў вінаватыя Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі (БФЛА) і галоўны трэнэр нацыянальнай каманды ў лёгкай атлетыцы Юры Маісевіч.

Пра тое, што колькасьць здадзеных допінг-тэстаў недастатковая і праз гэта яна ня выступіць на Алімпіядзе, Жодзік даведалася толькі ўвечары 27 ліпеня. Прычым інфармацыю перадалі не наўпрост ёй, а праз асабістага трэнэра Валянціна Курдзюка, які, разгублены, патэлефанаваў ёй.

Скакуха трэнавалася ў спартовым комплексе «Стайкі» і рыхтавалася вылецець у Японію неўзабаве, ніхто за ўсе дні не папярэджваў яе аб праблемах.

«Калі б я была сярод патэнцыйных удзельнікаў Гульняў, то прыяжджалі б допінг-афіцэры, бралі б у мяне пробы. Але нічога такога не было! А сачыць за ўсім гэтым — не мая задача. Мая задача — трэнавацца і выступаць. У пляне чорным па белым напісана, што я буду рыхтавацца да Алімпіяды. Але я ня ведаю, што зрабілі ў фэдэрацыі. Ці праігнаравалі гэты плян, ці не паверылі ў мае сілы. Ня ведаю, што там у іх здарылася».

Жодзік сказала, што пасьля атрыманьня непрыемнай навіны тэлефанавала галоўнаму трэнэру нацыянальнай каманды Маісевічу, але той сказаў, што вінаватая БФЛА. Фэдэрацыя, якую ўзначальвае падпісант ліста за Лукашэнку Іван Ціхан, у сваю чаргу ўскладае віну на нацыянальную зборную.

«У выніку атрымалася так, што абвінавацілі мяне, маўляў, я позна выканала алімпійскі нарматыў, хоць я зрабіла гэта своечасова! Гэта такі жах! Навошта нам патрэбныя кіраўнікі, якія не выконваюць сваю працу? Чаму празь нечую некампэтэнтнасьць у чалавека разбураюцца мары і надзеі? Уся праца і ўся падрыхтоўка пайшла з дымам», — дадала Жодзік.

Спартоўка раней падпісала ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту, аднак цяперашнюю сытуацыю са сваёй пазыцыяй ня зьвязвае, бо ў аналягічнай сытуацыі апынуліся лёгкаатлеткі Ганна Міхайлава і Крысьціна Мулярчык, якія падпісаліся пасьля выбараў за Лукашэнку. Жодзік упэўненая, што Фэдэрацыя лёгкай атлетыкі Беларусі проста праявіла халатнасьць у гэтым пытаньні, ня ўнёсшы яе ў сьпіс патэнцыйных алімпійцаў, за якімі Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва сочыць з асаблівай дбайнасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG