Абодвух вінавацяць паводле ч. 2 арт. 216 КК (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня групай асобаў). Яны застаюцца ў СІЗА № 1 Менску.
Сэнс прэтэнзіяў у тым, што камунальныя паслугі памяшканьня аплочвалі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было плаціць як для юрыдычных. Сьледчыя налічылі, што за 4 гады «Мінэнэрга» панесла страту ў 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі не зьвярталася. Насамрэч гэта гаспадарчая справа, якая не вымагае арышту.
«Наша Ніва» апублікавала фотасьведчаньне, як выглядалі офіс і кватэры супрацоўнікаў пасьля ператрусаў 8 ліпеня. У той дзень сілавікі затрымалі галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча, кіраўніка аддзелу рэклямы і маркетынгу Андрэя Скурко, галоўнага рэдактара часопісу «Наша гісторыя» Андрэя Дынько і галоўную бухгальтарку Вольгу Раковіч.
Трагічным сымбалем налёту стаў бюст заснавальніка «Нашай Нівы» Івана Луцкевіча. Яго разьбілі на кавалкі. Банэр «Нашай Нівы» разарвалі, кадар вандалізму тыражавалі праўладныя тэлеграм-каналы. Разграмілі прыватныя бібліятэкі Андрэя Дынько і Андрэя Скурко, усю падазроную для іх літаратуру выкладвалі і фатаграфавалі.
Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко застаюцца за кратамі, 28 ліпеня ім выставілі абвінавачаньне. Андрэя Дынько і Вольгу Раковіч вызвалілі раней.
Нашаніўцы прызнаныя палітвязьнямі. Ягор Марціновіч пры затрыманьні быў пабіты, у Сьледчым камітэце яму выклікалі хуткую дапамогу. Андрэй Скурко хворы на дыябэт, у СІЗА ён трапіў у мэдычную частку — у яго знайшлі пнэўманію каранавіруснага паходжаньня.
Падтрымаць зьняволеных нашаніўцаў можна лістом ці паштоўкай: 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1.