Пасьля гэтага Вадзім Караленка уцёк у Расею. Адтуль — у Турэччыну. Затым былі Ўкраіна і Мэксыка. Адтуль трапіў у ЗША і папрасіў палітычнага прытулку.
Уцякаў з Гомля гародамі
«Увесну 2020 году я далучыўся да каманды „Страна для жизни“. Набыў абсталяваньне, здымаў стрымы са збору подпісаў і розных акцый і выкладваў на youtube-канал „Тапок TV“.
Стрымы я праводзіў дзеля бясьпекі ўдзельнікаў пікетаў і акцый — каб вылічваць правакатараў і „ціхароў“. Наўрад ці мая дзейнасьць спадабалася міліцыі, і ў чэрвені пачалі да мяне чапляцца. Спачатку склалі пратакол нібыта за экстрэмізм, потым прыйшлі з вобшукам і сказалі маці, што на мяне распачатая крымінальная справа за парнаграфію! Што ў 2010 годзе, калі яшчэ вучыўся ў школе, на маёй старонцы „ЎКантакце“ былі разьмешчаныя парнаграфічныя ролікі. На ператрусе маці сказалі, што каб я не займаўся палітыкай, то ніхто б мяне не чапаў.
Мне ўдалося ўцячы ад міліцыі. Калі яны грукалі ў хату, я там быў. Але сядзеў ціхенька і не адгукаўся. Калі пачалі тэлефанаваць і пытацца, дзе я, то я сказаў, што на цырку — на зборы подпісаў. Яны зьехалі, а я ўцёк гародамі. Гэта быў мой шанец на свабоду, які падараваў мне, мусіць, Бог.
Трэба было бегчы. Але куды? Межы зачыненыя праз каранавірус. Заставалася толькі Расея. Мяне туды перавезьлі за пэўныя грошы, і я атабарыўся ў Маскве. Там хадзіў на акцыі каля беларускай амбасады, здымаў таксама ролікі».
У Маскве ледзь ня страціў нырку
«Працаваць я там ня мог, трэба было хавацца, зьмяняць лякацыі. Увосень захварэў на пнэўманію, бо меў каранавірус. Я быў у вышуку, ня мог зьвяртацца ў шпіталь. Так лячыўся антыбіётыкамі, што „залячыўся“. Пачаліся праблемы з горлам і ныркамі. Быў такі боль, стан пагаршаўся, у выніку неяк страціў прытомнасьць і трапіў у шпіталь. Мне аказалі першую дапамогу і прапанавалі зрабіць апэрацыю на нырках — за 100 тысяч расейскіх рублёў. У мяне не было, натуральна, такіх грошай. Аказалася, камяні ў нырках, таму такі боль. У выніку трохі падлячылі, але апэрацыю не рабілі. Хоць казалі пра рэальную пагрозу: магу страціць нырку.
Потым пазнаёміўся з адным фондам дапамогі беларусам, які знаходзіцца ў Польшчы. Яны абяцалі мяне вывезьці з Расеі ў Польшчу, але ў выніку я зразумеў, што зь імі толку ня будзе.
Тады зьвязаўся зь беларускай дыяспарай у Маскве. Мне дапамаглі — і маральна, і матэрыяльна. Адзін чалавек аплаціў мне клініку. Там мяне абсьледавалі наконт праблемаў з горлам. Правялі працэдуры, палячылі. Вельмі ўдзячны добрым людзям».
Вылецеў у Турэччыну, адтуль — ва Ўкраіну
«У красавіку беларускія фонды дапамаглі мне грашамі, набылі квіток да Турэччыны на самалёт і тур на 11 дзён. Я праходзіў кантроль у маскоўскім аэрапорце. У мяне калаціліся рукі і ногі, былі панічныя атакі. Памежнік вельмі доўга круціў мой пашпарт, нешта пытаўся. Але ў мяне быў такі стрэс, што я нічога ня памятаю. У выніку — гэта быў цуд, але ён мяне прапусьціў! Так я трапіў у Турэччыну. Там быў 11 дзён, і адтуль паляцеў у Кіеў.
У Кіеве пазнаёміўся з украінцамі. Яны мяне вельмі падтрымлівалі. Я пачаў працаваць у адным праекце. Але не было ўпэўненасьці ў заўтрашнім дні. Я не адчуваў сябе ва Ўкраіне ў бясьпецы. Стаў шукаць інфармацыю, як трапіць за акіян. Вырашыў, што толькі там для мяне надзейнае месца.
Мне трэба было шмат грошай, але я іх ня меў. Падумаў трапіць у ЗША праз Мэксыку. Зноў прыйшлі на дапамогу прыяцелі, сябры, сваякі і ўкраінцы. Амбасада Мэксыкі, дзе маглі б зрабіць візу беларусы, — у Маскве. Я ня мог туды ехаць. Мой пашпарт паехаў безь мяне, на аўтобусе — хоць забаронена перадаваць пашпарты, але схаваў яго ў паперы. І адтуль мой пашпарт вярнуўся з мэксыканскай візай.
Такім чынам, з дапамогай добрых людзей, якія далі мне грошы, я вылецеў у Мэксыку 14 ліпеня».
У мэксыканскім гатэлі хадзілі голыя прастытуткі
«Вось я ў Мэксыцы, у Канкуне. Не было грошай на таксі, каб даехаць з аэрапорту. Я неяк дамовіўся з кіроўцам аўтобуса, і ён мяне падвёз да Канкуна за 5 даляраў. Дарэчы, ні гішпанскай, ні ангельскай мовы я ня ведаю, very bad, як гаворыцца. Таму карыстаўся google translate.
Пасьля знайшоў аўтобус з Канкуна да Мэхіка, потым ехаў таксама на аўтобусе з Мэхіка да Тыхуаны. Гэта агулам недзе 5 тысяч кілямэтраў — праз усю краіну. Было цяжка, але на самалёт я ня меў грошай.
У Мэксыцы рэальна страшна! Там у кожным штаце свае картэлі. І пры пераезьдзе са штату ў штат ідзе татальны надгляд. Людзі са зброяй выводзяць з аўтобуса і трасуць. Назіраў карціну, як вымаюць ці загружаць грошы ў банкамат. Трое стаяць з драбавікамі, накіраванымі на мінакоў, проста цэляцца ў цябе! А чацьвёрты загружае ці вымае грошы.
У Тыхуане, як у мяне было ня надта з грашамі, я знайшоў самы танны гатэль. Там проста быў блуд і садамія. Па калідоры гулялі голыя прастытуткі, якія каштуюць 7 даляраў.
У Тыхуане шмат людзей, якія хочуць трапіць у ЗША. Іх могуць злавіць і пасадзіць у мэксыканскую турму, а выкупіцца адтуль каштуе 600 даляраў. Там я пазнаёміўся з расейцамі і кіргізамі, якія таксама ўжо спрабавалі трапіць у ЗША, ды зь першага разу не атрымалася. Вырашылі „штурмаваць“ мяжу на фургоне. Ну і паехалі.
Дарэчы, у Тыхуане не сказаць каб шмат, але ёсьць расейцы. Многія зь іх былі датычныя да працы штабу Навальнага і таму ўцякаюць у ЗША».
Трапіў у турму, а праз габрэйскую супольнасьць — у гатэль
«20 ліпеня я з расейцамі і кіргізамі перабраўся ў ЗША. Зноў здарыўся цуд, што мы праскочылі, ня трапіліся паліцыі і здаліся адразу памежнікам — маўляў, просім палітычнага прытулку.
Нас пасадзілі ў турму — такая працэдура. Гэта была не турма, а ізалятар, але фактычна турма. Мяне вельмі зьдзівіла, што памежнікі і паліцыя паставіліся да мяне добра. Я так думаю, таму, што я зь Беларусі. Іншым мігрантам паліцэйскі грубіў, а да мяне паставіўся ветліва. У ЗША многія чулі пра падзеі ў Беларусі і спачуваюць нам.
Праз два дні нас выпусьцілі з ізалятара. І павезьлі на аўтобусе ў гатэль. Гэта было пры падтрымцы габрэйскай супольнасьці, якая дапамагае мігрантам. Яна нам аплаціла гатэль і тэсты на ковід.
У мяне на нэрвовай глебе пачаўся моцны кашаль, з крывёй. А ў гэты час у таго чалавека, які жыў са мной у пакоі, знайшлі ковід. І нас павезьлі ў іншы гатэль — для „ковідных“. Я як паскардзіўся на кашаль з крывёю, то яны пачалі падазраваць, што ў мяне сухоты. Выклікалі хуткую, я трапіў у шпіталь. Ковіду і сухотаў не знайшлі, але па выніку мне выставілі рахунак у 1,5 тысячы даляраў! Ня ведаю, як сплачу рахунак, бо грошай у мяне няма.
Зараз мы сядзім на карантыне ў гатэлі, але гэта ўжо не за кошт габрэйскай арганізацыі, а за кошт муніцыпалітэту. Што цяпер? Чакаю гутаркі як нелегал. Калі здолею пераканаць афіцэра, што мне рэальна пагражала турма на радзіме, то мяне пакінуць у ЗША. Калі не — могуць дэпартаваць у Беларусь. Яшчэ можа быць суд. Я вельмі спадзяюся, што застануся тут.
Чаго я хачу, пра што мару? Я самотны, ужо год. Я хачу знайсьці жонку, мець дзяцей, купіць пікап, дом непадалёк ад вадаёма і езьдзіць зь дзецьмі на рыбалку. Я хачу нармальнае чалавечае жыцьцё. Мяне не цікавяць грошы — я хачу мець сям’ю!
Ці хачу вярнуцца ў Беларусь? Пасьля вашага пытаньня мне зрабілася блага, я нават кашляць пачаў ад нэрваў. Я хацеў бы, каб я не зьяжджаў — так магу сказаць. Я нікому не пажадаю пражыць такі год, які пражыў я».