Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлеб зь цьвільлю, духата і холад у камэры: мянчук расказаў пра ўмовы ў турме на Акрэсьціна


Ізалятар на завулку Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота.
Ізалятар на завулку Акрэсьціна ў Менску. Архіўнае фота.

Мянчук, які ў ліпені адбываў пакараньне арыштам у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсьціна, расказаў праваабаронцам пра ўмовы ўтрыманьня «палітычных» у ізалятары.

Івана (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) затрымалі ў сярэдзіне ліпеня. На яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі), а потым пакаралі арыштам. Свой арышт ён адбываў у ЦІПе на Акрэсьціна. Ён расказаў «Вясна назірае» пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары.

«У ІЧУ бялізну, ручнікі і матрацы ў нашай камэры нікому ня выдалі, нягледзячы на тое, што тры чалавекі былі не па „палітычных“ артыкулах. Ваду таксама не давалі, у душ і на шпацыр не вадзілі. Першую ноч было выключанае сьвятло, дзьве наступныя — наадварот. У камэры нават не працаваў зьліў унітаза. У ізалятары ўвесь час працавала радыё „Севастопаль“, а песьні Цімы Беларускіх былі замест будзільніка», — кажа Іван.

Ваду ўсе вымушаныя піць з крана. Афіцыйна адмовіцца ад харчаваньня, каб за яго не плаціць, магчымасьці няма. Адна з прычын — «няма паперы і ручкі». Пры гэтым плату за харчаваньне спаганяюць нават за тыя дні, у якія зьняволеныя наогул не прымаюць ежу. Напрыклад, калі іх вывозяць на суд.

«Нас было 18 чалавек у чатырохмеснай камэры. Посуд давалі на кожнага, але пасьля супу талерку трэба было мыць вадой з крана, потым яе складалі і туды ўжо накладалі „другое“, гэта значыць, што ты еў ужо з чужой талеркі, чысьціня якой выклікала пытаньні. Некалькі разоў давалі хлеб ад „Менскхлебпраму“ з чорнай і жоўтай цьвільлю», — кажа мужчына.

За некалькі дзён да вызваленьня яму прынесьлі чэк аб аплаце харчаваньня грашыма, якія былі ў ягоных асабістых рэчах. Ён кажа, што да гэтага часу нічога ня еў у ЦІП. Спрабаваў раніцай вярнуць ежу раздатчыцы, але тая кінула яе на падлогу.

«Пры афармленьні ў ЦІП лекар дае падпісаць дакумэнт, дзе трэба паставіць вельмі шмат подпісаў. І вось там сярод усяго ёсьць пункт аб згодзе на тое, каб за харчаваньне была праведзена аплата з грошай, якія былі з сабою. Але на гэта мала хто зьвяртае ўвагу», — растлумачыў Іван.

Ужо некалькі месяцаў арыштаваным па «палітычных артыкулах» не перадаюць лісты, перадачы, не даюць паперу і пісьмовыя прылады. Але Іван кажа, што атрымаць перадачу нават пасьля вызваленьня — гэта велізарная падтрымка. Бо на выхадзе зь ЦІПа «палітычным», якім перадачы не перадавалі, супрацоўнікі Акрэсьціна казалі: «Бачыш, ты нікому не патрэбны, і на зону табе х*р хто што перадасьць».

Калі тэмпэратура на вуліцы зьнізілася, стала холадна, а многія затрыманыя былі ў шортах і без шкарпэтак, ад пастаяннага скразьняку ўсе сталі хварэць. Сукамэрнікі Івана расказалі, што раней, пры невыноснай сьпякоце, шмат хто траціў прытомнасьць, таму іх пачалі выводзіць на прагулкі. У адзін зь дзён, паводле сукамэрнікаў, усю камэру вывелі начаваць на вуліцу ў двор ЦІПа, дзе яны правялі каля 17 гадзін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG