Памылка на інтэрактыўнай мапе, якая паказвае краіны-ўдзельніцы XXXII летняй Алімпіяды ў разьдзеле Olympics Cheer Zone афіцыйнага сайта Гульняў у Токіё, цяпер выпраўлена. Раніцай у пятніцу, 23 ліпеня, мяжа паміж анэксаваным Расеяй паўвостравам Крым і астатняй часткай Украіны зьнікла.
Гэтую мяжу, няправільна пазначаную на афіцыйным сайце Алімпійскіх гульняў, украінскія СМІ заўважылі 22 ліпеня. У той жа дзень МЗС Украіны даручыў пасольствам краіны ў Швайцарыі і Японіі «разабрацца ў гэтай сытуацыі», паведаміў афіцыйны прадстаўнік зьнешнепалітычнага ведамства ў Кіеве Алег Ніколенка.
Абрысы Ўкраіны, якія ўключаюць паўвостраў Крым, былі захаваныя і на афіцыйнай форме ўкраінскай футбольнай зборнай у час Эўра-2020. Тады арганізатары першынства адзначылі, што гэтыя межы зьяўляюцца міжнародна прызнанымі.
Афіцыйнае адкрыцьцё Алімпійскіх гульняў у Токіё адбываецца 23 ліпеня. Спаборніцтвы павінны былі прайсьці летам 2020 году, аднак іх перанесьлі на год з прычыны пандэміі каранавірусу.