Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля заявы Лукашэнкі пра «зачыстку» ўлады ліквідуюць дзясяткі беларускіх НДА. СЬПІС

абноўлена

Офіс БАЖ пасьля ператрусу.
Офіс БАЖ пасьля ператрусу.

23 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі ліквідуе шэраг самых розных беларускіх арганізацый. На цяперашні момант вядома ўжо больш як пра пяць дзясяткаў арганізацый, які падпалі пад ліквідацыю.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», сярод тых, хто трапіў пад ціск уладаў:

  1. Офіс эўрапейскай экспэртызы і камунікацыі — арганізацыя, якая займалася падтрымкай грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і разьвіцьцём рэгіёнаў.
  2. Youth Labor Rights — арганізацыя, якая юрыдычна дапамагала маладым спэцыялістам.
  3. European Youth Parliament — мадэляваньне дзейнасьці Эўрапарлямэнту ў Беларусі.
  4. Цэнтар прававой інфармацыі Lawtrend.
  5. Дабрачынная плятформа «Имена».
  6. Цэнтар прававой трансфармацыі.
  7. Праваабарончы цэнтар Human Constanta.
  8. Цэнтар экалягічных рашэньняў.
  9. Цэнтар разьвіцьця эфэктыўнай камунікацыі «Жывая бібліятэка».
  10. Беларуская асацыяцыя журналістаў.
  11. ПЭН-цэнтар.
  12. «Прэс-клюб».
  13. Інфармацыйна-культурны цэнтар «ІніцыАрт».
  14. «Тэрыторыя правоў».
  15. «Эўрапейскі дыялёг».
  16. Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА».
  17. Цэнтар эўрапейскіх дасьледаваньняў.
  18. Сацыяльна-інфармацыйная ўстанова «ТаймАкт».
  19. Арт-сядзіба.
  20. Бізнэс-школа ІПМ.
  21. Майстэрня сацыяльнага кіно.
  22. Офіс прасоўваньня ініцыятыў.
  23. Цэнтар аматараў жывёлаў «ЛАВБРЫЛ».
  24. Культурна-асьветнiцкая ўстанова «АСЕТ».
  25. Цэнтар стратэгічных і замежнапалітычных дасьледаваньняў.
  26. Офіс правоў людзей з інваліднасьцю.
  27. Кансультацыйна-асьветніцкая ўстанова па ахове прыроды «Экаасяродзьдзе».
  28. Асьветніцкая ўстанова «Сацыяльныя інтэрвэнцыі».
  29. Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Амарока».
  30. Рэгіянальны цэнтар экспэртызы «Экадэмія».
  31. Культурна-асьветніцкая ўстанова «Садзейнічаньне культурнаму разьвіцьцю гарадоў».
  32. Культурна-асьветніцкая ўстанова «Крэсы».
  33. Культурна-асьветніцкая ўстанова па працы з насельніцтвам і самаразьвіцьці «Агульная будучыня».
  34. Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Пэнсійны выпадак».
  35. Цэнтар сацыяльнай дапамогі і падтрымкі груп рызыкі «Стымул да посьпеху».
  36. Прыватная інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Ноктуам».
  37. Прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова «Веданта вада».
  38. Магілёўскі моладзевы цэнтар.
  39. Сацыяльна-асьветніцкая ўстанова ў галіне гісторыка-культурнай спадчыны «УНОВІС-форум».
  40. Прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова «Гендэрны адказ».
  41. Цэнтар урбаністычных праектаў і ініцыятыў «Прастора».
  42. Праваабаронча-асьветніцкая ўстанова ў галіне экалягічных і маёмасных правоў «Ваколіца».
  43. Прыватная культурна-асьветніцкая ўстанова «Лідэр новай эпохі».
  44. Сацыяльна-культурная ўстанова разьвіцьця беларускай мовы і культуры «Мова нанова».
  45. Установа «Гарадзкое разьвіцьцё», якая займалася тэмай здароўя мужчын у Беларусі.
  46. Цэнтар рэгіянальнага разьвіцьця ГДФ (Гомель).
  47. Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асьветы.
  48. Цэнтар дасьледаваньня грамадзкага кіраваньня SYMPA.
  49. Асацыяцыя некамэрцыйных арганізацый па супрацьдзеяньні эпiдэмii ВIЧ/СНIД «БелСетка антыСНIД».
  50. Цэнтар ініцыятыў (Магілёў).

Камэнтары арганізацый, якія закрываюць

«Имена»: рыхтуем пазоў у суд

Дабрачынны праект «Имена» пракамэнтаваў рашэньне ўладаў аб ліквідацыі ў пазасудовым парадку.

«Безумоўна, мы будзем аспрэчваць гэтае рашэньне і лічым яго неабгрунтаваным. Мы рыхтуем пазоў у суд. Мы будзем змагацца дзеля нашых праектаў, дзеля тых тысяч людзей, якім мы з вамі патрэбныя. Дзеля вас, сябры, дзясяткаў тысяч чалавек, якія нас падтрымліваюць ужо шмат гадоў і дзякуючы якім у нас атрымалася зрабіць столькі добрага і важнага».

«Мова нанова»: ініцыятыва, найперш, гэта тысячы людзей

Прадстаўнік «Мова нанова» Глеб Лабадзенка напісаў, што ініцыятыва «ня столькі курсы, бо найперш гэта — тысячы людзей, якія за 7 гадоў прайшлі праз курсы, і атрыманыя веды ды любоў да Беларушчыны немагчыма ліквідаваць». Ён заклікаў не расчароўвацца і пераходзіць на беларускую мову, паўсюдна размаўляючы на ёй.

Human Constanta: арганізацыя — гэта толькі інструмэнт, а ​працу робяць людзі

Юрыст і сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк пракамэнтаваў рашэньне аб яе ліквідацыі. Ён ня згодны, што навіна пра ліквідацыю дзясяткаў арганізацый падаецца як трагедыя.

«Я б не хацеў прымяншаць злачынствы рэжыму, але ў разгроме грамадзянскай супольнасьці ліквідацыя некалькіх дзясяткаў юрыдычных асоб займае вельмі сьціплае месца, асабліва ў параўнаньні з арыштамі калегаў, ператрусамі і паляваньнем на журналістаў і актывістаў».

Ён мяркуе, што ва ўмовах, калі не працуюць прававыя інстытуты, легальны статус некамэрцыйных арганізацый ужо зь мінулага году страціў усялякае значэньне.

«Хіба што дабрачынныя і іншыя гуманітарныя арганізацыі шкада, ім сапраўды важна было мець магчымасьць афіцыйна размаўляць з рэшткамі дзяржаўнага апарату. Для астатніх нагадаю гісторыю. У 2002–2004 ужо ліквідавалі сотні грамадзкіх арганізацый, якія бурна разьвіваліся ў „цёмныя і жудасныя“ 90-я. І з таго часу зарэгістравацца ў якасьці ГА было практычна немагчыма».

Казьлюк успамінае, што толькі ў 2009 годзе прэзыдэнцкім дэкрэтам дазволілі рэгістраваць установы ў апавяшчальным парадку, у парадку лібэралізацыі ўмоў для бізнэсу. А «Вясна» пасьля ліквідацыі ўсе апошнія гады працавала без рэгістрацыі, нават пад пагрозай крымінальнага перасьледу па нядаўна адмененым артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэксу.

Казьлюк лічыць, што ніякай трагедыі не адбылося, бо зарэгістраваная арганізацыя — гэта толькі інструмэнт. А працу робяць людзі.

Перасьлед няўрадавых арганізацый

23 ліпеня стала вядома, што ўстанова Human Constanta, зарэгістраваная ў 2016 годзе, з 22 ліпеня знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, як і многія іншыя ўстановы.

«Такое рашэньне прыняў Менскі гарвыканкам. Пра гэта мы даведаліся з сайта АДР (ЕГР) — зь якой прычыны нас вырашылі ліквідаваць, нам, вядома, ніхто не паведаміў. Нам абсалютна зразумела, што такім чынам працягваецца барацьба з праваабарончымі, некамэрцыйнымі, асьветніцкімі арганізацыямі, якія ў сваёй дзейнасьці прытрымліваюцца прынцыпаў гуманізму, роўнасьці, негвалтоўнасьці, дэмакратыі і выкарыстоўваюць праваабарончы падыход. Ціск на грамадзянскую супольнасьць у Беларусі ўзмацняецца», — заявілі ў арганізацыі.

22 ліпеня раніцай у Адзіным рэгістры юрыдычных асоб зьявілася інфармацыя пра ліквідацыю «Цэнтру прававой трансфармацыі» (ён займаўся «павышэньнем прававой культуры, арганізацыяй асьветніцкай, аналітычнай і дасьледчай дзейнасьці ў галіне права». 14 ліпеня сілавікі прыходзілі зь ператрусам у офіс цэнтру і да дырэктаркі Вольгі Смалянкі).

22 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі падало пазоў аб ліквідацыі Беларускага ПЭН-цэнтру. Прадстаўнікі арганізацыі атрымалі ліст, што ім трэба а 10-й раніцы 20 ліпеня прыйсьці на апытаньне для падрыхтоўкі да судовага працэсу.

Пры гэтым сам ліст атрымалі сёньня, 22 ліпеня, напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку намесьніца старшыні ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай.

21 ліпеня стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі вырашыла ліквідаваць Беларускую асацыяцыю журналістаў (БАЖ). Адпаведны пазоў міністэрства знаходзіцца ўжо ў Вярхоўным судзе.

У папярэджаньні, сярод іншага, гаворыцца, што кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў не падало на праверку неабходныя дакумэнты, з чаго паўсталі пытаньні адносна дзейнасьці арганізацыі. Міністэрства юстыцыі падало пазоў у Вярхоўны суд аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

У адказ БАЖ нагадвае, што 14 ліпеня менскі офіс быў разгромлены і апячатаны супрацоўнікамі МУС — паўторна ў гэтым годзе. У кіраўніцтва няма доступу да статутных дакумэнтаў, пячаткі і дамоваў арэнды, згаданых у папярэджаньні. Невядома нават, якія рэчы вывезеныя.

Судовае пасяджэньне па пазове Міністэрства юстыцыі аб прыпыненьні дзейнасьці руху «За свабоду» прызначылі на 27 ліпеня. Тым часам стала вядома, што Вярхоўны суд прызначыў на пазоў Міністэрства юстыцыі працэс аб спыненьні дзейнасьці арганізацыі «Прававая ініцыятыва». Разбор у справе заплянаваны на раніцу 30 ліпеня.

Што наконт гэтага казаў Лукашэнка

На нарадзе з кіраўніцтвам Савету Міністраў 22 ліпеня Лукашэнка закрануў пытаньне грамадзянскай супольнасьці.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

Цяпер, па словах Лукашэнкі, ва ўладзе агледзеліся, зразумеўшы, што гэта «шкода для дзяржавы», піша БелТА.

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG