Усе асуджаныя цяпер знаходзяцца на ўліку як «схільныя да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў», паведаміла Задзіночаньне беларускіх студэнтаў.
Гэты статус азначае больш жорсткае стаўленьне да вязьняў у месцах пазбаўленьня волі, больш частыя праверкі камэраў, кайданкі падчас усіх перасоўваньняў па турме.
Для «схільных да экстрэмізму» немагчымае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці зьмякчэньне прысуду.
Каго асудзілі
На лаве падсудных былі 12 чалавек:
- Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
- Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
- Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
- Ягор Канецкі, студэнт БДУ;
- Глеб Фіцнэр, студэнт МДЛУ;
- Ільля Трахтэнберг, студэнт БДУ;
- Вікторыя Гранкоўская, студэнтка БНТУ;
- Анастасія Булыбенка, студэнтка БНТУ;
- Яна Арабейка, студэнтка БДПУ;
- Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР;
- Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў;
- Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ.
У чым вінавацілі
Падсудных абвінавацілі ў змове, ажыцьцяўленьні злачынства групай асобаў і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 2 арт. 17 і ч. 1 арт. 342 КК, максымальнае пакараньне — да 3 гадоў пазбаўленьня волі).
З 1 верасьня да канца 2020 году ў менскіх ВНУ амаль штодня праходзілі акцыі салідарнасьці. Студэнты і выкладчыкі зьбіраліся ўнутры будынкаў (на лесьвічных пралётах, у холах), а таксама каля ўваходаў у навучальныя ўстановы. Яны запісвалі відэазвароты, сьпявалі песьні, пляскалі або стаялі моўчкі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.
Сама меней сто студэнтаў розных ВНУ адлічылі, крымінальныя справы, паводле Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, завялі сама меней на 40 студэнтаў.
Усіх фігурантаў праваабаронцы прызналі палітычнымі вязьнямі.
Віну пры гэтым прызнаў толькі Глеб Фіцнэр, астатнія фігуранты справы катэгарычна адмаўляюць абвінавачаньні і настойваюць на сваёй невінаватасьці.