Аб звальненьні Кобаясі напярэдадні адкрыцьця Гульняў паведаміў арганізацыйны камітэт Алімпіяды ў Токіё.
«Высьветлілася, што ў мінулым падчас сваіх выступаў Кобаясі кпіў з трагічнага эпізоду гісторыі», — сказала кіраўніца аргкамітэту Сэйко Хасімота. Сам рэжысэр папрасіў прабачэньня за свае словы трыццацігадовай даўнасьці. Кобаясі прызнаў, што яго выказваньні былі зусім недарэчнымі і заявіў, што раскайваецца.
На відэазапісе выступу, які нядаўна зьявіўся ў інтэрнэце, Кобаясі у складзе камэдыйнага дуэту прапануе «пагуляць у Галакост» і раскідвае нарэзаных з паперы чалавечкаў, якія ўвасабляюць ахвяраў генацыду.
Некалькі дзён таму прашэньне аб адстаўцы з пасады кампазытара цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў падаў 52-гадовы японскі музыкант Кейго Оямада. Рашэньне Оямады было зьвязана зь яго інтэрвію 1994 году, у якім ён прызнаваўся, што падчас вучобы ў школе зьдзекаваўся з аднакляснікаў з абмежаванымі магчымасьцямі.
У лютым з прычыны сэксісцкіх выказваньняў пакінуў пасаду кіраўнік аргкамітэту, былы прэм’ер-міністар Японіі Ёсіро Моры. Ён заявіў, што рост колькасьці жанчын у спартовых камітэтах і фэдэрацыях прыводзіць да зацягваньня іх пасяджэньняў.