«ЗША могуць у наступныя месяцы перагледзець юрыдычныя пытаньні, датычныя Ціханоўскай і яе офісу»
«Пытаньне, у якім статусе тут Ціханоўская, цікавіць ня толькі журналістаў, але і саму каманду. Мне здаецца, што цяпер робяцца крокі, каб Ціханоўская была прызнаная на афіцыйным узроўні афіцыйным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь. Лукашэнку ЗША не прызнаюць афіцыйным кіраўніком, гэта датычыць і тых людзей, якія прызначаныя пасьля тайнай інаўгурацыі. Літоўцы ўжо робяць першыя крокі для дыпляматычнага прызнаньня. ЗША, па той дынаміцы, якую я назіраю апошні тыдзень, можа, ня сёньня ці заўтра, але ў найбліжэйшыя месяцы пераглядзяць юрыдычныя пытаньні, датычныя Ціханоўскай і яе Офісу.
Калі ўсё ж сустрэча Байдэна і Ціханоўскай адбудзецца на гэтым тыдні, мы зможам казаць пра тое, што гэтая дынаміка вельмі значна паскорылася.
Тэма Беларусі пераасэнсоўваецца тут з кожным днём. Людзі, якія яшчэ тыдзень таму ведалі нейкія факты пра Беларусь, ужо пад канец тыдня, пасьля знаёмства з Ціханоўскай, пасьля абмеркаваньня з прадстаўнікамі каманды, на многія рэчы глядзяць па-іншаму.
«Сустрэча „для фота“ ня цягнецца гадзіну»
«Калі б сустрэча зь дзяржсакратаром Энтані Блінкенам была «для здымка», як кажа прапаганда, то яна б не працягвалася гадзіну, а прадстаўнікі дзьвюх камандаў не абмяркоўвалі б дэталі нейкіх далейшых крокаў пазьней у будынку Дзярждэпартамэнту.
«Першая сустрэча афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на такім узроўні за вельмі доўгі час»
«Аб практычных выніках візыту мы зможам сказаць бліжэй да канца гэтага тыдня. З таго, што мне вядома з камунікацыі зь мясцовымі журналістамі, з прадстаўнікамі палітычнага істэблішмэнту, стаўленьне да Беларусі значна зьмянілася. Ужо ня трэба людзям тлумачыць, дзе гэтая краіна і што там адбываецца. Пра сытуацыю ведаюць ужо ня толькі экспэрты, але і людзі з шырокіх масаў. Праз той гвалт, што адбываецца, праз парушэньне правоў чалавека. Гэта першая сустрэча афіцыйнага прадстаўніка Беларусі на такім узроўні за вельмі доўгі час, і тым больш у Вашынгтоне. Я лічу, што гэтая паездка скончыцца практычнымі вынікамі. Як ужо вядома, будзе новы executive order (выканаўчая пастанова) ад прэзыдэнта. Гэты дакумэнт ужо падрыхтаваны і будзе падпісаны неўзабаве.
«Салівэн — гэта чалавек, які мае ўплыў на Джо Байдэна»
«Сустрэча Ціханоўскай з дарадцам Байдэнам Джэйкам Салівэнам — гэта сустрэча высокага ўзроўню. Беларуская і амэрыканская сыстэмы вельмі адрозьніваюцца ў тым ліку і тым, што людзі з вэртыкалі ўлады тут маюць магчымасьць уплываць на прыняцьце рашэньняў, выконваюць іх і бяруць за іх адказнасьць. Салівэн — гэта чалавек, які мае ўплыў на Джо Байдэна. І дарадца прэзыдэнта і дзяржсакратар — гэта сапраўды ўплывовыя людзі».
«Нават калі сустрэчы з Байдэнам не адбудзецца, ня трэба алярмізму»
«Я б ацэньваў гэты візыт як знаёмства з прадстаўнікамі амэрыканскай палітычнай сыстэмы. Нават калі сустрэчы з Байдэнам не адбудзецца, ня трэба ўчыняць алярмізм і казаць, што ўсё прапала. Проста ў некаторых сыстэмах, як і амэрыканская, часам трэба зрабіць больш хатняй працы перад тым, як сустракацца з прэзыдэнтам. Гэта робіцца дзеля таго, каб гэтая сустрэча была больш грунтоўнай і асэнсаванай абодвума бакамі. У прэзыдэнта ЗША таксама на дзень 24 гадзіны часу, але гэтыя 24 гадзіны вельмі шчыльна занятыя».
«Байдэн не аддаў Беларусь»
Інфармацыі аб тым, што Байдэн мог «аддаць» справу Беларусі Пуціна падчас сустрэчы ў Швайцарыі, няма ў прадстаўнікоў амэрыканскага істэблішмэнту. Гэтае пасланьне закінутае расейскай прапагандай, каб паказаць, што Ўладзімір Пуцін мае нейкі ўплыў на прэзыдэнта ЗША. Гэта ня мае ніякага дачыненьня да рэальнасьці, да таго, як сустракаюць Ціханоўскую ў Вашынгтоне, які ўзровень сустрэч.
Была павялічаная падтрымка ЗША для журналістаў і грамадзянскай супольнасьці з 8 да 30 мільёнаў. Гэта найбольшае павышэньне такіх бюджэтаў ва ўсім былым СССР Засталося зафіксаваць гэтую лічбу ў фінальнай вэрсіі бюджэту. ЗША гэта робіць таму, што разумеюць усю дынаміку таго, што адбываецца ў Беларусі і разумеюць, што гэта ня скончылася».
«Цэнтральная роля ЗША — ціснуць на Лукашэнку»
Лукашэнка разумее сілу, ён разумее палітыкаў, якія гатовыя гэтую сілу практыкаваць. ЗША ў гэтым сэнсе глябальная сіла, якая не плянуе ніякіх ваенных крокаў датычна Беларусі, але ў сэнсе палітычнага ціску ЗША гатовыя і, думаю, будуць гэта рабіць, каб прыбраць Лукашэнку з палітычнай сыстэмы, бо ён прайграў выбары. Калі ён захоча ўдзельнічаць у новых выбарах, якія правядзе Ціханоўская па стандартах АБСЭ, то ён можа гэта зрабіць. Але, думаю, для яго самога гэта будуць непрыемныя вынікі сумленных выбараў.
ЗША могуць правесьці мадэрацыю. Яны могуць дапамагчы арганізацыйна правесьці круглы стол паміж старой намэнклятурай і камандай абранага прэзыдэнта разам з прадстаўнікамі або кансультантамі іншых палітычных сілаў. Цэнтральная роля ЗША — ціснуць на Лукашэнку, каб ён або ягонае атачэньне пачалі рэальны дыялёг.
«У ЗША журналісты, і палітыкі, ставяцца да Ціханоўскай як сапраўднага лідэра»
«Сьвятлана Ціханоўская хутка зьмяняецца і хутка вучыцца. Мне цяжка параўноўваць гэта з досьведам нейкіх эўрапейскіх палітыкаў, каб чалавек у такіх досыць экстрэмальных умовах навучаўся палітычнаму этыкету, дыпляматычным стандартам. Гэта падкупляе ня толькі людзей у Беларусі, але і ў ЗША. Яны разумеюць, што Ціханоўская — чалавек вельмі шчыры і чалавек, які выканае дамовы.
У нядзелю, калі яна сустракалася з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, людзі прыяжджалі сюды нават з Чыкага, а гэта 11 гадзінаў на машыне. Калі адзін хлопец спытаўся, а што я магу зрабіць, я ж просты беларус, яна адказала: «Я таксама простая беларуска, і гэта нашая агульная адказнасьць, што мы можам зрабіць». Тое, што яна робіць як чалавек, які не зьбіраўся быць палітыкам, які вырашыў пайсьці на прэзыдэнта, каб проста выцягнуць з турмы палітвязьняў і свайго мужа, заслугоўвае вялікай павагі. Гэтая пазыцыя ў ЗША адчувальная паўсюль. Да яе вельмі добра ставяцца і журналісты, і палітыкі, якія ставяцца да яе як да сапраўднага лідэра».